Беларуская Служба

У грамадстве запанаваў страх, звязаны з 5G-сеткай

06.06.2020 08:47
Праціўнікі 5G-сеткі палохаюць, што яна выклікае анкалогію, каранавірус, у лепшым выпадку склероз.
Maszt sieci 5G
Maszt sieci 5G13_Phunkod/ Shutterstock

У сваю чаргу навукоўцы супакойваюць, што сетка ніякім чынам нам не пагражае, а напэўна прынясе рэвалюцыйныя змены ў нашае жыццё.

Нашумелую апошнім часам тэму закранае тыднёвік Newsweek (Katarzyna Burda. Sieć strachów).

Гараць мачты і перадатчыкі 5G-сеткі ў Польшчы, Вялікабрытаніі, у Нідэрландах.

Зараз сетка пятага пакалення працуе на частотах ранейшых мабільных сетак. 5G самая хуткая, аднак, для таго, каб забяспечыць трансфер велізарнай колькасці даных, патрэбна больш высокія частоты. Таму ў будучыні плануецца запусціць новую інфраструктуру 5G на мікрахвалевых частотах, патлумачыў спецыяліст па телекамунікацыі доктар Яцэк Вшолек. Гэтыя частоты дагэтуль не выкарыстоўваліся, бо сігнал заглушаюць збудаванні, дрэвы і нават паветра. Дзеля таго, каб забяспечыць перадачу на высокіх частотах і добры рабочы дыяпазон, аператары павінны стварыць густую сетку перадатчыкаў, даслоўна праз некалькі сотняў метраў, зазначае доктар Вшолек.

- Дагэтуль не публікаваліся вынікі навуковых даследаванняў, якія паказвалі б, што хвалі мабільных сетак небяспечныя для чалавека, – кажа спецыяліст.

Аднак, прыхільнікі тэорыі аб шкодным уздзеянні мікрахваль на чалавека, спасылаюцца на даследаванні, якія праводзіліся на жывёлах і на чалавечых клетках.

– Гэтыя даследаванні сапраўды пацвярджаюць негатыўны ўплыў мікрахваль на працу клеткі, аднак, нельга іх абагульняць на цэлы арганізм чалавека. Нашае цела стварыла шэраг абарончых і папраўчых механізмаў, якія ліквідуюць шкодны ўплыў разнастайных чыннікаў на клеткі. Таму, тое што шкодзіць адзінкавай клетцы, не абавязкова павінна выклікаць хваробы, – сказаў тыднёвіку Newsweek спецыяліст па радыяцыі прафесар Марэк Змысьлёны.

Аднак, польскі вучоны не згодзен з Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, якая не бачыць пагроз для здароўя людзей, выкліканых тэхналогіяй 5G.

Прафесар Змысьлёны адзначае, што мікрахвалевае выпраменьванне даўжынёй у некалькі міліметраў затрымліваецца на скуры, а гэта вельмі важны орган, і не вядома, як адрэагуе арганізм на працяглае ўздзеянне гэтых хваль.

Паводле тыднёвіка Newsweek, больш небяспечнымі для нас з'яўляюцца доўгія гутаркі па тэлефоне, калі мы прыкладаем апарат да вуха. Японскія вучоныя пацвердзілі сувязь паміж інтэнсіўным карыстаннем тэлефонамі і злоснай пухлінай мозгу. Аднак, даследаванні іншых даследчыкаў, у тым ліку еўрапейскіх, не пацвердзілі гэтых вынікаў.

яс