Gazeta Wyborcza друкуе вялікі рэпартаж аб тым, як купіць у Польшчы... малпу. Некаторыя безадказныя палякі купляюць малпаў дзецям на першую прычасць або каханым у падарунку. У адказ на попыт знаходзяцца і асобы, якія займаюцца гадоўляй жывых цацак. У інтэрнэце ёсць абʼявы аб продажы малпаў-капуцын ды іншых мініяцюрных відаў малпаў. Цана: ад 6 да 40 тыс злотых. У Польшчы няма асобнага закону, які акрэслівае прынцыпы гадоўлі і трымання малпаў прыватнымі асобамі.
Людзі часам жадаюць купіць малпу пад уплывам імпульсу, калі ўбачаць такога сімпатычнага звярка дзесьці ў інтэрнэце, або калі шукаюць экстравагантны падарунак. Выданне прыводзіць выказванне аднаго з прадаўцоў малпаў, які адзначае, што ён не прадасць жывёліну кожнаму жадаючаму. Мужчына, які прадставіўся Паўлам, кажа, што трыманне малпы дома можа стаць вялікай праблемай. Напрыклад, ён не прадае малпаў людзям, якія працуюць на стаўку або ў якіх ёсць дзеці. Малпа – гэта дзікі звер, а не цацка, таму да яе гадоўлі неабходна вельмі старанна падрыхтавацца. І не кожны можа трымаць малпу дома.
Павел распавядае, што малпе неабходны пастаянны дагляд. Нельга пакідаць не прыхаванымі прадметы, паколькі цікаўныя жывёлы ўсё паспрабуюць на зуб, у тым ліку людскія лякарствы. У іх даволі часта здараюцца праблемы са здароўем. Малпы не могуць кантраляваць мачу і кал, таму яны пастаянна павінны хадзіць у пялёнцы, ад чаго здараюцца запальныя працэсы. Малпы – гэта стадныя жывёлы, у сямʼі яны могуць імкнуцца дамінаваць над іншымі членамі свайго «стада», асабліва дзецьмі, могуць іх кусаць.
нг