Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Дзве польскія ВНУ адчыняюць два факультэты для беларускіх студэнтаў

09.12.2020 12:36
Прапанова адрозьніваецца тым, што навучанне будзе праходзіць анлайн. 
Аўдыё
  • Дзве польскія ВНУ адчыняюць два факультэты для беларускіх студэнтаў
zdj. ilustracyjne
zdj. ilustracyjneAlexas_Fotos/pixabay.com/CC0

Група беларускіх выкладчыкаў выступіла з ініцыятывай стварэння магчымасці атрымання еўрапейскай адукацыі студэнтамі без неабходнасці іміграцыі з краіны. Набор на навучанне пачынаецца ў сярэдзіне снежня. 

Фонд «Акно на Усход» заключыў дамову з дзвюма польскімі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі на адкрыццё спецыяльнасцяў для студэнтаў з Беларусі. Гэта Вышэйшая школа фінансаў і прадпрымальніцтва ў Беластоку (www.wsfiz.edu.pl) і Вышэйшая школа кадраў менеджарскіх у Коніне, філіял у Беластоку (www.wskm.edu.pl/bialystok).

Каардынатар ініцыятыўнай групы, доктар гістарычных навук Святлана Куль-Сяльверстава, якая ў дадзены момант працуе прафесарам Беластоцкага тэхналагічнага ўніверсітэту, расказвае, хто можа вучыцца на новых факультэтах, а таксама хто будзе выкладаць:

-Выкладаць будуць беларускія выкладчыкі на беларускай, рускай і ў канцы па англійскай мове. Мы не абмяжоўваемся беларускімі студэнтамі. Мы запрашаем і мігрантаў, і грамадзян іншых краін. Хоць перавагу мы будзем аддаваць студэнтам з Беларусі. Чым мы адрозніваемся ад іншых ініцыятываў? У нас будзе дыстанцыйнае навучанне. Можна не выязджаць з Беларусі, а быць студэнтам за мяжой. Прычым, гэта студэнт стацыянара, гэта прынцыпова. Ён мае прывілеі і абавязкі студэнта стацыянара (візы, адтэрміноўка ад войска). У канцы студэнт атрымлівае дыплом ВНУ, якая адкрыла спецыяльнасць. Гэта нармальны еўрапейскі дыплом. Можна вучыцца далей. Гэтыя ВНУ ўключаныя ў Балонскую сістэму.

Ініцыятыва стварэння новых факультэтаў выйшла ад беларускіх выкладчыкаў. Паводле Святланы Куль-Сяльвестравай, яна створаная на доўгатэрміновую перспектыву. Праўда, не вядома, як будзе развівацца і сітуацыя ў Беларусі, і пандэмія, але, паводле нашай суразмоўцы, будучыня за дыстанцыйным навучаннем.

-Паколькі гэта ні грант, ні праект пад канкрэтную суму, то на гэтым этапе мы ставім на платнае навучанне. Інакш мы проста не можам зрабіць. Адзінае, мы паставілі мэту, каб гэта не было больш за 1 тысячу еўра ў год. Да нас паступленне без экзаменаў, толькі патрэбны адпаведны атэстат.

Плануецца, што ў сярэдзіне снежня пачнецца набор студэнтаў па дзвюх спецыяльнасцях – «Адміністрацыя і менеджмент» і «Менеджмент у тэле-медыях і СМІ». Запланавана навучанне ў межах І ступені – бакалаўрыят (3 гады). Пачатак заняткаў – сакавік. Практыкі, якія мусяць прайсці студэнты, будуць ажыццяўляцца ў Беларусі і часткова – у Польшчы.

Ініцыятыўная група выкладчыкаў з Беларусі налічвае больш за 50 чалавек, у тым ліку, 6 прафесараў і 30 кандыдатаў навук. Усе маюць значны педагагічны вопыт. Сябрамі групы з’яўляюцца, у тым ліку, Генадзь Коршунаў, Юлія Чарняўская, Таццяна Сініца і іншыя знакавыя для беларускай навукі і культуры асобы.

Галоўная мэта стварэння такой адукацыйнай платформы, па словах Святланы Куль-Сяльвестравай, каб з Беларусі не ўцякалі разумныя людзі.

-Каб не выязджалі ні нашыя дзеці, ні выкладчыкі, каб яны не былі вымушаныя міграваць. Другое, у нас будзе моцнае студэнцкае кіраванне. Будзе кантроль за якасцю выкладання з боку студэнтаў. Каб была супольнасць выкладчыкаў і студэнтаў.

На 2021 г. запланавана адкрыццё спецыяльнасцяў «Міжкультурныя камунікацыі і міжнароднае права» і «Дэфекталогія і дзіцячая псіхалогія». Маецца магчымасць павысіць кваліфікацыю на праграмах МБА і магістарскіх праграмах.

ав