Беларуская Служба

Пандэмія і дыстанцыйная вучоба аказвае негатыўны ўплыў на псіхіку маладых людзей

29.04.2021 14:09
Дзеці жывуць у соцыуме, яны бачаць і ўспрымаюць усе праблемы, якія назіраюцца навокал.
Nauka zdalna w jednej ze szczecińskich szkół
Nauka zdalna w jednej ze szczecińskich szkółDariusz Gorajski / Forum

Ужо больш за год вучні ў Польшчы вучацца амаль выключна ў дыстанцыйным рэжыме, асабліва доўга працягваецца дыстанцыйная вучоба ў старэйшых класах пачатковай школы і сярэдніх школах. Неўзабаве школьнікі вернуцца ў школу, але пандэміі і звязаная з ёй дыстанцыйная вучоба можа пакінуць глыбокі след у іх псіхіцы.

У бягучым навучальным годзе вучні сярэдніх школаў хадзілі ў школу толькі некалькі тыдняў у верасні і кастрычніку. Такі рэжым навучання аказвае вялікі ўплыў не толькі на якасць вучобы, якая, на жаль, як правіла пакідае жадаць лепшага, але і на псіхічны стан маладых людзей.

Дзеці жывуць у соцыуме, яны бачаць і ўспрымаюць усе праблемы, якія назіраюцца навокал. Шматлікія дарослыя людзі, якія маюць мацнейшую псіхіку, чым маладыя, з цяжкасцю пераносяць сітуацыю дыстанцыйнага навучання, а падлеткі значна горш спраўляюцца з уласнымі негатыўнымі думкамі ў дадзеных абставінах. Неўзабаве ўсе школьнікі вернуцца да стацыянарнага навучання, але след у іх псіхіцы, звязаны з пандэміяй, можа застацца на доўга. Як школа – месца, дзе дзеці праводзяць вялікую частку свайго жыцця, можа дапамагчы ім справіцца з цяжкасцямі? Найперш неабходна правесці дыягназаванне, каб даведацца, ці маладому чалавеку патрэбная дапамога.

Госць Польскага радыё – Данута Казакевіч (Danuta Kozakiewicz) – педагог, дырэктар Пачатковай школы нумар 103 у Варшаве – адзначае, што выхаванне чалавека абапіраецца на трох падставах, кожная з якіх пацярпела падчас пандэміі.

- Гэта адносіны ў сям’і, адносіны з равеснікамі і адукацыя. У часы пандэміі ў многіх бацькоў было столькі праблем з уласнай працай, што было не да дзяцей. Адносіны з равеснікамі таксама папсаваліся, або іх агулам амаль няма, бо ўсе сядзяць па дамах, няма кантактаў у школе. Адукацыя таксама значна змянілася, яна выглядае інакш, чым дзіця прывыкла. Свет змяніўся, перастаў быць знаёмы і прыязны. Паводле вынікаў даследаванняў, праведзеных супрацоўніцай Варшаўскага ўніверсітэту, пад канец мінулага года сімптомы дэпрэсіі мелі ў асноўным людзі ў сярэднім узросце – ад 35 да 44 гадоў. У такіх бацькоў як правіла дзеці ў школьным узросце. Бацькі самі не спраўляюцца з уласнымі негатыўнымі эмоцыямі, адпаведна, яны не могуць стаць надзейнай апорай для дзяцей. З іншага боку, пандэмія аказвае негатыўны ўплыў на падлеткаў, мозг якіх знаходзіцца на стадыі фармавання, калі вельмі важныя кантакты з равеснікамі, а яны амаль зніклі. Сувязь па тэлефоне ці праз інтэрнэт – гэта не тое ж самае, што ў жывую. Тым болей, што часам за спіной яшчэ стаіць мама.

Адзін з інструментаў, які выкарыстоўваецца падчас працы з маладымі людзьмі, у якіх назіраюцца псіхалагічныя праблемы, гэта тэрапія мастацтвам, або інакш – арт-тэрапія. У чым яна заключаецца – распавядае госць Польскага радыё.

- Дзіця атрымлівае ад нас магчымасць выразіць, паказаць свае эмоцыі і пачуцці праз мастацкую творчасць. Спецыяліст можа пазнаць самыя глыбока прыхаваныя праблемы дзіцячай псіхікі, напрыклад, праз аналіз колераў, якімі карыстаецца малады чалавек падчас такой сесіі. Калі мы папросім дзіця, што яно адчувае, калі знаходзіцца дома, калі вучоба праходзіць у дыстанцыйным рэжыме, і атрымаем малюнак, у якім шмат вострых лініяў. Шмат цёмнага колеру, гэта павінна выклікаць трывогу. Гэта значыць, з такім вучнем неабходна папрацаваць значна глыбей, прысвяціць яму значна больш увагі. На падставе такога малюнку можна ўжо паставіць папярэдні дыягназ. Такім чынам, акрамя таго, дзіця паказвае свае эмоцыі. Арт-тэрапія – вельмі багатая методыка, якая дае шырокія магчымасці выкарыстання, у тым ліку ў цяперашні час, калі іншыя формы тэрапіі часта завужаны або зусім адсутнічаюць. Можна ёй карыстацца тут і цяпер.

Школа, канешне, не займаецца тэрапіяй, але яна мае кантакт з дзіцём, настаўнікі бачаць, што ў яго могуць быць нейкія праблемы, з якім яно само не справіцца. Неабходна пашукаць магчымасці выявіць гэтыя цяжкасці, знайсці іх сувязь з праблемамі іншых членаў сям’і, агульнай абстаноўкай у сям’і. Існуе такая методыка, якая называецца генаграма, і часам ёй карыстаюцца школы, перад тым, як паведаміць аб цяжкасцях школьніка ўжо канкрэтнага спецыяліста – псіхолага або псіхіятра.

- Генаграма – гэта методыка, распрацаваная амерыканскім псіхіятрам. Яна дазваляе прааналізаваць працэсы, якія адбываюцца ў сям’і. Метад абапіраецца на схематычным аналізе сям’і. Канешне, школьныя спецыялісты самі не могуць поўнасцю правесці дыягностыку, але яна прыдаецца падчас працы з праблемамі, з якімі школа сама не можа справіцца. Здараецца, што цяжкасці дзіцяці вынікаюць з праблем іншых сямейнікаў, таму падрыхтоўка генаграмы, графічнай ілюстрацыі дадзеных пра членаў сям’і, дазваляе зразумець, дзе знаходзіцца крыніца цяжкасцяў Дзякуючы гэтай методыцы мы пазнаем праблемы ўсёй сям’і.

Пра псіхалагічныя праблемы школьнікаў, звязаныя з пандэміяй, і метады іх дыягностыкі, распавядала педагог Данута Казакевіч.

І Пр.ПР/нг

на здымку - дыстанцыйная вучоба ў адной са шчэцінскіх школаў