Беларуская Служба

Сёння Дзень памяці ахвяраў Халакосту

27.01.2022 13:48
Сёння Дзень памяці ахвяраў Халакосту – 27 студзеня 1945 года савецкія войскі занялі канцэнтрацыйны лагер Аўшвіц-Біркенаў (больш вядомы ва Усходняй Еўропе як Асвенцым).
Аўдыё

Медыя wprost.pl публікуе гісторыю апошніх дзён канцлагера Асвенцым. 27 студзеня 1945 г. чырвонаармейцы адчынілі вароты нямецкага лагера сперці Аўшвіц-Біркенаў, вызваліўшы знясіленых вязняў, якія там засталіся. Вядома, што на той момант лагер ужо быў ліквідаваны і пакінуты большасцю ахоўнікаў.

У ваколіцах Асвенцыма існаваў комплекс нямецкіх канцлагераў, які падчас Другой сусветнай вайны быў уключаны ў склад Трэцяга рэйха. У складзе комплексу ў 1940—1945 гадах паслядоўна ствараліся лагеры: Асвенцым I (галоўны лагер), Біркенаў (Асвенцым II) і Мановіц (Асвенцым III), а таксама некалькі дзясяткаў падлагераў.

Назвы Аўшвіц, Біркенаў і Мановіц – гэта нямецкія адпаведнікі польскіх назваў Асвенцым, Бжэзінка і Мановіцэ (Oświęcim, Brzezinka i Monowice), якія выкарыстоўваліся пасля нямецкай агрэсіі супраць Польшчы ў 1939 годзе і захопу земляў Трэцім рэйхам.

Вядома, што ў Асвенцыме загінулі больш за мільён чалавек. Імёны ўсіх людзей да гэтага часу не адноўленыя. Гісторыкам вядома, што ў лагеры было зарэгістравана толькі 400 тысяч чалавек, больш за 900 тысяч чалавек былі звезеныя ў лагер і забітыя без рэгістрацыі. Абсалютная большасць ахвяраў Асвенцыма – габрэі.

Спачатку ў канцлагер у Асвенцыме адпраўлялася пераважна польская інтэлігенцыя і палякі, якія змагаліся супраць захопнікаў. Сюды прысылалі і звычайных крымінальных злачынцаў з Германіі, а затым і савецкіх ваеннапалонных, святароў і гомасэксуалаў з Германіі. Вязні канцлагера Асвенцым выкарыстоўваліся для бясплатнай працы. Урэшце лагер пераўтварыўся ў фабрыку смерці.

вх