Беларуская Служба

«Размова пра тое, каб ні ў каго не было сумненняў у законнасці аказання гуманітарнай дапамогі»

13.04.2023 12:45
Па дадзеных групы Granica, да сярэдзіны сакавіка было зафіксавана 38 загінулых з ліку мігрантаў з польскага і беларускага боку.  
Ілюстрацыйны здымакфота: Shutterstock/ Ajdin Kamber

Gazeta Wyborcza публікуе вялікі тэкст Мацея Халадоўскага пра гуманітарны складнік міграцыйнага крызісу на польска-беларускай мяжы. 

Камітэт Сената па правах чалавека, вяршэнстве права і петыцыям разгледзіць магчымасць працы над абаронай найбольш уразлівых груп мігрантаў, каб змякчыць наступствы крызісу на польска-беларускай мяжы. Тым часам віцэ-міністр Мацей Васік (Maciej Wąsik) сцвярджае, што ніякай гуманітарнай праблемы тут няма.

Падчас апошняга паседжання сенацкага камітэту па правах чалавека, вяршэнстве права і петыцыям (12 красавіка) абмяркоўваўся гуманітарны крызіс на польска-беларускай мяжы і працэдуры вяртання мігрантаў на лінію дзяржаўнай мяжы, то бок адцісканні.

Прапановы нарматыўных актаў, якія б змякчылі гуманітарны крызіс на польска-беларускай мяжы, а таксама не дапусцілі нявыгадных для Польшчы рашэнняў Еўрапейскага суду па правах чалавека, прадставіў загадчык юрыдычнага факультэту Ягелонскага ўніверсітэту праф. Уладзімеж Урубель (Włodzimierz Wróbel).

Ён адзначыў: «Гаворка ідзе пра стварэнне каталога асабліва адчувальных суб'ектаў, пачынаючы з ахвяраў гандлю людзьмі, як гэта вызначана Крымінальным кодэксам. Хачу нагадаць, што ахвярамі гандлю людзьмі таксама становяцца людзі, якія былі падманутыя і ў выніку гэтага падману перапраўляюцца праз мяжу за грошы (як і на мяжы Беларусі з Польшчай – рэд.). Такія асобы падлягаюць міжнароднай абароне». Ён прапанаваў таксама забяспечыць абарону іншым асабліва ўразлівым групам мігрантаў: непаўналетнім, цяжарным жанчынам, пажылым людзям, людзям з абмежаванымі магчымасцямі, асобам, чый псіхафізічны стан паказвае на тое, што яны зʼяўляюцца ахвярамі гвалту, або іх псіхафізічны стан робіць цяжкім або немагчымым вызначэнне статусу гэтых людзей. Такія асобы заставаліся б пад апекай дзяржавы, пакуль суд не прызначыць ім адваката па службовай пасадзе. Памежная служба не прадпрымала б ніякіх дзеянняў, пакуль не звяжацца з прадстаўніком такіх асоб. Палажэнне прадугледжвае спрошчаны доступ да суда.

Размова пра тое, каб ні ў каго не ўзнікла сумненняў у законнасці аказання гуманітарнай дапамогі.

«Гаворка не ідзе аб падрыве цяперашняй палітыкі дзяржаўнай бяспекі. Гаворка ідзе пра, хоць гэта можа і банальна прагучаць, водгук сэрца, то бок абараніць найбольш уразлівых, як гэта неаднаразова ўмела рабіць польская дзяржава. Гэтых людзей проста нельга выкінуць», – гаворыць праф. Уладзімеж Урубель.

Былы намеснік упаўнаважанага па правах чалавека Ганна Мачыньска нагадала, што так званыя пуш-бэкі (адцісканні), якія праводзяцца на польска-беларускай мяжы, зʼяўляюцца «незаконным інструментам», напрыклад, у адпаведнасці з выразнай пазіцыяй Рады Еўропы ў гэтым пытанні.

Намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Мацей Васік, які ўдзельнічаў у пасяджэнні камісіі, заявіў, што на польска-беларускай мяжы маем справу не з гуманітарным крызісам, а з «сурʼёзнай гібрыднай вайной», якая «вядзецца дыктатарам Беларусі з ведама Уладзіміра Пуціна супраць усяго ЕС». Ён падкрэсліў, што «мы маем справу не з натуральнай міграцыяй або рухам бежанцаў», а з наўмыснымі дзеяннямі беларускіх спецслужбаў і памежнікаў гэтай краіны.

Па дадзеных групы Granica, да сярэдзіны сакавіка было зафіксавана 38 загінулых з польскага і беларускага боку.

Мацей Васік адзначыў, што ў 2021 годзе сярод мігрантаў былі семʼі з дзецьмі, цяпер пераважаюць «маладыя, часта спартыўныя мужчыны». Ён дадаў, што значная частка мігрантаў не зацікаўленыя ў статусе бежанца ў Польшчы, аддаючы перавагу зʼязджаць з Польшчы на Захад.

Разам з тым людзі, якія дапамагаюць мігрантам на польска-беларускім памежжы катэгарычна не згодныя з такімі фармуліроўкамі. Прафесар Міраслаў Выжыкоўскі (Mirasław Wyrzykowski, былы суддзя Канстытуцыйнага трыбуналу – рэд.) гаворыць, калі на польска-беларускай мяжы ідзе гібрыдная вайна, то бок дзяржава знаходзіцца ў стане вайны, яна асаблівым чынам абавязана прымяняць канвенцыі, якія абараняюць грамадзянскіх ахвяр. І такімі ахвярамі становяцца замежнікі, завабленыя бачаннем лёгкага шляху міграцыі ў пастку гандлю людзьмі.

Матэрыял цалкам чытайце ў Gazeta Wyborcza.

вх