Беларуская Служба

Надзвычайнае становішча на польска-беларускай мяжы: легальна мяжу надалей можна перакрочваць

03.09.2021 11:48
Надзвычайнае становішча пачало дзейнічаць сёння апоўначы, яно ахоплівае 183 населеныя пункты.
Аўдыё
  • Надзвычайнае становішча на польска-беларускай мяжы. Легальна мяжу надалей можна перакрочваць
Аб надзвычайным стане інфармуюць адмысловыя знакі PAP/Artur Reszko

У сувязі з павелічэннем хвалі нелегальнай іміграцыі праз польска-беларускую мяжу ўчора прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў дакумент, які ўводзіць надзвычайнае становішча ў памежных з Беларуссю раёнах.

Надзвычайнае становішча пачало дзейнічаць сёння апоўначы, яно ахоплівае 183 населеныя пункты: 115 у Падляшскім і 68 у Любэльскім ваяводстве. Гаворка ідзе пра паласу шырынёй тры кіламетры ад мяжы. Надзвычайнае становішча ўведзена на 30 дзён.

Намеснік міністра інфраструктуры, дэпутат кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Марцін Гарала адзначае, што надзвычайнае становішча дапаможа захаваць бяспеку на мяжы з Беларуссю.

-На жаль, мы павінны быць падрыхтаванымі да спробаў нелегальнага перасячэння мяжы. А яны адбываюцца пастаянна. Беларускі бок стала выкарыстоўвае гэты метад у якасці атакі на Польшчу. З іншага боку, трэба ўлічваць тое, што адбываецца на польскім боку: рознага роду правакацыі. Гэта дазваляе адсунуць правакатараў некалькі кіламетраў ад мяжы, што забірае ў іх магчымасць правакацый і дэзінфармацый.

У сітуацыі надзвычайнага становішча на ахопленай ім тэрыторыі могуць знаходзіцца толькі тыя, хто там жыве і працуе. Жыхары павінны мець пры сабе дакументы. У зону надзвычайнага становішча нельга ехаць турыстам або асобам, якія не маюць дачынення да гэтай зоны, напрыклад, сямейных сувязяў ці месца працы. Забараняюцца сходы і масавыя мерапрыемствы.

Таксама абмежаваны доступ да публічнай інфармацыі аб дзейнасці, якая праводзіцца ў зоне надзвычайнага становішча ў сувязі з аховай дзяржаўнай мяжы, прадухіленнем і процідзеяннем незаконнай міграцыі. Забараняецца рабіць здымкі і весці відэатрансляцыі з тэрыторыі. Гэта ўскладніць працу журналістаў, якія апошнім часам разам з валанцёрамі стала знаходзіліся блізу месца, дзе качуюць афганскія мігранты. Валанцёры пры дапамозе мегафонаў кантактаваліся з афганцамі. Пасля ўвядзення надзвычайнага становішча ім нельга знаходзіцца ў прымежнай паласе.

Паводле віцэ-міністра ўнутраных спраў Марціна Вонсіка, гэта захады некаторых апазіцыйных палітыкаў і накручванне атмасферы ў некаторых СМІ прычыніліся да паглыблення і больш працяглага часу крызісу на польска-беларускай мяжы. На ўвазе маюцца, між іншым, спробы апазіцыйных палітыкаў перадаць прадукты харчавання, лекі і цёплую вопратку мігрантам.

-Там працуе значная група функцыянераў. Ёсць людзі, якія спрабуюць публікаваць іх здымкі, у выніку пачынаецца нагонка на функцыянераў, аказваецца ціск. Ёсць людзі, які спрабуюць знайсці слабыя пункты ў нашай памежнай сістэме і падаваць гэта да ведама.

Амаль усе апазіцыйныя групоўкі, акрамя «Канфедэрацыі», лічаць, што ўвядзенне надзвычайнага становішча неабгрунтаванае і непатрэбнае. Паводле іх, гэта спроба выпіхнуць тэму з першых палосаў СМІ, а таксама доказ няздольнасці дзяржавы эфектыўна абараняць межы.

Тым часам, паводле апытання грамадскай думкі IBRiS для парталу Onet, 51% рэспандэнтаў станоўча ацэньваюць палітыку ўрада адносна сітуацыі на польска-беларускай мяжы. 64,5% негатыўна ацэньваюць дзеянні апазіцыі ў гэтым пытанні.

Падляшскі ваявода Багдан Пашкоўскі падкрэсліў, што людзі, якія без абгрунтавання трапляюць на тэрыторыю, дзе ўведзена надзвычайнага становішча, павінны ведаць пра наступствы:

-У першую чаргу гэта будзе інструктаж і інфармаванне. Аднак, да гэтага выпадку прымяняюцца артыкулы Крымінальнага кодэкса. Яны могуць прымяняцца ў залежнасці ад маштабу парушэння. Могуць быць кары, ад штрафаў, да іншых прадугледжаных мер у Адміністрацыйным і Крымінальным кодэксах.

Легальнае перасячэнне мяжы паміж Польшчай і Беларуссю надалей магчымае.

За мінулыя суткі супрацоўнікі памежнай службы зафіксавалі 130 спробаў незаконнага перасячэння беларуска-польскай мяжы. 110 былі заўчасна прыпыненыя. 20 замежнікаў перасеклі мяжу і адправяцца ў закрытыя цэнтры ў Польшчы. Гэта 15 грамадзян Ірака і 5 грамадзян Сірыі.


ав