„Гэта былі дзесяцігоддзі працы, гэта быў працэс, у выніку якога сёння палітычна некарэктна называць нямецкія злачынствы нямецкімі злачынствамі”, - кажа гісторык прафесар Богдан Мусял у інтэрв'ю PAP, якое прыводзіць старонка dziennik.pl.
Такім чынам эксперт каментуе змену рыторыкі ў заходняй публічнай прасторы, дзе нямецкія злачынствы часоў Другой сусветнай вайны сталі называць нацысцкімі.
Паводле яго, пасля стварэння Федэратыўнай Рэспублікі Германія, калі пачаліся дыскусіі наконт уступлення Германіі ў НАТА, трэба было прыдумаць, што зрабіць з тэрмінам „нямецкія злачынствы”, і як замяніць яго тэрмінам „злачынствы нацыстаў”.
Згаданае паняцце было, перш за ўсё, нямецкім, айчынным „прадуктам”. Немцы выкарыстоўвалі яго для апісання людзей, якія былі ў Нацыянал-сацыялістычнай нямецкай рабочай партыі - асабліва тых, хто займаў у ёй кіроўныя пасады.
„Заходнія краіны, такія як Францыя, Вялікабрытанія, ЗША, таксама пачалі з часам выкарыстоўваць гэты тэрмін, менавіта па палітычных прычынах(…). У Федэратыўнай Рэспубліцы Германіі таксама разумелі, што ім выгадна выкарыстоўваць тэрмін „нацысты” для ўтойвання нямецкіх злачынстваў. Гэта змяніла імідж Германіі”, - сказаў Мусял.
Паводле яго, увесь працэс семантычнай трансфармацыі тэрміну „нямецкія злачынствы” ў „нацысцкія злачынствы” працягваўся дзесяцігоддзямі. У выніку такая рэканструкцыя паняццяў дазваляе цяпер размыць адказнасць.
„Сёння немцы называюць нацыстамі ўсіх, хто супрацоўнічаў з Трэцім Рэйхам падчас вайны, асабліва ў адносінах да краін Усходняй Еўропы, таму што, напрыклад, французаў і бельгійцаў так не называюць”, - канстатуе эксперт.
У Польшчы гэты працэс стаў больш інтэнсіўным пасля падзення камунізму ў 1989 годзе. Раней у краіне дзейнічаў тэрмін „гітлераўцы”, які з 1949 года па загадзе Масквы сістэматычна ўводзіўся ў краінax Усходняга блока. Толькі з падзеннем камунізму ў Польшчы ўсё часцей сталі выкарыстоўваць тэрмін „нацысты”, то бок заходнюю версію тэрміна „гітлераўскі”.
Гаворка ішла пра дэгерманізацыю нямецкіх злачынстваў, шляхам называння іх нацысцкімі, гітлераўскімі, фашысцкімі, а не нямецкімі, канстатуе прафесар Мусял.
Адказваючы на пытанне аб магчымасці спыніць маніпуляцыі паняццямі, прафесар сказаў, што палякі павінны ўсведамляць, што гэта былі нямецкія і нацыянал-сацыялістычныя злачынствы.
„Нянавісць і пагарда да палякаў, не была чымсьці новым, яна існавала незалежна ад нацыянал-сацыялізму. Гэта не Гітлер прыдумаў ідэю знішчыць Польшчу, гэта была іх мэта раней, але Гітлер пайшоў значна далей. Мы павінны гэта ведаць.”, - адзначыў гісторык прафесар Богдам Мусял.
аз