Беларуская Служба

Штучны інтэлект дапаможа ў лячэнні

11.06.2021 13:49
Летась у Сілезскім цэнтры хваробаў сэрца штучны інтэлект машыны HeartLogic прадбачыў, што ў аднаго з пацыентаў выступіць сардэчная недастатковасць.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjne shutterstock.com/David Tadevosian

 У выніку лекары змянілі яго фармакатэрапію і, як кажуць самі, уратавалі жыццё гэтага чалавека, чытаем у выданні Dziennik Gazeta Prawna. Усе краіны свету звяртаюцца сёння да штучнага інтэлекту ў медыцыне, што дапамагае не толькі пацыентам, але і фінансам. Мяркуецца, што ў 2026 годзе амерыканская сістэма аховы здароўя зэканоміць 150 мільярдаў долараў дзякуючы штучнаму інтэлекту ў медыцыне. У Кітаі 80% шпіталяў ужо карыстаецца або плануе карыстацца новымі тэхналогіямі ў сваёй працы.

Штучны інтэлект у медыцыне можа выкарыстоўвацца як для прадбачання небяспечных сімптомаў, падбора і распрацоўкі новых лекаў, а таксама ў дыягназе і аналізе стану здароўя. Адной з праблемаў з’яўляецца тое, што каб штучны інтэлект вучыўся, яму патрэбныя дадзеныя. Шмат дадзеных. Чым больш выпадкаў хваробы і памылковых аналізаў будзе «закінута» ў праграму, тым лепш яна спрацуе ў будучыні. Тут шмат пацыентаў баіцца, што такая інфармацыя пра стан іх здароўя можа быць выкарыстаная ў дрэнных мэтах. Знайсці кансэнсус можа быць цяжка, бо нават пры поўнай ананімнасці аналізаў існуе рызыка выкрадання і расшыфроўкі інфармацыі. Таму Еўракамісія за гандаль медычнымі дадзенымі хоча ўвесці штраф 30 мільёнаў еўра або 6% вартасці даходаў кампаніі.

Тут таксама важным з’яўляецца фактар фактычнага функцыянавання штучнага інтэлекту. Не ўсе машыны дагэтуль працавалі добра. Найбольш выдатным выпадкам няўдачы з’яўляецца робат Watson, створаны кампаніяй IBM, які да сёння не ўмее дасягнуць высокага выніку ў выяўленні пухлінаў, чытаем у выданні Dziennik Gazeta Prawna.

аев