Беларуская Служба

Еўрапейцы расчараваныя паводзінамі ўладаў ЕС падчас пандэміі

30.06.2020 14:31
Здавалася, што павысіцца падтрымка для дзяржавы, вернецца давер да экспертаў, але так не сталася.
Ілюстрацыйны здымакwww.pixabay.com/geralt/CC0 Creative commons

Глыбокае расчараванне – так у некалькіх словах можна назваць настрой еўрапейцаў падчас пандэміі каранавіруснай інфекцыі – піша Gazeta Wyborcza. Гэтак сітуацыя выглядае ў апытанні грамадскай думкі, якое адбылося па замове Еўрапейскай рады міжнародных адносінаў. Апытанне было праведзена ў красавіку, між іншым, у Францыі, Германіі, Польшчы, Італіі, Іспаніі, Партугаліі ды Балгарыі.

Здавалася, што дзякуючы пандэміі павысіцца падтрымка для большай ролі дзяржавы, вернецца давер да экспертаў. Аказалася, што гэтыя тэзісы сябе не апраўдалі – пішуць аўтары апытання. Еўрапейцам не падабаецца, што крызіс паказаў адсутнасць еўрапейскай салідарнасці і адзінага адказу, а таксама яны скептычна ставяцца да дзеянняў дзяржаўных уладаў. Тым не менш, рашучая большасць апытаных перакананыя, што неабходнае больш блізкае супрацоўніцтва ў рамках ЕС.

«Актуальны крызіс – гэта, бадай, самы вялікі грамадскі эксперымент нашых часоў, – адзначаюць аўтары дакладу. – Невядома, калі і як ён скончыцца. Еўрапейскія лідары павінны знайсці адзіны адказ на падобныя надзвычайныя здарэнні, каб людзі падтрымалі тое, што робяць улады. Яны павінны зразумець, як COVID-19 змяніў (або не змяніў) боязі і спадзяванні еўрапейцаў».

Вялікі адсотак жыхароў ЕС мяркуе, што падчас эпідэміі іх дзяржава засталася ў цяжкім становішчы без хаўруснікаў. У Польшчы так мяркуе прыкладна адна трэцяя апытаных. У сваю чаргу толькі 4% італьянцаў адчуваюць, што Еўрапейскі Саюз быў хаўруснікам Італіі падчас пандэміі.

Пры гэтым аўтары дакладу супакойваюць, што, нягледзячы на расчараванне паводзінамі ўладаў Еўрапейскага Саюзу, жыхары Еўропы далёкія ад меркавання, што ЕС зусім не патрэбны. Больш за 60% апытаных мяркуюць, што гэта павінен быць урок на будучыню, а еўрапейскія ўрады павінны бліжэй супрацоўнічаць, асабліва ў барацьбе з крызісамі.

нг