Беларуская Служба

Рэвалюцыйны тэст на эндаметрыёз, узнагароджаны ў конкурсе «Польскі прадукт будучыні»

21.04.2023 10:30
На сёлетні конкурс «Польскі прадукт будучыні» былі пададзеныя 148 тэхналагічна інавацыйныя праекты.
Аўдыё
  • Рэвалюцыйны тэст на эндаметрыёз, узнагароджаны на конкурсе «Польскі прадукт будучыні»
          25-    .
Міністр развіцця і тэхналёгій Вальдэмар Буда падчас цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў 25-га конкурсу «Польскі прадукт будучыні». PAP/Andrzej Lange

У чацвер увечары ў будынку Фізічнага факультэта Варшаўскага тэхналагічнага ўніверсітэта адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў 25-га конкурсу «Польскі прадукт будучыні». Яго арганізатарамі з’яўляюцца: Польскае агенцтва развіцця прадпрымальніцтва і Нацыянальны цэнтр даследаванняў і развіцця.

У намінацыі «Прадукт будучыні прадпрымальніка» ўзнагарода была прысуджаная кампаніі Diagendo за медыцынскі тэст EndoRNA qRT-PCR. Гэта інавацыйны тэст для хуткага выяўлення ў жанчын эндаметрыёзу – хранічнага захворвання палавых органаў. Нагадваем, эндаметрыёзам хварэюць каля 10 працэнтаў жанчын дзетароднага ўзросту ў свеце.

Віцэ-старшыня кампаніі Diagendo доктар Ілона Каляшчыньска(Ilona Kalaszczyńska) патлумачыла, што тэст значна скарачае час, неабходны для пацверджання або выключэння эндаметрыёзу ў жанчын:

- Больш за 200 мільёнаў жанчын у свеце хварэюць эндамэтрыёзам. Кожны дзень пацвярджаюцца новыя выпадкі захворвання. Між тым, сам працэс пацвярджэння захворвання вельмі працяглы – ад некалькіх да больш за дзесяці гадоў у крайніх выпадках. Наш тэст дазваляе скараціць гэты час да некалькіх дзясяткаў гадзінаў з моманту атрымання спробы.

У намінацыі «Прадукт будучыні вышэйшых навучальных устаноў і навукі» пераможцам стаў Інстытут фізікі высокага ціску Польскай акадэміі навук. Каманда навукоўцаў была ўзнагароджана за рэзервуар для захоўвання вадароду высокага ціску з «падвойнай кашуляй», які будзе выкарыстоўвацца ў аўтамабілях, што працуюць на гэтым паліве.

Інжынер Анджэй Мараўскі(Andrzej Morawski) з Інстытута фізікі высокага ціску Польскай акадэміі навук сказаў, што на самой справе рэзервуар складаецца з дзвюх частак – знешняй, напоўненай іншым газам або таксама вадародам, якая з’яўляецца «апорай» для другога, унутранага рэзервуара:

- Унутраны рэзервуар, у прыватнасці, больш высокі ціск ва ўнутраным рэзервуары, падтрымлівае знешні рэзервуар. Дзякуючы гэтаму можна запампоўваць больш вадароду. Гэта гібрыдная канструкцыя, то бок у рэзервуарах могуць знаходзіцца два розныя газы. Дзякуючы гэтаму канструкцыя бяспечная, паколькі не можа выбухнуць.

У сваю чаргу ў катэгорыі «Агульны прадукт будучыні ўстановаў вышэйшай адукацыйныі, навукі і прадпрымальніка» ўзнагароду атрымалі: кампанія W2H2 і Гданьскі тэхналагічны ўніверсітэт. Іх інавацыйны прадукт – гэта рэактар для піролізу прамысловых і камунальных адходаў, які дазваляе кантралявана спальваць смецце і атрымаць вадарод.

Адказваў за рэалізацыю ідэі саўладальнік кампаніі W2H2 Лукаш Лупіна(Łukasz Łupina), паясняе, што тэхналогія мае дзве задачы:

- Першая задача – гэта ўтылізацыя адходаў. У сваю чаргу другая, гэта вытворчасць вадароду, у прыватнасці сінтэтычнай сумесі з высокім утрыманнем вадароду. З гэтай сумесі пазней можна атрымаць чысты вадарод. Карысці дзве. Першая, гэта ўтылізацыя смецця, а другая – экалагічная вытворчасць вадароду, якая аблегчыць энергетычную трансфармацыю краіны.

У цырымоніі ўручэння ўзнагародаў 25-га конкурсу «Польскі прадукт будучыні» акрамя пераможцаў, вядомых навукоўцаў і прадпрымальнікаў, прысутнічалі прадстаўнікі польскага ўрада, у тым ліку міністр развіцця Вальдэмар Буда, намеснік міністра фінансаў Марцін Гарала, а таксама міністр з Канцылярыі прэзідэнта Анджэй Дэра.

«Інавацыі з'яўляюцца рухавіком польскай эканомікі», – пераконваў падчас мерапрыемства міністр развіцця і тэхналогій Вальдэмар Буда. «Стварэнне новых ідэяў, распрацоўка новых тэхналогій і вывад на рынак новай прадукцыі зʼяўляюцца ключавымі для развіцця эканомікі», заявіў палітык. Ён нагадаў, што Міністэрства развіцця і тэхналогій актыўна падтрымлівае навуковыя даследаванні і распрацоўкі рознымі відамі інструментаў, якія прызначаныя для польскіх прадпрымальнікаў і навукоўцаў.

«Узнагароджаныя праекты зʼяўляюцца доказам таго, што наша эканоміка і навука развіваюцца ўсё больш дынамічна, а польскім прадпрымальнікам і навукоўцам належыць значная доля ў пошуку адказаў на найважнейшыя сацыяльныя пытанні і праблемы развіцця сучаснай цывілізацыі», – сказаў міністр фінансаў і рэгіянальнай палітыкі Гжэгаж Пуда.

Старшыня Польскага агенцтва развіцця прадпрымальніцтва Дарыюш Будроўскі паведаміў, што да гэтай пары на Конкурс «Польскі прадукт будучыні» былі пададзеныя больш за 1 600 інавацыйных праектаў практычна ў кожнай сферы. Больш за 200 з іх былі ўзнагароджаныя і паспяхова ажыццяўлёныя.

Мэтай конкурсу «Польскі прадукт будучыні» зʼяўляецца вылучэнне і прасоўванне найбольш інавацыйных прадуктаў і тэхналогій, якія маюць шанец заваяваць унутраны і сусветны рынак. Конкурс таксама займаецца прасоўваннем рашэнняў, якія маюць шанец павысіць якасць жыцця людзей у будучыні.

На сёлетні конкурс «Польскі прадукт будучыні» былі пададзеныя 148 тэхналагічна інавацыйных праектаў, звязаных, напрыклад, з аднаўляльнымі крыніцамі энергіі, медыцынай, прамысловай перапрацоўкай, электронікай, біятэхналогіямі. Большасць з іх, ажно 129, паступілі непасрэдна ад прадпрымальнікаў, 9 – ад установаў вышэйшай адукацыі і навукі (універсітэтаў і навукова-даследчых інстытутаў) і 10 заявак на праекты, якія рэалізуюцца сумесна такімі ўстановамі і прадпрымальнікамі.

Патронамі конкурсу з’яўляюцца: Міністэрства фондаў развіцця і рэгіянальнай палітыкі, Міністэрства развіцця і тэхналогій і Міністэрства адукацыі і навукі.

IAR/аз