У Польшчы на сённяшні дзень толькі адна мова атрымала статус рэгіянальнай – кашубская. Наступнай у чарзе з’яўляецца мова сілезцаў, аднак іх правоў не прызнае ўжо чацвёрты ўрад Польшчы, чытаем у выданні Gazeta Wyborcza. Атрыманне такога статусу дало б сілезскай мове не толькі грошы на адукацыю і культуры, але дало б сілезцам права да абароны свайго моўнага коду. Да сёння ў інтэрнэце можна сустрэць крыўдныя каментары пра сілезцаў, тыпу «буракі, якія не ўмеюць правільна размаўляць па-польску» і «якіх трэба выслаць у Сібір». На скаргу аднаго сілезца, які даслаў скрыншоты гэтых каментароў у пракуратуру, адказалі, што, паколькі сілезцы не з’яўляюцца меншасцю, пісанне такіх абразлівых каментароў не з’яўляецца злачынствам.
У перапісе насельніцтва 2011 года сілезскую мову ў якасці роднай пазначыла 800 тысяч асобаў, а 529 тысяч адказалі, што карыстаецца ёй у штодзённых зносінах. Зараз праводзіцца чарговы перапіс насельніцтва і сілезскія палітыкі ды актывісты заклікаюць пазначаць сілезскую «годку» ў якасці роднай.
Нягледзячы на тое, што ў 2007 годзе пасля таго, як вядомы сілезскі рэжысёр Казімеж Куц згадзіўся быць кандыдатам ад Грамадзянскай платформы ў Сейм узамен за прызнанне сілезскай мовы рэгіянальнай, нічога не змянілася. За 8 гадоў праўлення гэтай партыі дзеянні ў гэтым напрамку не ішлі наперад. Наадварот, у 2010 годзе ўрад на аснове меркавання некаторых мовазнаўцаў прызнаў, што сілезская мова – гэта толькі дыялект польскай. У 2020 годзе, ужо новы ўрад, абвясціў, што прызнанне сілезскай як рэгіянальнай можа прывесці да абсурднай сітуацыі, у якой кожны рэгіён будзе размаўляць на сваёй рэгіянальнай мове, а польская знікне, чытаем у выданні Gazeta Wyborcza.
аев