У Беларусі працягваюцца чарговыя вучэнні. Гэтым разам беларускае войска правярае эфектыўнасць сродкаў супрацьпаветранай абароны, паведамляе тыднёвік Wprost.
Паводле заяваў Міністэрства абароны Беларусі, вайскоўцы будуць трэніравацца ў вызначаных рэгіёнах краіны для абароны, напрыклад, аб'ектаў крытычнай інфраструктуры ад нападаў з выкарыстаннем, у тым ліку, крылатых ракет.
«У адпаведнасці з планам падрыхтоўкі з 19 па 22 красавіка праводзіцца тактычная трэніроўка з адным з падраздзяленняў ВПС і войскаў СПА», – гаворыцца ў прэс-рэлізе беларускага ведамства.
Мінская прапаганда ўжо даўно палохае грамадзян «пагрозай» з боку НАТА, нагадвае выданне. У якасці крыніцы ўяўнай небяспекі, часцей за ўсё, называецца Польшча. Прапагандысты спрабуюць пераканаць беларусаў, што рэалізаваны цяпер план мадэрнізацыі Войска Польскага, які па сутнасці зʼяўляецца адказам на пагрозу з боку Расіі і носіць выключна абарончы характар, зʼяўляецца падрыхтоўкай да ўварвання ў Беларусь.
Вучэнні СПА Беларусі – чарговы этап «рэакцыі» на нібыта пагрозу. Днём раней, 18 красавіка, таксама пачаліся вучэнні тэрытарыяльнай абароны ў Беларусі. У іх удзельнічаюць атрады грамадзянскай абароны, якія былі нядаўна сфарміраваны з мясцовага насельніцтва. Сярод іх і жанчыны.
Вучэнні праходзяць у памежнай Гродзенскай вобласці. Іх мэта – падрыхтоўка да «абароны абʼектаў інфраструктуры і барацьбы з дыверсійна-разведвальнымі групамі», паведамляе тыднёвік Wprost.
аз