Беларуская Служба

Рэжым Лукашэнкі прыдумоўвае новыя спосабы, каб запалохаць беларусаў

09.12.2020 12:01
Праваабаронцы падкрэсліваюць, што ўжыванне катаванняў на розных этапах следства стала ў Беларусі шырока распаўсюджаным.
  .
Пратэсты ў Беларусі.PAP/EPA/STR

Не толькі збіццё і здзек у зняволенні, абсурдныя абвінавачванні і прысуды, але таксама публічная дыскрэдытацыя – гэткія метады выкарыстоўвае рэжым Аляксандра Лукашэнкі, каб здушыць пратэсты ў краіне, піша Вікторыя Беляшын у артыкуле, змешчаным у выданні Gazeta Wyborcza.
 
Больш за 300 затрыманых чалавек, дзясяткі збітых, восем шпіталізаваных з траўмамі, нанесенымі функцыянерамі АМАП-у. Так праваабарончы цэнтр „Вясна” падсумаваў „Маршу волі”, які ў апошнюю нядзелю прайшоў у Мінску. Паводле праваабаронцаў, наймалодшай удзельніцы акцыі было 13, a старэйшай - 79 гадоў.

У панядзелак МУС Беларусі паведаміла, што ў дачыненні да ўсіх затрыманых распачатыя адміністрацыйныя справы за „парушэнне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў”. Прадстаўнікі ведамства заявілі таксама, што праца над высвятленнем асобаў удзельнікаў акцыі працягваецца і толькі на мінулым тыдні гэта ўдалося ў дачыненні да больш за 80 чалавек.

Ахвярамі такіх спраў, якія даюць уладам вялікую магчымасць для маніпуляцыі і сфабрыкавання абвінавачванняў, становяцца тысячы беларусаў. Мэта ўзбуджэння адміністрацыйных і крымінальных спраў - запалохаць пратэстоўцаў і адбіць у людзей ахвоту ўдзельнічаць у далейшых акцыях пратэсту.

На паказальных працэсах найперш асуджаюць тых, хто, акрамя выхаду на вуліцу, дазволіў сабе зрабіць дадатковы жэст, які сведчыць пра негатыўнае стаўленне да беларускага рэжыму. За апошнія дні беларускія суды разгледзелі некалькі такіх спраў, у тым ліку справу беларускі са швейцарскім грамадзянствам. 19 верасня Наталля Гершэ прыняла ўдзел у жаночай акцыі пратэсту, падчас якой сарвала з функцыянера балаклаву. Прысуд па ейнай справе быў вынесены ў апошні панядзелак. Жанчына была асуджана на 2,5 гадu пазбаўлення волі. Гэта толькі адзін са шматлікіх прыкладаў.

Беларускія ўлады, акрамя катаванняў, збівання і абсурдных абвінавачванняў, таксама спрабуюць зламаць супраціў пратэстоўцаў інакш. Напрыклад, яны прымушаць затрыманых запісваць ролікі, на якіх публічна прызнаюць свае памылкі.

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што ўжыванне катаванняў на розных этапах следства і працэсу стала шырока распаўсюджаным у Беларусі. Збіваюць і падвяргаюць катаванням не толькі ў арыштах, але таксама падчас допытаў. Функцыянеры прымушаюць людзей, каб яны давалі паказанні супраць сябе. Самыя папулярныя абвінавачванні гэта: „удзел у масавых беспарадках”, „аказанне супраціву супрацоўнікам праваахоўных органаў”, „хуліганства” і „парушэнне грамадскага парадку”.  Вельмі часта вынікам такіх допытаў з’яўляюцца чэрапна-мазгавыя траўмы, раны, пераломы, страсенне мозгу і сінякі, чытаем у выданні Gazeta Wyborcza.


аз