Беларуская Служба

У Польшчы перапоўнены дзіцячыя псіхіятрычныя адзяленні

07.12.2021 13:56
Dziennik Gazeta Prawna сцвярджае, што асноўнымі прычынамі зваротаў па спецыялізаваную дапамогу сталі думкі або спробы самагубства.
Zdj. ilustracyjne
Zdj. ilustracyjneJuraj Kamenicky/Shutterstock.com

Псіхіятрычныя аддзяленні для дзяцей і падлеткаў перапоўненыя, большасць з іх адсылае пацыентаў дадому, – пішуць у свежым выпуску Dziennik Gazeta Prawna.

Выданне спытала адпаведныя медычныяў установы ў Варшаве, Торуні, Кракаве, Гданьску, Любліне, колькі пацыентаў яны могуць прыняць. Адказ – ніводнага. Большасць псіхіятрычных лякарняў ужо перапоўненыя (напрыклад, бальніца ў Юзэфаве зараз лечыць 50 чалавек, а месцаў там 22).

Псіхіятрычныя аддзяленні дзяцей і моладзі адмаўляюцца прымаць пацыентаў, нягледзячы на, штодзённае з'яўленне некалькіх хворых, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Dziennik Gazeta Prawna сцвярджае, што асноўнымі прычынамі зваротаў па спецыялізаваную дапамогу сталі думкі або спробы самагубства. Толькі за тры кварталы гэтага года, – гаворыцца ў артыкуле, – на сваё жыццё спрабавалі накласці рукі больш за 1 тыс.дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў – гэта больш, чым у 2020 і 2019 гг. 92 такія спробы скончыліся смерцю.

«Неабходнасць адмовы прыняцця ў шпіталь уяўляе непасрэдную пагрозу для жыцця, выклікае расчараванне лекараў, этычныя дылемы і страхі за юрыдычныя наступствы» – папярэджвае ў размове з выданнем псіхіятр з Торуні Міраслаў Домбковскі.

Dziennik Gazeta Prawna падкрэслівае, што такі стан рэчаў таксама змушае хутчэй выпісваць хворых, нават да паляпшэння іх стану, таму што іх месцы патрэбныя наступным хворым. Чэргі на шпіталізацыю складаюць некалькі месяцаў.

Міністэрства аховы здароўя ў адказ на запыт штодзёнкі заяўляе, што там знаёмы з няпростай сітуацыяй у дзіцячай псіхіятрыі і яе ўдасканаленне разглядае ў прыярытэце. Газета нагадвае, што ведамства падрыхтавала праект праграмы падтрымкі псіхіятрычных аддзяленняў для дзяцей і падлеткаў на 2022-2023 гады, на які плануецца вылучыць 80 млн злотых (каля 20 млн долараў). Міністэрства аховы здароўя таксама падкрэслівае, што ўзмацненне амбулаторнай дапамогі, якая зʼяўляецца асноўнай мэтай рэформы псіхіятрыі, дазволіць разгрузіць профільныя бальніцы.

эж