Беларуская Служба

Так працуе лукашэнкаўская прапаганда: дзеці гуляюць у «польскіх фашыстаў»

24.04.2023 12:14
«Пра Польшчу кажуць, што яна рыхтуецца напасці на Беларусь, збірае танкі на мяжы, што гэта наш вораг».
Беларуская прапагандакрыніца: Белта

У Беларусі настойліва развіваецца антыпольская прапаганда. Дзеці ў некаторых школах чуюць ад настаўнікаў словы, падобныя да тых, якія гучаць у выказваннях Аляксандра Лукашэнкі, – чытаем на папулярным у Польшчы партале onet.pl.

«Белсат» звярнуўся да бацькоў вучняў пачатковых і сярэдніх класаў, і да студэнтаў. Паводле іх ацэнак, у кожнай з інстытуцыяў Польшча падаецца ў негатыўным святле.

Расія «вызваліла» беларусаў ад «польскага ярма»

Па словах бацькі аднаго вучня, настаўніца, якая нарадзілася і вырасла ў часы СССР, рэгулярна каментуе навіны, усхваляе Пуціна і Лукашэнку. Падобны кантэнт пастаўляецца кіраўніцтвам школы.

«Пра Польшчу кажуць, што яна рыхтуецца напасці на Беларусь, збірае танкі на мяжы, што гэта наш вораг, што палякі заўсёды нас прыгняталі, трымалі нас у рабстве, пакуль Расія нас не вызваліла. З нагоды 17 верасня настаўнікі кажуць, што Савецкі Саюз вызваліў Беларусь ад польскага ярма, а перад гэтым нібыта палякі забілі тысячы беларусаў», – распавёў «Белсату» бацька вучня школы ў Брэсце. Настаўнікі таксама распавядаюць дзецям, што палякі «пабудавалі на мяжы плот, які забівае жывёл, а польская памежная служба забівае мігрантаў».

Суразмоўца «Белсату» дадае, што дзеці паўтараюць пачутыя «праўды», здараецца нават, што гуляюць у «польскіх фашыстаў».

Вучняў выклікаюць на размову

Тое ж самае і з прапагандай ва ўніверсітэце. Студэнты слухаюць матэрыялы, накіраваныя супраць Польшчы, у прыватнасці, з нагоды нацыянальных святаў, асабліва 17 верасня (Дзень народнага адзінства) і 7 лістапада – у гадавіну бальшавіцкай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Некаторыя студэнты спрабуюць дыскутаваць з гэтым наратывам, рэагуюць крытычна, але ёсць таксама шмат студэнтаў, якія маюць адназначна антыпольскія погляды.

Вучань школы з Брэста распавёў «Белсату», што і ў яго, і ў іншых школах настаўнікі пыталіся ў дзяцей, хто ходзіць на заняткі польскай мовы і хто мае намер вучыцца ў Польшчы.

Вучняў, якія ў гэтым прызнаваліся, дырэктар ці яго намеснік выклікалі на размову. Здаралася і так, што некаторыя настаўнікі змянялі сваё стаўленне да гэтых вучняў на негатыўнае.
яс