На гэтым тыдні ў Польшчы ды ўсім свеце з нагоды 80-й гадавіны пачатку прыгадвалі Паўстанне ў Варшаўскім гета. Першае гарадское паўстанне ў акупаванай нацыстамі Еўропе і найбуйнейшае паўстанне ў гета. Гэтым гераічным і безнадзейным збройным чынам кіраваў маладзён Мардэхай Анялевіч.
Каля 750 паўстанцаў амаль месяц змагаліся з нацыстамі ў Варшаўскім гета, у якім на плошчы 306 га першапачаткова пражывала каля паўмільёна чалавек. 300 тысяч з іх да часу паўстання – да красавіка 1943 года – ужо былі вывезеныя ў канцлагер у Трэблінцы, яшчэ 100 тысяч памерлі ад хваробаў, голаду і невыносных умоваў гета, у выніку на красавік 1943 года ў Варшаўскім гета заставалася каля 70 тысяч чалавек. Паўстанне выбухнула, калі нацысты ўвайшлі ў гета для правядзення татальнай зачысткі.
23-гадовы арганізатар і кіраўнік паўстання Мардэхай Анялевіч назваў выбух паўстання марай свайго жыцця: «Мы не збіраемся ратаваць сябе. З нас ніхто не выжыве. Мы хочам выратаваць гонар народу», занатаваў Анялевіч словы невядомага паўстанца. Гэтыя словы аказаліся прарочымі.
Постаць кіраўніка Габрэйскай баявой арганізацыі Мардэхая Анялевіча наблізіла Анка Групіньска ў сваёй кніжцы «Ciągle po kolе» ( па-бел. «Усцяж па крузе»). Кніга – гэта запіс размоваў, якія Анка Групіньска вяла ў 1985-2000 гадах з яўрэйскімі паўстанцамі, сярод якіх: Марэк Эдэльман – бліжэйшы паплечнік Анялевіча, Шмуэль Рон, Маша Глайтман-Путэрмільх, Арон Кармі ды іншыя. На аснове гэтых гісторый Анка Групіньска стварыла ўласнае ўяўленне пра Мардэхая Анялевіча.
Усім ён запомніўся па-рознаму, адсюль і неадназначная ацэнка чалавека, які ў 23 гады стаў на пярэднім краі няроўнай барацьбы за годнасць і гонар людзей, наканаваных на смерць.
«Анялевіч – быў бескампрамісны, апантаны барацьбой і гэта дорага каштавала яго паплечнікам», кажа пісьменніца:
-13 сакавіка 1943 напярэдадні паўстання Анялевіч збіраў зброю і амуніцыю дзеля будучага паўстання. Ён загадаў забіць аднаго з нямецкіх ахоўнікаў гета. Яны забілі яго і авалодалі зброяй. Пасля ў адказ немцы забілі 400 жыхароў гета. Марэк Эдэльман – яго найбліжэйшыя паплечнік, які перажыў паўстанне, не пагаджаўся з такімі метадамі барацьбы Анялевіча і ён меў на гэта права.
Паўнаты вобразу ачольніка паўстання, яго апантасці барацьбою і жадання помсты нацыстам, дадае наступная гісторыя, па якой бачна – Анялевіч не меў літасці, ні да ворагаў, ні да пабрацімаў і ў рэшце рэшт не да самаго сябе.
-Гісторыі пра Анялевіча вельмі абрывістыя. Не складваецца поўны вобраз гэтага чалавека, бо мала хто ведае яго блізка. Падчас гутаркі з Машай Путэрмільх, якая перажыла паўстанне, была чальцом «Бунта», яна распавяла мне вельмі красамоўную гісторыю пра Анялевіча. Маша Путэрмільх сябравала з Мэйлахам Пэрэльманам. На чацвёрты-пяты дзень паўстання яны пачалі хадзіць на так званыя «двойкі». Калі паўстанцы ведалі, што немцы будуць паліць і зачышчаць нейкі дом, яны ўчынялі там засаду і забівалі як мага больш акупантаў. Вядома, выжыць у такой акцыі было вельмі складана. І падчас адной з такіх пастак Мэйлах Пэрэльман быў цяжка паранены ў жывот, ён не мог ісці. Гэта трапілася недалёка ад Мілай 18, дзе быў моцны бункер баявой арганізацыі, дзе быў Анялевіч. І што ж можна было зрабіць з Мэйлахам? Можна было яго перацягнуць у той бункер, можна было забіць на месцы... было відавочна, што ён памрэ пакутніцкай смерцю. А можна было пакінуць са зброяй у руках і пайсці далей. Мардэхай Анялевіч вырашыў іначай. Ён пакінуў яго жывога і без зброі, якая, на яго думку, была патрэбней паўстанню...
Анялевіч нарадзіўся ў 1919 г. паходзіў з габрэйскай сям'і, якая жыла на варшаўскім Павіслі. Яго бацька Абрам трымаў краму, з якой утрымліваў сямʼю.
З 1934 года Мардэхай Анялевіч належаў да левай сіянісцкай скаўцкай арганізацыі Хашомер Хацаір. Праз пяць гадоў ён увайшоў у Вярхоўны штаб гэтай арганізацыі.
Апынуўшыся ў Варшаўскім гета, вясной 1942 года ён стаў суарганізатарам Габрэйскага антыфашысцкага блока – арганізацыі, якая дзейнічала ў розных гета Генерал-губернатарства і Сілезіі. Анялевіч удзельнічаў у надзвычай небяспечнай перапраўцы габрэяў з акупаванай Еўропы. 2 снежня 1942 г. стаў камандзірам Габрэйскай баявой арганізацыі. Ён быў адным з арганізатараў замаху на Якуба Лейкіна – намесніка камандзіра габрэйскай службы парадку ў Варшаўскім гета.
19 красавіка 1943 года Анялевіч узначаліў паўстанне ў Варшаўскім гета, а загінуў 8 траўня 1943 г. разам з большай часткай камандавання Габрэйскай баявой арганізацыі ў бункеры на вул. Міла, 18 (Miła 18). Скончыў жыццё самагубствам разам з каля 100 іншымі паўстанцамі.
«Пераможцы габрэяў» – так называлі салдаты вермахта эсэсаўцаў, якія ўварваліся ў схованку з пяці бакоў, папярэдне закідаўшы яе газавымі бомбамі. Мардэхай загінуў разам са сваімі лепшымі таварышамі па баявой арганізацыі.
«Так загінуў адзін з лепшых і найвысакароднейшых людзей з тых, хто аддаў жыццё габрэйскаму народу», – апісаў смерць Анялевіча Эмануэль Рінгельблюм- гісторык, заснавальнік арганізацыі Онэг Шабат, якая дакументавала лёсы габрэяў пад нямецкай акупацыяй. Дарэчы Эмануэль Рінгельблюм разам з сямʼё здолей пакінуць гета напярэдадні паўстання. На працягу года займаўся канспіратыўнай дзейнасцю ў габрэйскім падполлі. Аднак у сакавіку 1944 г. яго выкрыла гестапа і пасля катаванняў разам з жонкай і малалетнім сынам Эмануэль Рінгельблюм быў страчаны.
Лёс гэтай сям’і падзялілі каля шасці мільёнаў габрэяў, якія былі знішчаны падчас Халакосту ў выніку мэтанакіраванай палітыкі Трэцяга Рэйха ды яго памагатых.
Слухайце аўдыё!
PR/эж