Спецыялісты ўздыхнулі з палёгкай, камп'ютары не знішчаць кнігі, а моладзь не застанецца толькі ў свеце віртуальнай камунікацыі ды камп'ютарных гульняў.
Паводле праведзенага даследавання, у Польшчы назіраецца значны рост практык чытання сярод польскіх падлеткаў. Паводле справаздачы Нацыянальнай бібліятэкі аб стане чытання кніг у Польшчы ў 2022 годзе, у 2021 годзе чыталі 60% падлеткаў, а праз год 72% гэтай групы заявілі, што чытаюць кнігі. 34% апытаных ва ўзросце не менш за 15 гадоў заявілі, што чытаюць хаця б адну папяровую або лічбавую кнігу.
«Гэта азначае, што адбылося нешта вельмі добрае, калі вучні вярнуліся ў школу і пачалі з'яўляцца кантакты з аднагодкамі», — тлумачыць дырэктар Нацыянальнай бібліятэку Тамаш Макоўскі.
- Нас узрадавала навіна, што 72% моладзі чытаюць кнігі, яшчэ лепш тое, што 18% з іх чытаюць інтэнсіўна, то бок больш за 7 кніг за год. Гэта вялізарная змена, якая адбылася цягам апошняга года-двух. Пры папярэдніх даследаваннях было толькі 5% такіх сярод моладзі. Гэта значыць, што вяртанне вучняў у школы стала вельмі добрым фактарам. Вярнуліся кантакты сярод аднагодак, дзеянні ў рамках дзяржаўных праграм, Інстытута кніжак далі таксама пазітыўныя эфекты.
Моладзь не баіцца чытаць тоўстыя кніжкі, кажа адмысловец.
- Я заўважыў цікавую тэндэнцыю ў варшаўскім метро, што моладзь чытае тоўстыя кніжкі. Метро, дарэчы, цікавы прыклад, бо мы бачым дарослых людзей, якія чытаюць. Мы вучымся чытаць праз прыклад. Калі вакол моладзі не будзе дарослага, які чытае, не будзе прыкладу. Мы нараджаемся непісьменнымі, нехта мусіць нам даць прыклад. Таму важна, што ў метро ёсць людзі, якія чытаць. Дарэчы, з чытаннем прасцей у буйных гарадах. У вёсках ці мястэчках горшая сітуацыя з доступам да кніжак. Там трэба яшчэ працаваць.
Сярод найбольш чытаных пазіцый на першым месцы крымінальная літаратура і трылеры, распавядае сацыёлаг і культурны антраполаг, аўтар даследавання з Нацыянальнай бібліятэкі Раман Чымкоўскі.
- Калі паглядзець на выбар кніжак, якія палякі чытаюць, можна заўважыць вялікую разнастайнасць. Па-першае, гэта мастацкая літаратура. У першую чаргу гэта дэтэктывы, а потым любоўныя раманы. Другі блок кніг, якія чытаюць палякі, — гэта кнігі шырока зразуметага школьнага канону. Гэта раманы Генрыха Сенкевіча, паэтычныя творы Адама Міцкевіча ды інш. Па-трэцяе, гэта група аматараў літаратуры з мастацкімі амбіцыямі, тут мы знойдзем кнігі, сярод іншых, Шчэпана Твардоха. Калі ўзяць пад увагу колькасць насельніцтва ў Польшчы, дамінуе літаратура больш простага гатунку. Апошнія гады польскія аўтары ды аўтаркі паспяхова канкуруюць з замежнымі пісьменнікамі. Нядзіўна, што сёлета на першым месцы сярод чытачоў - Рэмігіюш Мроз.
Гэта польскі пісьменнік, аўтар гістарычных раманаў, дэтэктываў, навуковай фантастыкі. Паводле тыднёвіка Wprost, ён быў самым высокааплатным пісьменнікам у Польшчы ў 2019 годзе. Што цікава, на дадзены момант найменш чытаюць у Польшчы людзі сярэдняга ўзросту, кажа спецыяліст. Яны больш працуюць, чытаюць кароткія тэксты ў інтэрнэце, якія замяняюць кантакт з кнігай. Таму адмыслоўцы звяртаюцца цяпер да моладзі, каб давалі прыклад чытання ўласным бацькам. Чытанне можа даць шмат карысці, кажа адмысловец.
- Варта памятаць, што чытанне дае шмат карысці. Чытанне фарміруе ўяўленне, выклікае, пашырае кругагляд. Чытанне — гэта таксама спосаб зносін з іншымі. Дзякуючы гэтаму мы лепш пазнаем сваіх бацькоў і равеснікаў. Мы ведаем пра іх больш, бо размаўляем з імі пра тое, што разам чытаем. Ёсць шмат прычын для чытання і яго карысці.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч