Беларуская Служба

Дзякуючы пандэміі адбыўся пераход у e-дзяржаву

18.01.2021 15:40
Палякаў, якія афармляюць дакументы анлайн ужо больш за 9 мільёнаў.
Здымак мае ілюстрацыйны характарPixabay licence

Дзякуючы пандэміі каранавіруса, павялічылася выкарыстанне электронных тэхналогій у галіне аказання дзяржаўных паслуг – інфармуе Dziennik Gazeta Prawna. З сакавіка 2020 года дзяржаўныя ўстановы Польшчы пачалі распрацоўваць або развіваць ужо існуючыя сістэмы электронных паслуг. Гэта тычыцца як лекарскіх візітаў, падавання заявак на дзяржаўную дапамогу для прадпрыемстваў, так і афармлення ўсіх відаў афіцыйных спраў.

У краіне існуе паслуга, якая называецца «даверчы профіль» (profil zaufany). Дзякуючы яму кожны грамадзянін можа аформіць любую адміністрацыйную працэдуру са свайго камп’ютара. Ён аўтарызуецца на некалькі спасобаў – па ідэнтыфікацыйнай карце, банкавым рахунку ды праверкай асобы ў установе. Зараз свой акаўнт у «даверчым профілі» мае больш за 9 мільёнаў палякаў, а кожнага дня больш за 10 тысяч людзей стварае сваю электронную афіцыйную старонку. Гэта выгадна як грамадзянам, так і самім установам. Першым не трэба стаяць у шматгадзінных чаргах, другім не трэба тлумачыць адной і той жа рэчы дзясяткі разоў за дзень, бо ўсё дакладна апісана на сайтах. Зараз «даверчым профілям» можна скарыстацца пры рэгістрацыі на вакцынацыю, таксама гэтай ды падобнымі сістэмамі карыстаюцца дзяржустановы, што выплачваюць кампенсацыі фірмам, якія пацярпелі ў выніку лакдаўну. Гэтай магчымасцю ў першым тэрміне скарыстала 390 тысяч прадпрыемстваў, зараз адбываецца праверка перад выплатай чарговых кампенсацый.

Пераход у анлайн-фармат быў вялікім выклікам для дагэтуль традыцыйных установаў, аднак, як паказваюць вынікі, яны справіліся з задачай. Зараз палякам не трэба планаваць дня пад візіт у афіцыйнай установе, а яны змогуць аформіць амаль усе афіцыйныя справы праз інтэрнэт у свабодную хвіліну, з уласнага дому. І хаця развіццё тэхналогій для бюракратычных спраў і дзяржустановаў распрацоўвалася ўжо некалькі гадоў, то менавіта 2020 і каранвірус стаў сапраўдным штуршком для, з аднаго боку, іх развіцця, а з іншага, для пераканання людзей аб карыснасці такога выхаду з сітуацыі – чытаем у выданні Dziennik Gazeta Prawna.

Dziennik Gazeta Prawna/аев