Беларуская Служба

Праца над польскай вакцынай супраць COVID-19 нерэнтабельная

03.03.2021 14:07
Нават, калі б улады знайшлі на гэта грошы, то польская вакцына паявілася б на рынку занадта позна.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:qimono/pixabay.com/CC0 Public Domain

Нельга чакаць польскай вакцыны супраць COVID-19. Падрыхтоўка прэпарата можа каштаваць нават  некалькі соцень мільёнаў злотых, а на рынку, усё роўна, ён з'явіцца занадта позна, канстатуе Dziennik Gazeta Prawna.

Праблемы з пастаўкамі вакцынаў прычыніліся да таго, што ў апошнія дні шмат гаварылася пра „польскую прышчэпку” супраць каранавіруса. Аднак, паводле газеты, на такі прэпарат, распрацаваны ў айчынных лабараторыях і рэалізаваны польскай прамысловасцю,  няма шанцаў. Прычын некалькі.

Па-першае, гэта велізарны кошт. Старшыня Польскай асацыяцыі працадаўцаў фармацэўтычнай прамысловасці Кшыштаф Копэць ацэньвае, што запуск вытворчых ліній можа каштаваць некалькі дзясяткаў, а нават некалькі соцень мільёнаў злотых. Гэтыя грошы павінна выдзеліць дзяржава.

Наступная праблема – гэта час. „На спецыялізаванае абсталяванне трэба чакаць нават  шэсць-дзевяць месяцаў. Затым абсталяванне павінна быць праверана і кваліфікавана, што займае яшчэ тры-шэсць месяцаў”, - кажа Копэць. Такім чынам, нават калі б урад зараз знайшоў грошы, то вытворчасць вакцыны магла б стартаваць не раней чым праз год. Тады, паводле прагнозаў, пандэмія павінна ўжо скончыцца.

Падсумоўваючы, польскі прэпарат каштаваў бы вялікія грошы і выйшаў бы на рынак вельмі позна, а гэта азначае, што ён не знайшоў пакупнікоў, канстатуе Dziennik Gazeta Prawna.


аз