Беларуская Служба

Алімпійскія гульні пачынаюцца ўжо ў пятніцу

21.07.2021 14:28
339 – на працягу крыху больш чым двух тыдняў столькі алімпійскіх чэмпіёнаў атрымае свае золата.
Аўдыё
  • Напярэдадні Алімпяды не ўсё вядома пра яе правядзенне
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock/Maykova Galina

Ужо ў пятніцу распачнецца сусветнае свята спорту – Алімпійскія гульні ў Токіа. Сталіца Японіі павінна была прымаць найлепшых спартоўцаў з усяго свету ў мінулым годзе, аднак падзяліла лёс многіх іншых гаспадароў спаборніцтваў і была вымушана перанесці мерапрыемства на 2021 год. Нягледзячы на гэта, да моманту калі Алімпійскі агонь не пачне гарэць, мы не можам з поўнай упэўненасцю сказаць, што Гульні пройдуць. Арганізатары да апошняга моманту не хочуць прымаць рашэнне, ці спартоўцы ўсё ж такі змогуць змагацца за медалі. Прычына – каранавірус. У Японіі зараз назіраецца павышэнне колькасці захворванняў, а да таго ж занатавана ўжо некалькі выпадкаў хваробы ў алімпійскім гарадку. Дырэктар Арганізацыйнага камітэту Гульняў Ташыра Мута на прэс-канферэнцыі сказаў, што сітуацыю манітораць і калі будзе трэба, то будуць прымаць рашэнні ў экстраным парадку.

Усё ж, хутчэй за ўсё, Алімпіяда пройдзе. Праўда, у іншым фармаце, бо, прынамсі пакуль,наведванне стадыёнаў і месцаў правядзення Гульняў забаронена. Таму эмоцыі будуць трошкі іншыя і рассеяныя па ўсім свеце. На цяперашні момант мяркуецца, што Японія ўжо выдала на Гульні 13 мільярдаў долараў, а сам факт іх пераносу на 2021 год каштаваў дадатковыя 2 мільярды. Таму, з аднаго боку, Токіа хоча правесці Алімпіяду, каб вярнуць прынамсі частку грошай ад спансораў, адначасова перажываючы вялікае незадавальненне людзей у самой Японіі. Японцы баяцца, што замежныя спартоўцы могуць спрычыніцца да распаўсюджвання COVID-19.

Некаторых спартоўцаў гэтыя боязі не тычацца. Польскія плывуны, якія павінны былі выступаць на Алімпійскіх гульнях, былі вымушаны вярнуцца дома. Аказалася, што пры падачы дакументаў у Токіа Польская асацыяцыя плавання няправільна запоўніла некаторую інфармацыю пра шасцярых прадстаўнікоў Польшчы. Нягледзячы на тое, што плывуны былі ўжо ў Токіа і рыхтаваліся да спаборніцтваў, яны не будуць змагацца за медалі. Хваля абвінавачванняў у бок Асацыяцыі не сціхае ўжо каторы дзень, а так эмацыйна наконт сітуацыі выказвалася адна з пакрыўджаных Дамініка Касакоўска:

-Маё сэрца разбілася, я адчуваю быццам рухнуў увесь свет. Гэта не паўгода працы ці год. Гэта ўсё жыццё, якое мы пасвяцілі спорту. Гады адмаўлення, перанос іншых абавязкаў, занядбанне сям’і... Я не ўмею апісаць таго, як я сябе адчуваю. Гэта будзе балець доўга. Мы ўжо былі там. Нас абманулі, чыясьці памылка, не выкананая праца сапсавала нашае жыццё. Прабачэнні ці словы, што знойдуць вінаватага – для нас нічога не значыць. Ніхто не верне нам гэтага досведу, эмоцый, атмасферы.

Спадзяемся, што іншыя плывуны будуць плаваць за дваіх і Польшча дачакаецца медалёў, нягледзячы на тое, што колькасць прадстаўнікоў зменшылася.

А на медальныя шанцы чакаюць і прадстаўнікі іншых відаў спорту. Сярод іх лёгкаатлеты Павел Файдэк і Войцех Навіцкі, якія знаходзяцца сярод сусветных лідараў у кіданні молатам. Першага з іх амерыканскае агенцтва Associated Press лічыць галоўным фаварытам. Акрамя золата Файдэка, аналітыкі прадказваюць пяць першых месцаў для Польшчы. Адно з іх будзе ў веславанні, у стралковым спорце, у баскетболе 3 на 3 і валейболе. Агулам Польшча павінна атрымаць 22 медалі. Аналітыка – гэта адно, рэчаіснасць – другое. Валейбалісты – дума і надзея Польшчы дойдуць далёка ў Чэмпіянаце, аднак здабыць золата не будзе так лёгка, лічыць былы алімпійскі чэмпіён у валейболе з 1976 года Эдвард Скорэк:

-Час Алімпійскіх гульняў – гэта вельмі цяжкі час для спартоўцаў, але перад усім для валейбалістаў, бо нельга забываць, што яны гуляюць ад самога пачатку да самога канца мерапрыемства. Будзе цяжэй, бо з прычыны пандэміі Алімпійскі гарадок будзе закрыты, таму ўсё залежыць ад групы, ці яна зможа перамагчы гэтыя цяжкасці. Трэба ўмець засяродзіцца на тым, што самае важнае. Гульні – гэта тэст для спартоўцаў, а перадусім для групавых відаў спорту. Каманда можа перамагчы, але ўсё ў іх руках і галовах, а таксама ў руках трэнераў.

На Гульні паедзе працаўнік аднаго з варшаўскіх банкаў – Славамір Наплошэк, які будзе прадстаўляць Польшчу ў стральбе з лука. Гэта ягоныя другія Гульні. Упершыню ён паехаў на мерапрыемства ў Барселоне ў... 1992 годзе. Тады яму было 24 гады, сёння 53. Нягледзячы на ўзрост – яму ўдалося здабыць кваліфікацыю і яшчэ раз спрабаваць здабыць медаль самых важных спаборніцтваў для любога спартоўца. У інтэрв’ю польскаму радыё Славамір Наплошэк сказаў, што магчымасць удзелу ў алімпійскім турніры – гэта ўжо вялікі поспех, але ён лічыць і на медалі:

-Гэтыя 29 гадоў - гэта не быў перапынак. Проста тады мне ўдалося пабываць у Барселоне, а потым не ўдалося здабыць кваліфікацыі. У стральбе з луку выступае толькі 64 спартоўцы – гэта кожны чацвёрты ўдзельнік Чэмпіянату свету. Спартовец павінен мець канчатковую мэту і яна павінна дзяліцца на меншыя крокі, якія выконваюцца па чарзе і ўплываюць на канчатковы вынік. Нельга думаць, што «файна, паеду, пагуляю», бо заўсёды трэба лічыць на найлепшы вынік, каб змагчы здзейсніць свае мары.

Алімпійскія гульні, па-праўдзе, пачаліся ўжо ў сераду жаночым турнірам у софтбале і футболе. У чацвер нас чакаюць першыя матчы мужчынскага футболу. Цырымонія адкрыцця Алімпійскіх гульняў пройдзе ў пятніцу а 13 гадзіне польскага часу. Нас з вамі чакае тым часам 16 дзён спартовых эмоцый, уражанняў ад подзвігаў спартоўцаў і, спадзяемся, радасць пасля перамогі нашых любімых гульцоў.

Польскае радыё з’яўляецца афіцыйным транслятарам Гульняў. Трансляцыі са спаборніцтваў можна будзе слухаць на хвалях Першага каналу, а на сайце polskieradio24.pl знаходзіцца адмысловы раздзел, прысвечаны святу спорту.


Альберт Ежы Вяжбіцкі