Беларуская Служба

80 гадоў таму ротмістр Вітольд Пілецкі ўцёк з «Аўшвіц»

26.04.2023 15:30
Дзякуючы справаздачам добраахвотніка з «Аўшвіц» свет упершыню даведаўся пра Халакост.
Аўдыё
  • 80 гадоў таму ротмістр Вітольд Пілецкі ўцёк з «Аўшвіц»
80
80 гадоў таму ротмістр Вітольд Пілецкі ўцёк з «Аўшвіц»pilecki.polskieradio.pl/

80 гадоў таму, у ноч з 26 на 27 красавіка 1943 года ротмістр Вітольд Пілецкі, разам з двума іншымі сувязнямі, уцёк з нямецкага канцэнтрацыйнага лагера «Аўшвіц-Біркенаў» у Асвенцыме. Ротмістр Пілецкі з’яўляецца аўтарам першых у свеце паведамленняў пра Халакост, то бок гэтак званых «Дакладаў Пілецкага», якія апісвалі нямецкія злачынствы.

У 1940 годзе ротмістр Вітольд Пілецкі добраахвотна стаў вязнем канцлагера «Аўшвіц». Пра абставіны яго затрымання, расказвае Яцэк Яскевіч(Jacek Jaśkiewicz) з Таварыства гістарычнай ініцыятывы:

- Шмат членаў польскага падполля ў выніку арыштаў, даносаў, дзейнасці нямецкай разведкі былі затрыманыя і апынуліся ў канцлагеры «Аўшвіц». Іхныя калегі вырашылі разабрацца з сітуацыяй – праверыць ці іх можна вызваліць і як ім дапамагчы. Ротмістр Пілецкі не па загадзе, але добраахвотна справакаваў свой арышт і дазволіў, каб немцы вывезлі яго ў «Аўшвіц».

Знаходжанне Пілецкага ў канцлагеры мела фундаментальнае значэнне для вывучэння нямецкіх злачынстваў у канцэнтрацыйных лагерах, лічыць упаўнаважаны дырэктара па праграмных пытаннях Інстытута Пілецкага Матэвуш Вэрнэр (Mateusz Werner). Ён нагадаў, што Пілецкі не толькі рыхтаваў першыя рапарты для Польскай Падпольнай Дзяржавы, але таксама арганізаваў рух супраціву і падтрымкі вязняў:

- Гэта з мэтай даць вязням інструменты для абароны ад усёй сістэмы рэпрэсій, якой яны падвяргаліся. З пункту гледжання адміністрацыі канцлагераў, у тым ліку «Аўшвіц», вязень не павінен жыць больш за тры месяцы. Ідэя зводзілася да таго, каб прадоўжыць гэты час, каб вязень не быў бездапаможным у такіх экстрэмальных умовах; каб дапамагчы яму стварыць мінімум, неабходны для выжыцця.

Вітольд Пілецкі правёў у лагеры амаль тры гады. У гэтым часе пашыраў вайсковую канспірацыю ў лагеру. Яна складалася з гатовых змагацца афіцэраў і падафіцэраў Войска Польскага, нагадаў Яцэк Яскевіч:

- Яны былі ў даволі добрай псіхічнай і фізічнай кандыцыі – гатовыя пачаць паўстанне і пераняць кантроль над лагерам. Іх камандаваннем была Армія Краёва. Пілецкі адпраўляў рапарты і пытанні, на якія адказу не дачакаўся, таму ён вырашыў завяршыць місію. Пасля амаль трох гадоў у лагеры, яму пачала пагражаць небяспека выкрыцця немцамі.

Пасля ўцёкаў з « Аўшвіц» Вітольд Пілецкі напісаў вельмі важны даклад, у якім прадставіў розныя аспекты лагернай рэчаіснасці, расказвае Матэвуш Вэрнэр:

- Гэта быў кароткі, вельмі змястоўны тэкст, поўны прозвішча і розных дэталяў, які павінен быў праілюстраваць сапраўдныя адносіны ў лагеры. Гэты дакумент павінен быў даць магчымасць прыняць рашэнне аб пачатку паўстання ў лагеры. Гэта была адна з мэтаў. Ідэя заключалася ў тым, каб арганізаваць унутраны супраціў і вызваліць лагер, або вызваліць яго звонку.

Матэвуш Вэрнэр падкрэслівае, што Пілецкі ў сваёй справаздачы таксама апісаў жорсткасць нямецкіх катаў:

- Практычна на кожнай старонцы дакладу знаходзяцца канкрэтныя прыклады нямецкіх злачынстваў: масавыя забойствы габрэяў, забойствы савецкіх ваеннапалонных, медычныя эксперыменты, эксперыменты на дзецях… Практычна ўся злачынная дзейнасць адміністрацыі лагера і яго заснавальнікаў была задакументаваная ў гэтым дакладзе.

Справаздачы Вітольда Пілецкага былі перададзены ўладам Польскай Падпольнай Дзяржавы, польскаму ўраду ў Лондане і прадстаўнікам антыгітлераўскай кааліцыі.

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны росмістр Пілецкі быў абвінавачаны камуністычным судом у здрадзе дзяржаве і прысуджаны да смяротнага пакарання. Ён быў расстраляны 25 траўня 1948 года ў варшаўскай турме на вуліцы Ракавецкай. Пра выкананне прысуду камуністычныя ўлады сям'і не паведамілі. Дачка ротмістра Зоф’я Пілецкая-Аптуловіч(Zofia Pilecka-Optułowicz)гадамі безвынікова шукала магілу бацькі:

- Да пэўнага моманту, я вельмі інтэнсіўна шукала месца пахавання бацькі. Зараз я не шкадую, што бацька не мае магілы, паколькі зараз яго магіла – гэта ўся польская зямля.

З нагоды 80-х угодкаў уцёкаў Вітольда Пілецкага з «Аўшвіц» Польскае радыё падрыхтавала адмысловы сайт пад назвай «Шлях Пілецкага» (pilecki.polskieradio.pl). Старонка звязана з падрыхтоўкай адукацыйнай сцежкай, кажа аўтар сайта Бартламей Макоўскі(Bartłomiej Makowski):

- На шляху з Асвенцыма ў Новы Вісьніч, які ў 1943 годзе пераадолеў Вітольд Пілецкі, на адукацыйных дошках, будуць размешчаны QR-коды, якія пасля сканавання смартфонам дазваляюць праслухаць фрагменты дакладу Пілецкага, якія тычыцца дадзенага месца. Гэта дазволіць слухачам лепш зразумець гісторыю ротмістра.

Сайт pilecki.polskieradio.pl ілюстраваны гістарычнымі фотаздымкамі і запісамі з архіваў Польскага радыё і Радыё Свабодная Еўропа. Там можна паслухаць успаміны сям’іі Пілецкага, яго дзяцей, людзей, якія яго ведалі, а таксама гісторыкаў, якія расказваюць пра паасобныя этапы жыцця Вітольда Пілецкага. Старонка будзе дапоўнена серыяй падкастаў, прысвечаных ротмістру.

IAR/аз