Беларуская Служба

Палякі святкуюць Дзень Хрышчэння Польшчы

14.04.2023 15:33
Хрышчэнне Польшчы запачаткавала фармаванне польскага народу.
Аўдыё
  • Палякі святкуюць Дзень Хрышчэння Польшчы
 ,  , 1889
Ян Матэйка, Увядзенне хрысціянства, 1889Autorstwa Jan Matejko - http://cyfrowe.mnw.art.pl/dmuseion/docmetadata?id=31479, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=53474881

14 красавіка палякі святкуюць Дзень Хрышчэння Польшчы, заснаваны Сеймам у 2019 годзе ў памяць аб хрышчэнні князя палян Мешка І, 14 красавіка 966 года. Паводле гісторыкаў, згаданая дата азначае пачатак працэсу хрысціянізацыі польскіх земляў і пачатак польскага народу і дзяржаўнасці. Хрост увёў краіну ў заходнееўрапейскае культурнае кола; прынёс шмат змен, не толькі рэлігійных і палітычных, але, перш за ўсё, сацыяльных.

Мешка І вырашыў хрысціцца з Рыма. Прыняццю заходняга хрысціянства папярэднічаў яго шлюб з чэшскай князёўнай Дабравай у 965 годзе. Мешка I лічыў, што чэшскі князь стане яго хаўруснікам у барацьбе са славянскімі Вялетамі, кажа гісторык Гжэгаж Мысліўскі (Grzegorz Myśliwski)

- У той час шлюбы былі палітычнымі саюзамі, і ў дадзеным выпадку, гэта было таксама ўмацаванне рашэння аб хрышчэнні за пасярэдніцтвам Чэхіі. Хоць Чэхія не была рэлігійна самастойнай – толькі ў 973 годзе было створанае першае біскупства ў Празе, несумненна, яна была для Мешка I больш зручным хрысціянізатарам, чым немцы. Апрача таго, саюз Мешка з чэхамі на нейкі час разрываў саюз чэхаў з Вялетамі – паморскім племенем, якое моцна турбавала князя палян. Усё гэта прычынілася да таго, што ў 966 годзе адбылося хрышчэнне Мешка І і яго двара, то бок таксама ўсіх жыхароў яго дзяржавы. На практыцы хрысціянізацыя працягвалася доўгі час. Тым не менш, на міжнароднай арэне з 966 года Польшча стала ўспрымацца, як хрысціянская краіна.

- кажа гісторык Гжэгаж Мысліўскі.

Пачатак працэсу хрысціянізацыі польскіх земляў, азначае таксама пачатак фармавання польскага народу, пераконвае гісторык прафесар Анджэй Новак(Andrzej Nowak):

- Нейкая форма палітычнай арганізацыі, у якой большая супольнасць – большая чым племя, была падпарадкаваная нейкай структуры ўлады, несумненна існавала да 966 года. Інакш не было б рашэння аб хрышчэнні, не было б Гнезна. Гісторыкі згодныя, што час будавання згаданых фундаментаў быў даволі кароткі і сягаў пачатку X стагоддзя. У сваю чаргу, цяжка гаварыць пра польскі народ да 966 года, як і неадкладна пасля гэтай даты. Аднак без хрышчэння народ не мог бы сфармавацца.

Гэта патрабавала пераадолення пляменных падзелаў, сфармаваных на розных рэлігіях і палітычных структурах. У сваю чаргу дзеля гэтага неабходная была культура, кажа прафесар Новак:

- Культура, пра якую ідзе гаворка азначае «вырошчванне» духа – стварэнне сімвалічнай прасторы, запоўненай знакамі, якіх спачатку разумеюць эліты, а цягам часу таксама чарговыя грамадскія колы супольнасці. Гэткія сімвалы, гэта хрышчэнне, Мешка I і Дабрава, а таксама святы Войцех. Такім чынам фармуецца супольнасць, якая мае пачуццё агульнай місіі і значэння на міжнароднай арэне. Менавіта ўзнікненне такой супольнасці пачынаецца з 966 года.

Няма сумневаў, што польскі народ пачаў фармавацца з прыняцця хрышчэння, пераконвае гісторык:

- Зразумела ёсць народы з варварскімі каранямі. Напрыклад Германы, маюць такую традыцыю, якая сягае часоў да Хрыста. Галы – продкі сучасных французаў. Падобная традыцыя таксама ў вугорцаў. Нельга тады казаць, што пачатак усіх народаў датуецца хрышчэннем. Аднак у выпадку польскага народа, яго варварскія традыцыі былі надта слабыя, каб пераадолець глыбокія пляменныя падзелы. Таксама тыя ж немцы ці французы фармаваліся ў працяглым працэсе, у якім прыняцце хрысціянства мела вялікае значэнне. Дарэчы, немцы пераадолелі гэтыя падзелы толькі ў часы Бісмарка, то бок у XIX стагоддзі.

- кажа прафесар Анджэй Новак.

У памяць аб Хрышчэнні Польшчы, 22 лютага 2019 года польскі Сейм адмысловым актам заснаваў дзяржаўнае свята, якое павінна стаць нагодай для разважання аб адказнасці за будучыню польскага народа.

Дэпутаты назвалі хрышчэнне Польшчы «ключавой падзеяй у гісторыі польскага народа і дзяржавы». Хрышчэнне Польшчы лічыцца адначасова сімвалічнай датай заснавання польскай дзяржавы і Каталіцкага касцёла на яе тэрыторыі.

Польшча была залічана да групы хрысціянскіх сучасных краін, што забяспечыла яе хуткае развіццё і рост значэння сярод еўрапейскіх краін. Праз 34 гады нямецкі імператар Атон ІІІ прыехаў у Гнезна і каранаваў сына Мешка І князя Баляслава Храброга. Гэтая падзея ўвайшла ў гісторыю як Гнезненская канвенцыя. Яе вынікам стала стварэнне першай у Польшчы мітраполіі са сталіцай у Гнезна і трох падпарадкаваных ёй біскупстваў – у Кракаве, Вроцлаве і Калобжэгу. Гэта гарантавала аўтаномію маладому Касцёлу і незалежнасць Польшчы.

Прыняцце хрысціянства мела для Польшчы вырашальнае значэнне – гэта бясспрэчны факт. Аднак пра гэты канкрэтны момант у гісторыі, спасылаючыся на факты, гісторыкі могуць сказаць вельмі мала. Цяжка знайсці крыніцы, якія б паказалі, як насамрэч выглядаў пачатак польскага хрысціянства.
Мяркуецца, што хрышчэнне Мешка І адбылося падчас пантыфікату Яна XIII. Большасць гісторыкаў сыходзяцца ў меркаванні, што падзея адбылася ў Вялікую суботу 14 красавіка 966 года, бо, паводле старажытнай традыцыі Касцёла, у гэты час адбывалася хрышчэнне катэхуменаў. Месца хрышчэння пакуль не было вызначанае. Гісторыкі бяруць пад увагу, між іншым, Гнезна, Острув-Ледніцкі або Познань.

Акт хрышчэння распачаў працэс хрысціянізацыі тагачаснай польскай дзяржавы і ўключыў яе ў сям'ю хрысціянскіх народаў Еўропы. Усталяванне касцельнай структуры спрыяла кіраванню краінай, а касцельныя іерархі дапамагалі рэалізаваць дзяржаўныя задачы. Праз хрышчэнне і працэс хрысціянізацыі Польшча трывала звязалася з заходнім колам еўрапейскай культуры.

IAR/аз