Беларуская Служба

Удзельнік Паўстання ў Варшаўскім гета: Мы самі абралі шлях сваёй смерці

19.04.2021 15:04
Адзін з паўстанцаў гета Сімха Ратайзер-Ротэм праз шмат гадоў успамінаў, што выбух паўстання быў апошнім актам трагедыі габрэяў, якія вырашылі, што хочуць памерці ў баі, а не ў газавых камерах.
Аўдыё
  • Адзін з паўстанцаў гета Сімха Ратайзер-Ротэм праз шмат гадоў успамінаў, што выбух паўстання быў апошнім актам трагедыі габрэяў, якія вырашылі, што хочуць памерці ў баі, а не ў газавых камерах
Oznaczenie lokalizacji muru warszawskiego getta
Oznaczenie lokalizacji muru warszawskiego gettaShutterstock.com / EQRoy

78 гадоў таму – 19 красавіка 1943 году ў Варшаўскім гета ўспыхнула паўстанне на чале з габрэйскімі падпольнымі ўзброенымі фармаваннямі. Паўстанне стала адказам на распачатую гітлераўцамі акцыю канчатковай ліквідацыі Варшаўскага гета, што было элементам плану па поўным знішчэнні еўрапейскіх габрэяў.

У гадаваіну пачатку Паўстання ў Варшаўскім гета Музей гісторыі польскіх габрэяў «Полін» штогод праводзіць адукацыйна-сацыяльную акцыю «Нарцысы». Сёлета з-за эпідэміі акцыя будзе весціся ў асноўным у Інтэрнэце.

Таксама сёлета ўпершыню лейтматывам акцыі сталі гісторыі жанчын-паўстанцаў, іх роля ў буйнейшым габрэйскім паўстанні і ў першым гарадскім паўстанні супраць нямецкіх акупантаў у акупаванай Еўропе. Габрэйкі падчас паўстання распаўсюджвалі нелегальную прэсу, займаліся параненымі, былі сувязнымі і змагаліся са зброяй у руках, як у самым гета, так і за яго мурамі.

Калі 19 красавіка 1943 года нямецкія войскі ўвайшлі на тэрыторыю гета, яго жыхары абсалютна нечакана аказалі ўзброены супраціў, арганізаваны Габрэйскай баявой арганізацыяй і Габрэйскім ваенным саюзам. Няроўны бой доўжыўся чатыры тыдні. Паводле розных падлікаў, са зброяй у руках з акупантам змагаліся ад 700 ды 2000 тысяч габрэяў. Кожны дзень яны змагаліся супраць двух тысяч добра ўзброеных нямецкіх салдат з атрадаў СС, Вермахта, паліцыі бяспекі і дапаможных фармаванняў. Супраць паўстанцаў былі выкарыстаныя бронетэхніка і артылерыя.

Адзін з паўстанцаў гета Сімха Ратайзер-Ротэм праз шмат гадоў успамінаў, што выбух паўстання быў апошнім актам трагедыі габрэяў, якія вырашылі, што хочуць памерці ў баі, а не ў газавых камерах:

-Мы ведалі, што ва ўсіх будзе адзін і той жа канец. Жаданне паўстаць было прадыктавана нашай паслядоўнасцю. Мы самі абралі шлях сваёй смерці і гэта ўсё.

Варшаўскае гета было найбуйнейшым, яго атачалі шматлікія вуліцы кварталы польскай сталіцы.

Сімха Ратайзер-Ротэм прыгадваў, што падчас эвакуацыі з гета, ахопленага агнём і выбухамі, ён мог разлічваць на дапамогу варшавякаў:

-Яны рызыкавалі сваім жыццём, жыццём сваіх блізкіх. У гэтай частцы Еўропы за дапамогу габрэям пагражала смяротнае пакаранне. Я гэта вельмі цаню. Часта разважаю, ці я змог рызыкаваць сваім жыццём, жыццём маёй сям'і ў падобнай сітуацыі.

Жыхары Варшавы спачатку не ведалі, што за мурамі гета пачалося сапраўднае паўстанне, але яны чулі гукі баёў, – успамінаў Станіслаў Фібіх, якому ў 1943 годзе было 14 гадоў:

-Было чуваць стралы. Я разам з некалькімі хлопцамі пабег на Плошчу Карсіньскіх, якая межавала з гета. Бачылі нямецкую гарматку, дулам накіраваную на браму ў гета. Вакол круціліся падраздзяленні немцаў.

Крыстына Космаль, якой у 1943 годзе было 11 гадоў, успамінала, што, калі ў Варшаве распаўсюдзілася весткі пра пачатак паўстання ў гета, найгоршым было бяссілле. Габрэям за сценамі гета даводзілася жыць у нечалавечых умовах. Некаторым удавалася часам пераходзіць на так званы арыйскі бок. На панадворак камяніцы Крыстыны Космаль некаторы час прыходзіў габрэйскі хлопчык і прасіў ежы:

-Станавіўся на сярэдзіне падворка і прасіў кавалак хлеба, казаў, што ён вельмі галодны. Людзі нічога яму не давалі, баяліся. За дапамогу габрэям пагражала кара смерці. Мая матка наліла вялікую банку супу і вынесла яму. Доўга так не працягвалася. Праз некалькі дзён хлопчык перастаў прыходзіць. Нам было смутна, што мы ўжо нічым не можам дапамагчы. Праўдападобна, яго забілі, калі ён у чарговы раз намагаўся перайсці на наш бок.

Ханна Райбер была падлеткам падчас паўстання. Яна бачыла габрэйскага дзіцяці, якое спрабавала перасекчы мяжу гета, яго імкліва застрэліў немец:

-Памятаю дзяцей, якія ў свае кашулі напіхвалі ежу і перабраліся праз сцены гета. Нярэдка паліцэйскія не звярталі на гэта ўвагі. Але часам праз тое, што яны напіхвалі ў сваю вопратку розную гародніну, хлеб, яны загрузалі ў шчылінах мура, пад мурам. Бачыла, як аднаго такога хлопца, яму было гадоў дзесяць, застрэліў немец.

Падчас паўстання немцы метадычна знішчалі гета, палячы дом за домам. 11-гадовая Гена Кучар агню не бачыла, але адчувала яго ў бункеры, дзе хавалася яе сямʼя:

-Я праз скуру адчувала гэта пекла, бо вакол нас усё гарэла. Над намі гарыць будынак, а зямля над намі награваецца як печ.

Каб неяк ахалодзіць цела, пераадолець гэта невыносны сквар, сямʼя Крысціны Будніцкай акуналася ў каналізацыйным канале:

-Калі хтосьці ўцякаў праз каналізацыю, немцы іх адстрэльвалі, быццам бы качак. Па каналізацыі плынь несла чалавечыя целы.

Габрэі невялікімі і разрозненымі групамі працягвалі безнадзейнае паўстанне аж да сярэдзіны траўня. 16 траўня 1943 года немцы абвясцілі аб заканчэнні карнай аперацыі і – у знак канчатковага знішчэння Варшаўскага гета ўзарвалі Вялікую сінагогу.

З удзельнікаў Габрэйскай баявой арганізацыі паўстанне ў гета перажыло некалькі дзясяткаў чалавек. Аднак дачакаліся канца вайны толькі адзінкі. У баях на тэрыторыі гета былі забітыя таксама амаль усе салдаты Габрэйскага ваеннага саюза.

Знішчэннем Варшаўскага гета камандаваў генерал СС Юрген Штроп. Паводле яго дадзеных, узброенае паўстанне жыхароў гета пачалося, калі ў ім знаходзілася каля 56 тысяч габрэяў. Каля 6 тысяч загінулі ў баі і ў выніку пажараў. 7 тысяч былі забітыя немцамі на тэрыторыі гета падчас карных акцый, столькі ж было адпраўлена ў нямецкі канцлагер у Трэблінцы. Рэшта, каля 36 тысяч габрэяў, была вывезена ў Асвенцым-Біркенаў, Майданэк і іншыя нямецкія лагеры смерці.

Юрген Штроп пазней кіраваў карнікамі СС у Грэцыі. Яго напаткала справядлівасць ката Варшаўскага гета павесілі ў Варшаве ў 1952 годзе.

У панядзелак, 19 красавіка, у гадавіну пачатку паўстання перад помнікам героям гета ўскладаюцца кветкі. Таксама праходзіць Марш памяці. Апоўдні ў Варшаве прагучала сірэна.

Слухайце аўдыё!

эж


77 гадоў таму пачалося паўстанне ў Варшаўскім гета

18.04.2020 21:25
Байцамі былі ў асноўным маладыя людзі, як правіла, без сем'яў і без надзеі выжыць.

19 красавіка 1943 года пачалося паўстанне ў Варшаўскім гета

19.04.2021 08:50
Святкаванні ўшанавання памяці герояў паўстання ў Варшаўскім гета пачнуцца апоўдні.