Беларуская Служба

Эксперты: Рэформа Войска Польскага неабходная

10.11.2021 10:31
Масква вядзе інтэнсіўную гібрыдную вайну, і гэта істотна павялічвае рызыку ўзнікнення канфлікту, папярэджваюць аналітыкі.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:maciekde /pixabay.com/CC0 Public Domain

Дзяржава на мяжы НАТА павінна мець сур'ёзныя сілы стрымлівання і эфектыўную здольнасць самастойна абараняцца на працягу даўжэйшага часу, заявіў надоечы віцэ-прэмʼер, лідар кіроўнай партыі Яраслаў Качыньскі. Наступствы абвешчанай польскімі ўладамі рэформы арміі ў нейкай ступені закрануць усіх палякаў, якія несумненна адчуюць гэта ў сваіх кашальках, канстатуе Мацей Мілаш у выданні Dziennik Gazeta Prawna.

Рэформа прадугледжвае, між іншым, павелічэнне колькасці жаўнераў да 300 тысяч чалавек, а гэта ў два разы больш, чым сёння, і азначае рост выдаткаў на абарону. Нагадваем, сёлета Польшча выдзеліць на армію значна больш за 50 мільярдаў злотых (прыкладна 2,2% ВУП).

Аднак шмат сведчыць пра тое, што з-за агрэсіўнасці Расіі і ва ўмовах створанага беларускім рэжымам міграцыйнага крызісу на ўсходняй мяжы далейшае павелічэнне выдаткаў на армію з’яўляецца вельмі верагодным.

Як зараз можна ахарактарызаваць стан Войска Польскага? Адказаць на гэтае пытанне ня лёгка, бо гэта разнастайны арганізм, падкрэсліваюць эксперты. Зараз польская армія – гэта крыху больш за 100 тысяч прафесійных вайскоўцаў і амаль 30 тысяч вайскоўцаў тэрытарыяльнай абароны, якая была створаныя ў пачатку 2017 года.

Прафесійныя жаўнеры служаць у чатырох дывізіях, з якіх наймалодшая была створаная ў 2018 годзе і можна сказаць, што яна надалей знаходзіцца ў стадыі стварэння. Але гэта нядзіўна, бо на тое, каб ва ўмовах міру будаваць такія вялікія фарміраванні, патрэбны гады.

«Больш за дзесяць гадоў таму палітыкі вырашылі, што ў Польшчы будзе каля 100 тысяч жаўнераў і да гэтага была прыстасавана ўся інфраструктура. Гэта прафесійна падрыхтаваная і вопытная армія. Але для эфектыўнага функцыянавання арміі патрэбны рэзервісты, бо толькі тады армія можа разгарнуць усе свае падраздзяленні. Аднак гэтая сістэма не працуе, бо ў Польшчы рэзервістаў мала і яны слаба падрыхтаваныя», – кажа галоўны рэдактар выдання «Новая ваенная тэхніка» Марыюш Цельма.

Шмат засцярогаў, паводле выдання, выклікае таксама тэхніка, якая ў значнай частцы састарэлая. Самы драматычны прыклад – ВМС, дзе сярэдні ўзрост караблёў складае больш за 30 гадоў. Магчыма, сітуацыя палепшыцца з нядаўна абвешчанай праграмай «Mecznik» (Меч-рыба), у рамках якой палякі плануюць пабудаваць тры фрэгаты.

Вядома, палякі купляюць і сучасную тэхніку, напрыклад, комплексы Patriot, але гэтага надалей мала. Прасцей кажучы 100-тысячная прафесійная армія здольная хутка адправіць на заданне да 5 тысяч жаўнераў. Можна сказаць, што польская армія зараз прадстаўляе сярэдні клас, але з амбіцыямі.

Паводле экспертаў, рэформа арміі неабходная, таму што за апошнія гады стратэгічная сітуацыя Польшчы значна пагоршылася. «Яшчэ 15 гадоў таму рызыка канфлікту паміж Расіяй і НАТА была блізкая да нуля. Аднак цяпер Масква вядзе інтэнсіўную гібрыдную вайну, і гэта істотна павялічвае рызыку ўзнікнення канфлікту», – пераконвае аналітык па бяспецы Польскага інстытута міжнародных спраў Войцех Лорэнц. Выснова заключаецца ў тым, што зараз Польшча павінна значна больш клапаціцца пра бяспеку, а з гэтым звязаныя выдаткі, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.

аз