Беларуская Служба

У Польшчы пройдзе ўсеагульны страйк студэнтаў і вучняў

08.12.2020 14:51
Моладзі і вялікай частцы выкладчыкаў не падабаецца палітыка кансерватыўна-каталіцкага міністра адукацыі.
Przemysław Czarnek
Przemysław CzarnekBartlomiej Wojtowicz/REPORTER
Заўтра ў Польшчы адбудзецца ўсеагульны страйк студэнтаў і вучняў. Маладыя людзі плануюць адмовіцца ад удзелу ў занятках і выйсці на вуліцы, каб выказаць свой пратэст супраць новага міністра адукацыі Пшэмыслава Чарнэка. Як піша Gazeta Wyborcza, да страйку далучаюцца не толькі навучэнцы, але і пераважная частка настаўнікаў і выкладчыкаў ВНУ. Петыцыю аб адкліканні кансерватыўна-каталіцкага міністра Чарнэка ініцыяваў адзін з працаўнікоў лепшага польскага ўніверсітэта - кракаўскага Ягелонскага, - доктар Павал Дыбала. 17 лістапада патрабаванне з 90 тысячамі подпісаў была перададзена ў польскі парламент. У сувязі з адсутнасцю рэакцыі дэпутатаў, арганізатары вырашылі распачаць страйк.
Студэнты і вучні прапануюць аднак актыўную форму страйку – замест таго, каб удзельнічаць у занятках, якія ўсё роўна адбываюцца дыстанцыйна, прапануюць папрыбіраць лес, здаць кроў або падтрымаць прадпрыемствы, якія з-за пандэміі знаходзяцца ў складанай сітуацыі.
Да страйку студэнтаў далучаюцца і арганізатары страйку жанчын, які больш за месяц таму сабраў на польскіх вуліцах сотні тысяч людзей. Тады да пратэсту далучаліся і студэнты, і выкладчыкі, за што на некаторых былі заведзеныя адміністрацыйныя справы. Новы міністр адукацыі сказаў, што справа кожнага настаўніка і выкладчыка, які заклікаў сваіх вучняў выходзіць на вуліцы ў час пандэміі, будзе разгледжаная адукацыйнымі ўладамі. Паводле міністэрства, заклікі палітычнага характару не павінны мець месца ў школах, якія павінны быць пляцоўкамі дыялогу.
Тым часам тыя, хто плануе далучыцца да страйку, кажуць, што не баяцца прагуляць заняткаў. Большую пагрозу бачаць у тым, што кансерватыўна-каталіцкі міністр застанецца на сваёй пасадзе.
 
аев