Беларуская Служба

Блогерка Алена Янушкоўская: З'язджалі ў свет, як у капейку

22.01.2022 08:45
Алена Янушкоўская з’ехала з Беларусі амаль год таму – у лютым 2021-га. Свой ад’езд тлумачыла ціскам з боку сілавых структур – на яе і сям’ю дачкі Юліі.
Аўдыё
  • Алена Янушкоўская з’ехала з Беларусі амаль год таму -- у лютым 2021-га. Свой ад’езд Алена тлумачыла ціскам з боку сілавых структур.
Алена Янушкоўская Фота: facebook.com

Алене Янушкоўскай 56 гадоў. У 2020 годзе Алена і яе дарослая дачка хадзілі на пратэсты, збіралі подпісы за кандыдатаў ад апазіцыі. За гэтую актыўнасць Алена правяла пад арыштам агулам 25 сутак, яе шмат разоў штрафавалі. Дачку Юлію таксама пераследавалі за ўдзел у палітычных акцыях: штрафавалі, сацыяльныя службы пагражалі адабраць у яе двух непаўналетніх дзяцей.

Слухайце далучаны файл!

Алена здымала відэаролікі пра сацыяльныя праблемы ў Віцебскай вобласці для Youtube-канала "Настоящая Беларусь". Канешне, гэта не знаходзіла адабрэння з боку мясцовых уладаў.

– Я была актыўная, усё рабіла, каб нашы ўлады мясцовыя выконвалі свае абавязкі, вяла блог «Настоящая Беларусь», некалькі суполак у сацыяльных сетках. Улады мяне не любілі, была ў чорных спісах і нават  прыбіральшчыцай не магла ўладкавацца.

Алена Янушкоўская гаворыць, яе папярэдзілі супрацоўнікі міліцыі, што рыхтуецца крымінальная справа. Гэта паўплывала на рашэнне з'ехаць з краіны: спачатку ва Украіну, а затым ужо ў Польшчу. Гаворыць, што ва Украіне ёсць праблемы з легалізацыяй, таксама былі інцыдэнты, якія не дазвалялі пачувацца ў бяспецы.

У Польшчы Алена Янушкоўская некаторы час з дзецьмі была ў лагерах для ўцекачоў. Кажа, што ў лагеры для бежанцаў у Тарговеку былі надзвычай складаныя ўмовы. Алена і яе сям’я ўжо з'ехалі з лагера, наладзілі побыт, атрымалі пашпарты ўцекачоў, працягваюць вырашаць пытанні з дакументамі.

І Алена, і дзіця ейнай дачкі маюць інваліднасць, але яна нічога не ведае пра тое, як можна атрымаць дапамогу, рэабілітацыю. Гаворыць, што ініцыятывы, якія працуюць з беларусамі ў Варшаве, шмат робяць у культурніцкай сферы. У Беластоку ж лепш наладжаная менавіта сацыяльная праца. І варта было б прыгледзецца да досведу калегаў з Беластока, гэта шмат у чым палегчыла б жыццё ўцекачам.

вх