Беларуская Служба

88 гадоў таму нарадзіўся славуты польскі кампазітар Войцех Кіляр

19.07.2020 18:26
Войцех Кілер – аўтар музыкі да вядомага оскараноснага «Піяніста» Рамана Палянскага і да дзясяткаў іншых фільмаў.
Okładka płyty
Okładka płytymateriały prom./Julia_Luzina (Shutterstock)

88 гадоў таму нарадзіўся славуты польскі кампазітар Войцех Кіляр. Яго сімфанічная музыка ды музыка да фільмаў вядомыя далёка па-за межамі Польшчы.

Войцех Кіляр нарадзіўся 17 ліпеня 1932 года ў Львове. Як вядома, у час паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі Львоў уваходзіў у склад Польшчы і быў адным з важнейшых навуковых і культурных цэнтраў краіны.

Будучы кампазітар нарадзіўся ў сям'і львоўскай інтэлігенцыі – яго бацька быў лекарам, а маці – тэатральнай актрысай. З дзяцінства Войцех хадзіў на прыватныя ўрокі музыкі.

Пасля вайны яго сямʼя пакінула Львоў і пераехала ў Польшчу. Пасля заканчэння музычнага ліцэя ў горадзе Катавіцы будучы кампазітар паступіў у Катавіцкую дзяржаўную вышэйшую музычную школу, якую закончыў з чырвоным дыпломам у 1955 годзе.
Пасля заканчэння вучобы да 1958 года працаваў у Кракаўскай дзяржаўнай музычнай акадэміі. Выязджаў на стажыроўкі ды вучобу ў замежныя краіны, для прыкладу, у Заходнюю Германію, ЗША, Італію, Францыю. Несумненна, замежныя паездкі аказалі ўплыў на Войцеха Кіляра ў яго станаўленні як кампазітара сімфанічнай музыкі і музыкі да фільмаў.

Яго дэбют выпаў на канец 1950-х гадоў на фестывалю «Варшаўская восень» – адным з буйнейшых і прэстыжнейшых у Польшчы і вядомым у Еўропе. Першапачаткова Кіляр знаходзіўся пад уплывам польскага і еўрапейскага неакласіцызму, аднак пазней кампазітар пачаў звяртацца да класічных музычных формаў. Супрацоўнічаў з іншымі вядомымі польскімі кампазітарамі – Кшыштафам Пэндэрэцкім і Генрыкам Гурэцкім.

Кіляр найбольш вядомы як кінакампазітар. Ён зʼяўляецца аўтарам музыкі больш чым 130 фільмаў, пастаўленых такімі знакамітымі рэжысёрамі, як Казімеж Куц, Войцех Хас, Кшыштаф Занусі, Ежы Гофман, Раман Палянскі, Януш Маеўскі.

Акрамя польскіх фільмаў, Кіляр пісаў музыку да многіх карцін вядомых рэжысёраў Еўропы і Амерыкі, уключаючы Фрэнсіса Форда Копалу (фільм «Дракула», 1992 год). Без музыкі Кіляра цяжка ўявіць сабе знакаміты алегарычны фінал анімацыйнага фільма Поля Грымо «Кароль і птушка», а таксама не менш знакаміты рэфрэн «Спазненне на цягнік« з карціны Кшыштафа Кесьлёўскага «Выпадак». У меладраме Ежы Гофмана «Пракажонная» музыка спрыяе пераадоленню прамалінейнасці сюжэту, узвышае тое, што адбываецца, да ўзроўню экзістэнцыяльнай драмы.

Войцех Кілер – аўтар музыкі да вядомага оскараноснага «Піяніста» Рамана Палянскага і да дзясяткаў іншых фільмаў. Ён пісаў музыку для Кшыфтафа Занусі, Анджэя Вайды, Рамана Палянскага, Джэймса Грэя, Ежы Штура, Пітэра Уіра і іншых вядомых рэжысёраў. Войцех Кіляр напісаў музыку да такіх вядомых кінастужак, як «Шоў Трумана», «Дзявятыя вароты», «Пан Тадэвуш» і інш.

Памёр вялікі кампазітар ва ўзросце 81 года 29 снежня 2013 года ад пухліны галаўнога мозгу. Пахавалі Войцеха Кіляра ўжо ў 2014 годзе. Пахаваны ў горадзе Катавіцы.

вс

на відэа: вальс з фільму «Пракажонная»


Больш на гэтую тэму: Машына часу