Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Якой будзе новая Беларусь?

11.12.2020 17:13
Беларусь будучыні, названая Новай Беларуссю, гэта праект перадусім абуджанага грамадства, якое ўбачыла сваю сілу і моц.
Аўдыё
  • Будучыня Беларусі вызначаецца сёння, у дварах, на заводах і ў дамах.
Здымак мае ілюстрацыйны характарФота: Альберт Ежы Вяжбіцкі

На мінулым тыдні прайшла чарговая сустрэча эксперцка-аналітычнага клуба па справах Беларусі. Гэтым разам беларускія і замежныя адмыслоўцы пастараліся адказаць на пытанне: якой стане новая Беларусь?

Шэраг спецыялістаў, сярод якіх былі навукоўцы, палітолагі, грамадзянскія дзеячы і прадпрымальнікі, разважалі на згаданую тэму, адказваючы адначасова на пытанні журналістаў. Сярод розных меркаванняў варта вылучыць досыць не вельмі папулярную думку вядомага палітолага Андрэя Ягорава. Ён мяркуе, што насамрэч Беларусі не будуць патрэбныя раптоўныя перамены, якімі грамадства страшыць дзяржпрапагандай.

-Тое, што пройдзе ў Беларусі, калі рэвалюцыя пераможа, не дакранецца штодзённага жыцця большасці людзей. Гэта значыць не будзе і ні рэзкага павышэння дабрабыту, ні яго заняпаду. У цэлым тое, чым займаюцца людзі, не зменіцца ў 90% выпадкаў. Яны будуць займацца тымі самымі справамі, якімі займаліся дагэтуль, будуць працаваць на тых жа пасадах, прадпрыемствах. Чыноўнікі застануцца на сваіх месцах і будуць вырашаць падобныя праблемы, як і зараз. І агулам гэта ў малой ступені закране людзей. Але зменяцца сістэмныя правілы гульні, якія заключацца будуць у дастаткова дакладных і ясных заканадаўчых правілах і ўвядзенні вяршынства законаў. У выніку тое, што сёння дзейнічае паводле меркавання індывідуальнага чалавека, пачне працаваць паводле таго, як працуюць самыя інстытуцыянальныя правілы. І гэта зменіць характар палітычнай сістэмы, якая існуе, а ў выніку гэта прывядзе да зусім іншага грамадска-палітычнага ўпарадкавання.

Калі з аднаго боку працэсы ўнутры сістэмы і змаганне з недахопамі цяперашняга ладу не так моцна закране звычайнага жыхара Мінску, Магілёва, Слоніма або любой іншай кропкі краіны, то ёсць галіна, якая ўплывае ледзь не на кожнага. Гаворка ідзе пра феномен беларускага пратэсту, якім стала фармаванне лакальных і дваравых суполак. Людзі, якія да жніўня зусім не ведалі адзін аднаго, зараз склікаюцца разам на мітынгі, сустрэчы, дваравыя імпрэзы. Такі феномен вельмі важны ў фармаванні грамадскай супольнасці гэтак званай Новай Беларусі, мяркуе Ганна Казлова.

-Я гляджу на тое, што зараз адбываецца ў Беларусі, з пункту гледжання фармавання дваравых супольнасцей. Паколькі я з’яўляюся арганізатарам канферэнцый TEDex у Беларусі, то для гэтай арганізацыі якраз падтрымка і фармаванне лакальных суполак вельмі важная. І тое, што я бачыла яшчэ да пачатку палітычнага крызіса, разам з пачаткам эканамічнага і каранавіруснага крызіса – гэта сапраўдны скок у пабудове і функцыянаванні грамадзянскай супольнасці ў краіне. І гэтыя людзі перанялі на сябе функцыі дзяржавы, якая не спраўляецца са сваімі задачамі. Мы бачылі, як вясной ішлі зборы грошай і як валанцёры дапамагалі ўрачам, хворым. І тое ж працягвалася ўлетку і ўвосень. Тое, што прама бачна – поўная неэфектыўнасць існуючых афіцыйных інстытуцый. Гэта ў першую чаргу інстытуцыі аховы здароўя і камунікацыі. І адпаведна развіваецца ўплыў нефармальных інстытуцый у гэтай галіне. У выніку за гэты год, за лета і восень, кожны жыхар Беларусі стаў больш асвечаны, напрыклад, у юрыдычных пытаннях. Чаму? Таму што паўсталі дабравольныя, валанцёрскія арганізацыі, якія мэтанакіравана займаліся камунікацыяй у гэтай вобласці, юрыдычнай асветай.

У згаданай атмасферы перамен і фармавання новых інстытуцый, супольнасцей і альтэрнатыўных аб’яднанняў варта спыніцца і падумаць, да чаго гэта вядзе? А паводле шматлікіх прадстаўнікоў беларускага грамадства – гэта вядзе да Новай Беларусі. Чым ёсць Новая Беларусь? Або чым будзе? На гэтае пытанне стараўся адказаць прэс-скаратар Каардынацыйнай Рады Антон Раднянкоў.

-Пра што мы тут казалі – гэта тое, што беларускія ўлады, беларуская дзяржава не здолела пабудаваць нейкую зразумелую дзяржаўную ідэалогію. Яны не здолелі прапанаваць вобраз будучыні краіны. Абяцанні праграмы Лукашэнкі ўзніклі ў 2015 годзе і пасля гэтага было ўжо ўсім зразумела, што ён не можа ўсім паказаць, як ён бачыць развіццё краіны, і даць накірунак гэтай будучай краіне. І ў гэтай сітуацыі грамадзянская супольнасць сама стварыла для сябе нейкі вобраз. Зараз гэта людзі называюць Новая Беларусь. З’явіўся такі тэрмін. Гэты тэрмін з’явіўся і распаўсюдзіўся ў гэтым годзе. Першы раз, я памятаю, я пабачыў яго ў Валерыя Цапкалы, калі ён абвясціў, што будзе балатавацца ў прэзідэнты, і ў яго на сайце з’явіўся «маніфест Новай Беларусі». З таго часу гэта пачало распаўсюджвацца. Зараз шмат дзе, калі ты глядзіш, як людзі называюць, за што яны змагаюцца, яны кажуць, “мы змагаемся за Новую Беларусь”. Гэта значыць, што ў людзей пачынае стварацца нейкі вобраз. І гэты вобраз яны называюць Новай Беларуссю. Што гэта за вобраз і з чаго ён складаецца, мы, канешне, пакуль да канца не разумеем. Але ў людзей ёсць адчуванне, што яны разумеюць адну, нейкую рэч.

Такім чынам, Беларусь будучыні, названая Новай Беларуссю, гэта праект перадусім абуджанага грамадства, якое ўбачыла сваю сілу і моц. Эксперты маюць розныя думкі на гэты конт, але ўсе згаджаюцца ў тым, што змены хутчэй за ўсё непазбежныя, і з цяперашняга месца няма ўжо кроку назад. Стварэнне дваравых суполак і арганізацый, якія салідарызуюцца з калегамі па прафесіі ці займаюцца асветай грамадства, гэта прыкмета, якая дапаможа раней або пазней стварыць сапраўдную Новую Беларусь. А яе кшталт будзе вырашацца разам з усёй эвалюцыяй беларускага народа.

Альберт Ежы Вяжбіцкі