Беларуская Служба

Журналіст - забароненая ў Беларусі прафесія

13.07.2021 16:56
Прадстаўнікі беларускіх СМІ, якія апынуліся пад рэпрэсіямі, правялі прэс-канферэнцыю, на якой расказалі пра сваю працу ў новых, значна больш складаных умовах.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: stevepb /pixabay.com/CC0 Public Domain

Статыстыку па пераследзе СМІ і журналістаў агучыў намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў. На працягу 8 і 9 ліпеня было праведзена 38 вобшукаў. Сем чалавек затрыманыя, чацвёра з якіх на свабоду не выйшлі дагэтуль. З 38 вобшукаў шэсць прайшлі ў Мінску, шэсць у Віцебскай вобласці (Віцебск, Орша, Глыбокае), 13 – у Брэсцкай вобласці (Брэст, Баранавічы, Ганцавічы, Лунінец), два – у Бабруйску, 12 – у Гомлі.

Калі паглядзець на сітуацыю недзяржаўных СМІ з пачатку году, то лічбы яшчэ больш жахлівыя – кажа Алег Агееў.

-На сённяшні дзень за кратамі застаюцца 29 прадстаўнікоў медыя і журналістаў. Двое з іх асуджаныя і адбываюць пакаранне. З пачатку году зафіксавана 87 затрыманняў журналістаў і 107 вобшукаў. Зафіксавана шэсць фактаў прымянення насілля ў дачыненні да журналістаў і нападзення падчас выканання імі прафесійных абавязкаў. 21 раз журналісты адбывалі адміністрацыйны арышт. 38 разоў ім прызначалі штраф. Агульная сума штрафаў складае крыху больш за 46 тысяч рублёў, гэта больш за 20 тысяч еўра. Праблема заключаецца ў тым, што ўсе вобшукі суправаджаюцца канфіскацыяй тэхнікі, што робіць немагчымым выконванне прафесійных абавязкаў. Хочацца адзначыць, што ў такой сітуацыі журналісты недзяржаўных медыя праяўляюць прафесіяналізм і самаахвярнасць, амаль усе СМІ, якія выходзілі да рэпрэсій, захоўваюць кантэнт і працягваюць выходзіць.

Карэспандэнцкі пункт «Еўрарадыё», які быў апошнім афіцыйным прадстаўніцтвам у Беларусі СМІ, зарэгістраванага ў ЕС, таксама зачынілі. Галоўны рэдактар Павал Свярдлоў кажа, што цяпер рэдакцыя шукае магчымасць перавезці журналістаў у Варшаву.

-Мы легальна працавалі ў Беларусі з 2009 года, амаль 12 гадоў. Было многае. Былі вобшукі, затрыманні, але наш карпункт працаваў, улады прызнавалі нашае права займацца журналістыкай. Цяпер гэтае права не прызнаецца. Журналісты ў Беларусі штучна падзеленыя на два лагеры з няроўнымі правамі. Супрацоўнікі дзяржаўных СМІ маюць цалкам усе правы, праходзяць на суды без чаргі і гэтак далей. Супрацоўнікі недзяржаўных СМІ – выкінутыя на ўскраіну прафесіі.

Настасся Роўда з «Нашай Нівы» акрэсліла сітуацыя больш рашуча: у Беларусі ўведзена забарона на прафесію журналіста. Працаваць незалежным журналістам у краіне – гэта тое ж самае, што здзесніць самагубства. Частка працаўнікоў «Нашай нівы» працуе з замяжы, частка знаходзіцца ў Беларусі, але пакуль прыпыніла сваю працу.

-Вельмі цяжка. Для нас было прынцыпова заставацца са сваім народам да апошняга. І мы гэта рабілі. Цяпер, калі чацвёра нашых калег за кратамі, гэта немагчыма. Мы думаем пра варыянт працы з замежжа, як бы цяжка нам не было пра гэта думаць. Мы хацелі быць у краіне. Для нас гэта вялікае трагедыя, што мы павінны думаць, як выехаць з краіны, а не пра тое, як туды хутчэй вярнуцца. Цяпер мы працуем над аднаўленнем сайта, у нас ёсць архівы, мы былі гатовыя да такой сітуацыі. І хоць ты можаш рыхтавацца да ўсяго, то ты нікалі не будзеш гатовы да таго, што менавіта адбылося. Удар у нашай краіне можа прыйсці адтуль, адкуль ты не чакаў. Ва ўсім свеце журналістыка – гэта не крымінальная дзейнасць. А ў нашай краіне – гэта крымінал.

9 ліпеня ТГ-канал партала Hrodno.life прызнаны экстрэмісцкім. Дырэктар спецыяльных праектаў парталу Ірына Новік нагадвае, што бягучы тыдзень – гэта тыдзень без рэгіянальных газет. Гэта таксама цяжкая сітуацыя журналістаў Hrodno.life. У рэдакцыі каля 10 чалавек, двое з якіх з’ехалі.

-Пакуль калегі застаюцца, выданне працягвае выходзіць. Але ўжо тыдзень яны не могуць жыць дома, усе жывуць у чаканні стуку ў дзверы. Не зразумела, ці можна карыстацца тэлефонам, не зразумела, дзе ты будзеш начаваць, ці дачакаюцца цябе твае родныя.

Ірына Новік звяртае ўвагу на разбурэнне эканамічных мадэляў СМІ. Ад супрацоўніцтва з імі адмаўляюцца рэкламадаўцы. Да гэтага даходзяць буйныя штрафы.

Менеджер праекта zerkalo.io (пераемнік tut.by) Аляксандра Пушкіна гаворыць, што частка людзей з tut.by звольнілася і застаецца ў Беларусі, іншыя з’ехалі і працуюць для новага рэсурсу. Аднак, гэта надзвычай цяжкая праца.

-Ёсць сур’ёзныя перашкоды, як атрымліваць інфармацыю. Цяпер з-за справы па экстрэмізме мы вымушаныя хаваць, хто ўваходзіць у склад новай рэдакцыі. 8 чысла да нашых калег пачалі прыходзіць з вобшукамі і затрыманнямі і як раз стартанула zerkalo.io. Я спадзяюся, што гэты прынамсі нейкім чынам іх падтрымала. Паказала, што нам немагчыма закрыць рот. Маўчанне – труцізна. Мы будзем працягваць сваю працу і асвятляць тое, што адбываецца цяпер у Беларусі.

Пад ударам знаходзяцца менавіта медыя, якія давалі доступ да альтэрнатыўных крыніц інфармацыі. Іх выцясняюць за мяжу – гаварыў медыяэксперт Павал Быкоўскі.

-У такім выпадку будзе, з аднаго боку, прасцей казаць, што гэта не незалежнае і не беларускае медыя. А з другога боку, паявіцца праблема доступу да крыніц інфармацыі. Відавочная мэта – нармалізацыя сітуацыі, як яе бачыць кіруючы рэжым. Яна заключаецца ў тым, каб не было галасоў, якія будуць расказваць пра падзеі ў краіне. І гэтыя галасы павінны былі знікнуць перад нейкай важнай палітычнай падзеяй. Мы можам толькі здагадвацца, што гаворка ідзе пра паглыбленне інтэграцыі, змену канстытуцыі і яшчэ пра нешта.

Усе журналісты, якія знаходзяцца за кратамі (29 чалавек) прызнаныя палітычнымі вязнямі.


ав