Выданне Rzeczpospolita прыводзіць словы міністра аховы здароўя Адама Нядзельскага, які не сумняваецца, што чацвёртая хваля каранавіруснай інфекцыі – гэта толькі пытанне часу. Паводле ацэнак урадавых аналітыкаў, яе пік можа прыйсціся на канец канікулаў. Крыху суцяшае, што штам Delta, хоць і больш заразны, выклікае меншую колькасць смерцяў і неабходнасці ў шпіталізацыі. Але ў асноўным для тых, хто ўжо прышчэплены.
Тым часам у Польшчы кампанія прышчэпак тармозіць. 56 адсоткаў жыхароў прынялі хаця б адну дозу вакцыны. Найбольш – 83 працэнты – сярод людзей ва ўзросце ад 70 да 79 і ад 80 да 89, а найменш сярод маладых ва ўзросце 18-29 гадоў – 40 працэнтаў. Эксперты мяркуюць, што калектыўная ўстойлівасць да найбольш заразных варыянтаў паявіцца тады, калі ўкол паставяць нават 90% насельніцтва.
- Маштаб рэгістрацыі на вакцынацыю зніжаецца. На гэтым тыдні ўпершыню за шмат тыдняў мы не перавысім 1 мільёна прышчэпак, – заявіў кіраўнік канцылярыі прэм'ер-міністра і каардынатар Нацыянальнай праграмы вакцынацыі Міхал Дворчык.
Каб заахвоціць да вакцынацыі, урад вырашыў прыцягнуць дактароў-тэрапеўтаў, якія павінны званіць пацыентам і пераконваць іх прыйсці на ўкол. Для лекара прадугледжаная прэмія, калі яму ўдасца пераканаць сваіх пацыентаў прышчапіцца. Аднак лекары разглядаюць гэта як патэнцыйную спробу абвінаваціць іх у правале ўрадавай праграмы імунізацыі.
Адказваючы на пытанне аб магчымасці ўвядзення чарговых лакдаўнаў, міністр аховы здароўя прызнаў, што разглядаюцца розныя сцэнары, уключаючы рашэнні, аналагічныя французскім абмежаванням (доступ у выбраныя грамадскія месцы толькі для ўладальнікаў санітарнага сертыфікату – рэд.).
нг