Беларуская Служба

З Беларусі ў Канаду

01.05.2023 11:22
Беларуска грамадска-культурны штомесячнік «Czasopis», які выходзіць у Беластоку, распавядае пра маладую беларускую сям'ю, якая вырашыла пераехаць у Канаду.
  ,
Канадскі горад Вернан, дзе затрымалася сям'я з БрэстаBy Richvernon - Own work, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=16310308

Андрэй, па адукацыі інжынер, працаваў на прадпрыемстве ў Брэсце. У пачатку сакавіка гг. разам з жонкай і трыма дзецьмі ён пераехаў з Беларусі ў Канаду. Кажа, што пытанне пераезду стала асабліва вострым з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў 2022 г. «У першую чаргу мы кіраваліся будучыняй дзяцей і ўласнай бяспекай».

Дакументы Андрэй з жонкай пачалі рыхтаваць у ліпені 2022 г., а напрыканцы студзеня 2023 г. запаветныя візы былі ў руках. Адразу купілі білеты на 8 сакавіка ў Ванкувер з вылетам з Варшавы. Увесь пералёт з перасадкамі быў вельмі цяжкі і заняў 27 гадзін, расказаў Андрэй.

Сямʼя з Беларусі зараз жыве ў Вернане ў Брытанскай Калумбіі

Гэта невялікі горад у гарах з насельніцтвам 40 тысяч чалавек. Андрэй з жонкай спынілі на ім выбар таму, што ў Вернане працуе выдатная праграма для міграцыі, у якой прысутнічае яго спецыяльнасць. Мужчына працаваў у Брэсце інжынерам па цеплафікацыі і газавым абсталяванні.

Андрэй з сямʼёй жывуць у канадцаў, якія прапанавалі пажыць у іх бясплатна 2 месяцы, пакуль беларусы не аформяць усе дакументы, уладкуюцца на працу і знойдуць жыллё.
Што тычыцца працаўладкавання, то са слоў Андрэя, працы хапае нават у невялікім горадзе, але многа залежыць ад узроўню валодання англійскай мовай. Зарабіць можна ад 15 да 40 долараў за гадзіну.

Мужчына расказаў, што адукацыя ў Канадзе бясплатная, але садзік каштуе мінімум 1 тыс. долараў. За тое гародніна і садавіна даволі танныя. Машыны таксама каштуюць танней чым у Беларусі, напр. Dogde Journey 2012 года вытворчасці будзе каштаваць 7 тыс. долараў – у Беларусі $13 тыс.

Андрэй упэўнены, што плюсы Канады пакуль перакрываюць мінусы і плануе там з сямʼёй застацца.