Беларуская Служба

У палітзняволенай Марфы Рабковай праблемы са здароўем, медыцынская дапамога амаль не аказваецца

15.10.2021 18:09
Палітзняволенай праваабаронцы "Вясны" Марфе Рабковай дазволілі сустрэцца з мужам Вадзімам Жаромскім.
Аўдыё
Марфа РабковаФота з прыватнага архіву

Спатканне доўжылася гадзіну, праходзіла ў спецыяльных кабінках праз шкло, з дапамогай тэлефонных трубак. У кабінцы з боку Марфы таксама была жалезная рашотка.

Самы цяжкі момант – гэта здароўе. Медыцынская дапамога амаль не аказваецца. А Марфа за кратамі ўжо больш за год.

– Здароўе Марфы – я б не назваў яго нават здавальняючым. Ні фізічны стан, ні маральны. Тым больш адно за другое чапляецца. Яна маральна прыгнечаная. Яна не разумее, чаму некалькі разоў губляла прытомнасць летам. Пасля перанесенага кавіду не вельмі добра адчувала сябе доўгі час. Павялічыліся лімфатычныя вузлы і крыху турбуюць яе, баляць. І казала, што асабліва няма сэнсу звяртацца за дапамогай, бо яе папросту няма. З лета мы спрабуем дамагчыся таго, каб ён палячылі зубы, але ўжо прайшло паўгода, а стаматолага да яе не дапускаюць. Маральны стан таксама губляецца з-за гэтага, бо бачыш, што падкошваецца здароўе і не разумееш, колькі яшчэ гэта будзе працягвацца. У чатырох сценах, нават сонечнага святла не бачыла трынаццаць месяцаў. Колер скуры ў яе ўжо попельны. Мы спрабуем перадаваць лекі, змагацца з гэтым, але цяжка, вельмі цяжка з гэтым.

Муж Марфы Рабковай распавёў, што вязні цяпер у інфармацыйным вакууме. Друкаванай незалежнай прэсы больш няма. А беларускае тэлебачанне – суцэльная мова варожасці.

– Нейкія навіны даходзяць. Марфа нават пыталася ў мяне, ці сапраўды там, на волі, так страшна і цяжка, як ім бачыцца адтуль, з СІЗА. У камеры толькі дзяржаўнае тэлебачанне, а яно ўяўляе з сябе жорсткую прапаганду, гэта пастаянныя зарады негатыву. Навіны атрымліваць цяжка, незалежная прэса ліквідаваная, няма папяровай незалежнай прэсы, якую можна выпісаць у турму. Крыніц інфармацыі мала. Людзі даведваюцца ў СІЗА нешта з лістоў, нешта праз адвакатаў. Нешта з прапаганды. Але сапраўды ёсць інфармацыйны вакуум.

Гаварыць пра ўмовы ўтрымання нельга. Гэта нават пазначана ў спісе забароненых тэм. Але вядома, з кім Марфа Рабкова знаходзіцца ў камеры.

– У камеры ў Марфы з васьмі чалавек сем – палітычныя вязні. Ёсць журналістка з TUT.BY, журналістка з БелаПАН, ёсць валанцёры, якія дапамагалі палітычным вязням. Такая кампанія.

Пытаюся, ці разумее ўвогуле Марфа, за што яе затрымалі яшчэ ў верасні 2020 года. Марфа займалася ў праваабарончым цэнтры «Вясна» каардынацыяй валанцёрскага руху, ці гэта такое страшнае злачынства, к аб трымаць яе год за кратамі.

– Са жніўня пачаліся пагрозы, была інфармацыя, што Марфу ў хуткім часу мусяць затрымаць Да верасня паўстала вялікая валанцёрская плынь. Усе разумелі, што ўлада будзе з нечым рабіць. Нечаканасцю затрыманне не было. Але не чакалі, што гэта будзе так доўга.

Што можна зрабіць для палітвязняў з волі?

– Яна нават прагаворвала гэта. Лісты з волі. Нават з улікам таго, што даходзяць не ўсе, хай толькі палова, але кожны ліст нясе вялікую энергетычную падтрымку. Пісаць лісты – гэта самае проста, але гэта тое, што падтрымлівае палітычных вязняў.

Паводле папярэдняй інфармацыі, суд над Рабковай можа пачацца ў снежні 2021 года, магчыма ў закрытым рэжыме. Не выключана, што працэс будзе доўжыцца некалькі месяцаў. Марфа Рабкова абвінавачваецца па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: па ч. 3 арт. 293 КК РБ (Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванне такой дзейнасці), ч. 3 арт. 130 КК РБ (Распальванне сацыяльнай варожасці да ўлады групай нявысветленых асоб) і ч. 2 арт. 285 КК РБ (Удзел у злачыннай арганізацыі). Марфе пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Праваабарончая супольнасць прызнала яе палітзняволенай.

вх