Беларуская Служба

13 красавіка адзначаецца Дзень памяці ахвяраў Катынскага злачынства

13.04.2023 11:12
У гэты дзень ушаноўваецца памяць польскіх ваеннапалонных і вязняў, забітых савецкімі ўладамі вясной 1940 году. 
Аўдыё
  • 13 красавіка адзначаецца Дзень памяці ахвяраў Катынскага злачынства
    -
Польскія вайсковыя могілкі ў Кіеве-Быкоўні PAP/Viacheslav Ratynskyi

Менавіта тады НКУС забіў стрэлам у патыліцу амаль 22 тысячы палякаў, якія трапілі ў палон пасля агрэсіі Савецкага Саюза супраць Польшчы 17 верасня 1939 года.

Расстрэлы працягваліся шэсць тыдняў, з красавіка па травень 1940 года. Савецкія ўлады знішчылі 14 700 ваеннапалонных са спецлагераў НКУС у Казельску, Асташкаве і Старабельску. Іх пахавалі ў брацкіх магілах у Катыні, Медным і Харкаве. Астатнія 7305 чалавек, у тым ліку 3435 з г.зв. Украінскага катынскага спісу і 3870 з г.зв. Беларускага катынскага спісу, у асноўным былі мірнымі жыхарамі. Яны сядзелі ў турмах Заходняй Украіны і Беларусі, на тэрыторыі Польшчы, уключанай у склад СССР.

Сярод расстраляных былі афіцэры Войска Польскага – выдатныя ваеннаначальнікі і стратэгі, паліцэйскія, дзяржаўныя служачыя, навукоўцы, выкладчыкі ВНУ, мастакі, пісьменнікі, лекары, настаўнікі і юрысты. Яны складалі эліту нацыі, яе абарончы, інтэлектуальны і творчы патэнцыял.

Забіваючы польскіх патрыётаў, саветы, як і немцы, хацелі перашкодзіць адраджэнню нашай дзяржавы, а адпаведна – сцерці Польшчу з мапы Еўропы, падкрэсліў кіраўнік Упраўлення па справах ветэранаў вайны і ахвяраў прыгнёту Ян Юзэф Каспшык:

-Акцыя была запланавана вельмі дакладна разам з іншым акупантам, нямецкім Трэцім Рэйхам, паколькі калі гучалі першыя стрэлы ў Катыні, гучалі першыя стрэлы ў Пальмірах, у рамках акцыі, падрыхтаванай Гестапа. Адзін і другі акупанты хацелі пазбавіць Польшчу элітаў, каб краіна, пазбаўленая кіраўнічага слою, ужо ніколі не адрадзілася.

Дзень памяці ахвяраў катынскага злачынства, заснаваны Сеймам Рэспублікі Польшча ў 2007 годзе, прыпадае на гадавіну публікацыі Германіяй, 13 красавіка 1943 году, інфармацыі аб выяўленні масавых пахаванняў польскіх афіцэраў, забітых бальшавікамі ў Катыні. У адказ 15 красавіка Радыё Масквы паведаміла, што злачынства было ўчынена немцамі ў 1941 годзе падчас акупацыі ваколіц Смаленска. Катынская хлусня больш за паўстагоддзя распаўсюджвалася савецкай прапагандай і ўладамі ПНР.

Толькі 13 красавіка 1990 году расійскае агенцтва ТАСС паведаміла, што польскія ваеннапалонныя былі расстраляныя ў 1940 годзе НКУС.

Сведкам адкрыцця масавых пахаванняў у Катыні быў Генрык Трашчынскі (памёр у 2019 г.), які ўвосень 1942 году быў адпраўлены немцамі на прымусовыя работы ў ваколіцы Катыні. Ад мясцовых сялян ён даведаўся, што ў 1940 годзе тут адбыліся забойствы, і што побач ёсць магілы польскіх жаўнераў. Генрык Трашчынскі ўспамінаў, што неўзабаве пасля гэтай інфармацыі немцы пачалі эксгумацыі (запіс апублікаваны ў 2020 годзе на YouTube Інстытутам Пілецкага ў рамках праекту «Сведкі гісторыі»):

-І так пачалі адкрываць катынскія магілы. Ямаў смерці было восем, з якіх дасталі 4321 ахвяр катаванняў. Сярод іх была адна жанчына, паручнік Яніна Левандоўская. Яна ляжала вынятая з ямы на зямлі, а побач ляжаў хлопчык, мясцовы, які падглядаў, і якога забілі, каб не было сведкаў.

Палякаў хавалі ў безыменных ямах смерці, у лясах, каб іх ніколі не знайшлі.

Адзін з нямногіх, з 395-ці тых, хто выжыў, вязень Казельска Станіслаў Свяневіч (памёр у 1997 г.) успамінаў, што, назіраючы за перавозамі ваеннапалонных, не спадзяваўся масавых забойстваў:

-Чаму ў гэты прыгожы вясенні дзень ім не загадалі маршыраваць, як звычайна гэта рабілі падчас перавозкі ў іншыя мясцовасці? Навошта гэтыя надзвычайныя сродкі асцярожнасці? Навошта штыкі на вінтоўках? Тады ў мяне не было адказу на гэтае пытанне. Аднак мне нават не прыйшло ў галаву, што гэта можа быць экзекуцыя.

Палякаў забівалі на падставе звышсакрэтнай пастановы ад 5 сакавіка 1940 года, падпісанай Іосіфам Сталіным і яго таварышамі з Палітбюро. Ён загадаў знішчыць больш за 25 тысяч польскіх ваеннапалонных, якія ўтрымліваліся ў лагерах і турмах Украіны і Беларусі.

Гісторык, прафесар Ян Жарын сказаў Польскаму радыё (2022), што расстрэлы ў Катыні былі помстай Сталіна за 1920 год, то бок прайграную Варшаўскую бітву, а адпаведна і ўсю польска-бальшавіцкую вайну:

-За тое, што тады ім не ўдалося падпарадкаваць Польшчу і Еўропу. І гэтая помста была выразным знакам таго, што Расія памятае пра сваю гісторыю і працягвае. Расія – гэта не краіна, у якое няма гістарычнай палітыкі. Яны, з палітычнага пункту гледжання, заснавалі сваю дзяржаву на ўласнай, для нас трагічнай, жахлівай традыцыі.

Ахвяры катынскага расстрэлу былі пахаваныя ў Катыні пад Смаленскам, Медным каля Цверы, Пяцічатках на ўскраіне Харкава і ў Быкоўні пад Кіевам. Праўдападобна, таксама ў Курапатах пад Мінскам у Беларусі, дзе паводле г.зв. Беларускага спісу могуць спачываць 3870 палякаў.

У 60-ю гадавіну злачынства ў 2000 годзе былі адкрыты польскія могілкі ў Катыні, Медным і Харкаве, а ў 2012 годзе – чацвёрты некропаль у Быкоўні ва Украіне.

У 2004 годзе скончылася 14-гадовае следства расійскай ваеннай пракуратуры. Расіяне не прызналі Катынскія злачынствы генацыдам і нікога не прыцягнулі да адказнасці.

Расследаванне гэтай справы з 2004 года вядзе Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы. Гісторыкі Інстытута нацыянальнай памяці лічаць катынскія расстрэлы генацыдам па прычыне яго ідэйнай матываванасці па класавых, а фактычна нацыянальных прыкметах і масавага характару. Пакуль Расійская Федэрацыя не перадала 35 тамоў матэрыялаў катынскага расследавання, запытаных польскім бокам.

ав


80 гадоў таму немцы паведамілі аб магілах польскіх жаўнераў у Катыні

13.04.2023 08:30
Паводле гісторыкаў, інфармацыя аб Катынскім расстрэле стала падвойным ударам для Польшчы.