Беларуская Служба

Сямейныя памяткі могуць стaць музейнымi экспанатамі

09.04.2021 10:42
У віртуальнай прасторы ўзнікне Музей памяці Польскай падпольнай дзяржавы.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:Engin_Akyurt /pixabay.com/CC0 Public Domain

У віртуальнай прасторы ствараецца Музей памяці Польскай падпольнай дзяржавы. Гэта ўнікальная ініцыятыва, якая пакажа незвычайны і складаны характар польскага супраціву. Музей, які ўзнікне на сайце Tajnepanstwo.pl,  заклікае ўсіх палякаў удзельнічаць у падрыхтоўцы выставы, інфармуе Gazeta Polska Codziennie.

Выданне нагадвае, што „польскі рух супраціву падчас Другой сусветнай вайны – гэта з'ява сусветнага маштаба”. 400 тысяч падпольных жаўнераў, 50 тысяч чыноўнікаў, 1,5 мільёна навучэнцаў сакрэтных школаў і найбуйнейшае ў Еўропе падпольнае выдавецтва – гэта безумоўна робіць уражанне.

Планаваны віртуальны музей будзе даступны кругласутачна з любой кропкі свету на дзвюх мовах: польскай і англійскай. Тут можна будзе знайсці аповеды пра ўзброеную барацьбу, разведслужбу, сакрэтную сістэму адукацыі, падпольныя публікацыі, адміністрацыйную працу, сацыяльную дапамогу альбо планы па аднаўленні краіны пасля вайны.

Паводле  Войцеха Дамброўскага - старшыні кампаніі PGE, якая з'яўляецца донарам праекта, гісторыя польскай падпольнай дзяржавы - гэта натхняльны аповед пра гераізм, патрыятызм і грамадзянскую мужнасць палякаў пад нямецкай акупацыяй.

„Гэты музей ушануе памяць усіх, хто рызыкаваў сваім жыццём і жыццём сваіх блізкіх, не толькі са зброяй у руках, але таксама выконваючы грамадзянскія абавязкі ў адносінах да Радзімы”, - сказаў Дамброўскі. Ён таксама заклікаў палякаў уключыцца ў стварэнне выставы.

Па дадзеных газеты, музей павінен быць адкрыты ў 2022 годзе. У цяперашні час праводзіцца аблічбоўка гістарычных дакументаў з прыватных калекцый, музеяў і архіваў як у краіне, так і за мяжой.

аз