Беларуская Служба

Польскія СМІ падсумоўваюць чатыры месяцы беларускага супрацьстаяння

07.12.2020 16:23
120 - столькі часу беларусы выходзяць на вуліцы, што надалей асвятляецца ў замежных СМІ
Затрыманні на адным з мінскіх пратэстаўPAP/EPA/STRINGER

Беларускі пратэст надалей уражвае і не сыходзіць з палосаў польскіх СМІ. Gazeta Wyborcza ў сваім панядзелкавым выданні апісвае нядзельныя пратэсты, якія адначасова з’яўляліся 120 днём пастаяннага супрацьстаяння беларусаў рэжыму Лукашэнкі. Пратэсты гэтым разам мелі лакальны характар, і ўжо каторую нядзелю запар людзі не збіраліся ў адну калону, каб прайсці па сваіх гарадах. Нягледзячы на гэта, сілавікі вырашылі блакаваць і ўваходы ў асобныя двары, каб не дазволіць на мірны сход пратэстоўцаў.

З’явілася таксама інфармацыя пра блакіроўку інтэрнэту і тэлеграма ў некаторых частках краіны, у асноўным у сталіцы. Gazeta Wyborcza інфармуе таксама пра чарговыя дзясяткі затрыманых, сярод каторых была вядомая 73-гадовая Ніна Багінская, а таксама непаўнагадовыя.

Дадаткова, польская газета звяртае ўвагу на рэакцыю Святланы Ціханоўскай на падзеі ў краіне. Лідарка беларускага пратэсту заявіла аб сваёй гатовасці пераняць уладу ў краіне ў пераходны перыяд, а таксама даслала ліст Папе рымскаму Францішку, у якім просіць яго маліцца за Беларусь і беларускі народ. Чарговай асобай, якая звярнулася да сусветных лідараў, з’яўляецца Святлана Алексіевіч, каторая выступала на саміце ААН, на каторым папрасіла стварыць адмысловы механізм па даследаванні таго, што адбываецца ў Беларусі. Польскія газеты пішуць таксама пра чарговыя затрыманні журналістаў і пагрозы рэальных тэрмінаў зняволення для некаторых з іх.

Gazeta Wyborcza/аев