Беларуская Служба

Албанія прыпыняе праграму выдачы «залатых пашпартоў»

18.03.2023 17:12
Схемы пражывання дзеля інвестыцый існуюць у 12 дзяржавах-членах ЕС.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:mario0107/pixabay.com/CC0 Public Domain

Прэм'ер-міністр Албаніі Эдзі Рама абвясціў аб часовым прыпыненні выдачы ў краіне «залатых пашпартоў», якія дазваляюць людзям атрымліваць грамадзянства ў абмен на ўкладанне ў краіну пэўнай сумы грошай, паведамляе Balkan Insight.

– Мы далі зразумець, што прыпынілі працэс да высвятлення сітуацыі на еўрапейскім узроўні. Мы не самі прыдумалі «залатыя пашпарты», мы запазычылі ідэю ў краін ЕС, якія паспяхова яе рэалізавалі, – сказаў Рама пасля сустрэчы ў чацвер з кіраўніком МЗС ЕС Жазэпам Барэлем.

- Справа знаходзіцца на разглядзе ў еўрапейскім судзе. Калі ён выкажацца супраць «залатых пашпартоў», то пытанне закрыецца. Калі ён прыме станоўчае рашэнне, кожная краіна зробіць свой выбар, – дадаў прэмʼер-міністр Албаніі.

Еўрапейскі саюз раней крытыкаваў выдачу албанскіх пашпартоў у апошнія гады ў абмен на інвестыцыі, зробленыя ў краіне, пагражаючы адмяніць бязвізавы рэжым у ЕС для грамадзян Албаніі. Гэтая практыка цесна звязана з урадавым праектам развіцця порта ў Дурэсе. Тырана планавала бясплатна выдаваць пашпарты людзям, якія набылі кватэры ў гэтым раёне.

Залатая віза або пашпарт у абмен на інвестыцыі ў краіне Еўрапейскага Саюза – гэта практыка, якой ахвотна карыстаюцца багатыя, напрыклад, з Кітая, Расіі і Блізкага Усходу. Грамадзянства ЕС дае магчымасць пасяліцца і весці бізнес у іншых краінах ЕС на тых жа ўмовах, што і іх грамадзяне. Еўрапарламент сцвярджае, што «грамадзянства Саюза не можна купіць», і ў мінулым годзе ён ужо прапаноўваў новыя агульныя правілы для ўсяго Саюза для вырашэння праблем, звязаных з прадстаўленнем грамадзянства і правоў на жыхарства ў абмен на інвестыцыі.

У перыяд з 2011 па 2019 год па меншай меры 130 тысяч чалавек скарысталіся праграмамі грамадзянства і віду на жыхарства для інвестараў. Гэта прывяло да прыбытку ў больш чым 21 мільярд еўра для краін, якія выкарыстоўваюць такія праграмы. Схемы грамадзянства за інвестыцыі дзейнічаюць на Мальце, у Балгарыі (урад прадставіў законапраект аб адмене схемы) і Кіпры (у цяперашні час разглядаюцца толькі заяўкі, пададзеныя да лістапада 2020 г.). Схемы пражывання дзеля інвестыцый існуюць у 12 дзяржавах-членах. Яны грунтуюцца на розных сумах і варыянтах інвестыцый.

ав/money.pl