Беларуская Служба

Даследаванне тэорыі змовы ў СМІ: Цэлы 2021 год дзейнічала адна тэорыя змовы

30.01.2023 12:44
Галоўны прадукт тэорыі змовы – гэта прадухіленыя пагрозы.
Аўдыё
  • Даследаванне тэорыі змовы ў СМІ: Цэлы 2021 год дзейнічала адна тэорыя змовы
 ,
Ірына Сідорская, кадр з відэа прэзентацыі

Беларускія дзяржаўныя СМІ актыўна выкарыстоўвалі тэорыю змовы на працягу цэлага 2021 года. Доктар філалагічных навук Ірына Сідорская прадставіла вынікі даследавання «Тэорыі змовы ў дзяржаўнай медыйнай прапагандзе ў Беларусі».

У даследаванні былі прааналізаваныя інфармацыйныя тэксты, змешчаныя на сайтах выданняў «СБ. Беларусь сегодня», тэлеканалаў «Беларусь-1», АНТ і СТВ за ўвесь 2021 год. З 2850 медыятэкстаў мінімум 245 без ніякіх сумневаў утрымліваюць канспіралогію.

Тэорыя змовы – гэта калі прычыны нейкіх важных падзей шукаюцца ў змове ўплывовых асоб ці арганізацый, расказала Ірына Сідорская.

-Калі не проста гаворыцца, што ў гэтай з’явы вось такая прычына і нам здаецца, што гэтая прычына непераканаўчая. А калі гэтая прычына менавіта ў дзейнасці сакрэтнай арганізацыі. Адпаведна ў канспіралогія значна больш намёкаў, кантэкстаў і недагаворанасці, чым у любых іншых метадах прапаганды. Іншыя метады прапаганды кідаюцца ў вочы, а тэорыя змовы – гэта намёкі і кантэкст. Гэта калі кажуць: усё не так, як вам здаецца.

Схільнасці для ўспрымання тэорыя змовы маюць пераважна людзі, якія хочуць атрымаць адказ на пытанне, як функцыянуе свет, але хочуць атрымаць просты адказ, які не вымагае ад іх высілку. З другога боку, тэорыя змову выкарыстоўваюць страх чалавека перад складанай рэчаіснасцю. У крызісныя часы тэорыі змовы становяцца больш папулярнымі. Натуральна, што цяпер тэорыя змовы ў дзяржаўным СМІ Беларусі і ў яе ўладаў прысутная асабліва выразна.

Галоўны прадукт тэорыі змовы – гэта прадухіленыя пагрозы.

Ірына Сідорская назвала інфармацыйныя нагоды, якім спадарожнічаў асаблівы пік тэорый змовы ў дзяржаўных СМІ.

-Ёсць свае пікі і свае спады. У студзені было шмат такіх тэкстаў. Яны былі ў асноўным прысвечаны пратэстам апазіцыі ў РФ і рашэнню аб пераносе Чэмпіяната па хакеі з Беларусі. Гэтыя інфармацыйныя нагоды асвятляліся ў асноўным пры дапамозе канспіралагічных тэорый. У траўні – гэта пасадка самалёта і ў наступстве санкцыі, а таму травень, чэрвень і ліпень – месяцы з вялікай колькасцю канспіралогіі. Пачынаючы з кастрычніка – міграцыйны крызіс.

Канспіралогіяй у беларускіх дзяржаўных медыях тлумачацца не толькі падзеі за мяжой, але і рашэнні і крокі ўлады ўнутры Беларусі. Пры гэтым СМІ больш увагі звяртаюць на дзяржаўную ўладу ў краіне, чым на падзеі ў замежжы.

-Пачынаючы з кадравых рашэнняў, заканчваючы супрацьдзеяннямі падчас кавіду – ва ўсёй інфармацыі пра гэта таксама прымяняюцца канспіралагічныя наратывы.

Даследчыца назвала словы, якія сведчылі пра выкарыстанне тэорыі змовы. Найбольш класічным быў «калектыўны Захад». Гэта таксама людзі з-за мяжы, канкрэтныя краіны (ЗША, Польшча, Літва, Германія, Украіна), структуры (NATO, ЕС, амерыканскія спецслужбы), з’явы (каляровыя рэвалюцыі, метадзічка Шарпа), мэты і дзеянні (санкцыйны ціск, тэрарыстычны акт, спроба дзяржперавароту).

Адначасова канспіралагічныя медыятэксты пісаліся ў спалучэнні з парушэннем журналісцкіх стандартаў. Прычым тэкстаў з парушэннем аднаго з пяці стандартаў можна было палічыць на пальцах адной рукі. Звычайна гэта адразу парушэнне трох і больш стандартаў журналісцкай працы.

Высветлілася, што на працягу цэлага года дзейнічала адна тэорыя змовы:

-Згодна з ёй, Беларусь знаходзіцца ў коле ворагаў, якія аб’явілі ёй гібрыдную вайну, эканамічны генацыд і сапраўдны тэрор, тым самым перайшоўшы ўсе чырвоныя лініі. Таму сапраўдныя патрыёты павінны яшчэ больш згуртавацца вакол лідара. Замежныя праціўнікі не змірыліся з паразай у снежні 2020 году і рыхтуюць новыя спробы дзяржперавароту, дзейнічаючы праз экстрэмістаў і тэрарыстаў унутры краіны. Гэта выліваецца ў збройных нападах на дэпутатаў, прадстаўнікоў сілавых органаў, журналістаў, змова з мэтай забойства прэзідэнта і яго дзяцей, міграцыйны крызіс і санкцыйны ціск на беларускую эканоміку. У сувязі з ростам пагрозы звонку Беларусь вымушана ўзмацняць абарону суверэнітэту. Асноўная ўвага засяроджана на рэферэндуме па змене канстытуцыі, калі, па меркаванні дзяржмедыяў, магчымая чарговая спроба дзяржперавароту. Але, па запэўніванні СМІ, гэтым планам не збыцца, паколькі беларуская ўлада эфектыўна супрацьдзейнічае любым спробам парушыць суверэнітэт Беларусі.

Тэорыя змовы выкарыстоўваюцца для абгрунтавання прыняцця законаў, якія насамрэч абмяжоўваюць правы грамадзян, абгрунтоўваецца прымяненне сілы і адказ на санкцыйныя захады. Даследчыкі не знайшлі сефры, якая б у дзяржаўных СМІ не падавалася б праз канспіралагічныя тэорыя.

Галоўныя вывад – канспіралогія з’яўляецца асноўным сродкам для дэзынфармацыі. Таксама каспіралогія пазбаўляе людзей суб’ектнасці.

ав

слухаце аўдыё