Беларуская Служба

Даследаванне: Кожны дзясяты іншаземец у Польшчы – гэта беларус

28.04.2023 16:06
За год колькасць беларусаў у Польшчы павялічылася на 103 тысячы чалавек. 
Аўдыё
  • Даследаванне: Кожны дзясяты іншаземец у Польшчы – гэта беларус
.
..

Да такой высновы прыйшлі аналітыкі платформы разумнага шопінгу «Пікодзі».

Пасля выбараў 2020 году з Беларусі вымушана пачалі з’яжджаць людзі, якім пагражаў пераслед за ўдзел у пратэстах. Гэтая хваля міграцыі яшчэ больш узмацнілася пасля пачатку вайны ва Украіне. У дыскусіях падымаюцца каардынальна розныя лічбы: ад дзясяткаў тысяч да мільёна (і больш) з’ехаўшых.

Розныя аналітычныя цэнтра прадпрымаюць спробы палічыць, колькі беларусаў усё ж з’ехала. Незалежныя даследаванні паказваюць, што ў Польшчу цяпер жыве каля 250-300 тысяч.

Сваё даследаванне апублікавалі аналітыкі платформы разумнага шопінгу «Пікодзі». Паводле іх, зараз колькасць беларусаў у Польшчы можна ацаніць прыкладна ў 249 тысяч, у параўнанні з мінулым годам іх колькасць павялічылася на 103 тысячы. Агульная колькасць мужчын ацэньваецца ў 144 тысячы, а беларусак – у 105 тысяч. Больш за ўсё беларусаў пражывае ў Мазавецкім ваяводстве – 26,4 тысячы чалавек.

Даследаванне не брала пад увагу беларусаў, якія знаходзяцца ў Польшчы на падставе візы і міжнароднай абароны.

Першай крыніцай інфармацыі стала Упраўленне па справах іншаземцаў, расказвае аналітык Мікалай Кашчэеў:

-Спачатку нагадаю, што Упраўленне па справах іншаземцаў – гэта дзяржаўны орган, які займаецца выдачай іншаземцам дазволаў на пражыванне. Паводле найноўшых дадзеных упраўлення, у Польшчы на дадзены момант пражывае 75 тысяч грамадзян беларусаў з дзейснымі дазволамі. Дазволы на часовае і сталае прыбыванне складаюць прыкладна аднолькавую лічбу. Важна адзначыць, што дазвол на сталае пражыванне ў Польшчы выдаецца па каранях. Найбольш папулярным з’яўляецца Мазавецкай ваяводства (траціна ўсіх дазволаў), потым ідзе Падляшскае, на трэцім – Паморскае ваяводства.

У Падляскім ваяводстве са сталіцай у Беластоку гэтая лічба складае 10,4 тысячы дазволаў, а ў Паморскім ваяводстве са сталіцай у Гданьску – 6,2 тысячы.

Упраўленне па справах іншаземцаў не ўлічвае беларусаў, якія атрымалі польскае грамадзянства. Каб іх таксама ўлічыць у агульную суму беларусаў у Польшчы «Пікодзі» звярнулася да рэестру асабістых нумароў (PESEL), расказвае Мікалай Кашчэеў:

-Трыгерам для нашага даследавання былі словы Аляксандра Лукашэнкі, што пасля 2020 года з Беларусі з’ехала няшмат людзей. Прагучалі лічбы 2-4 тысячы. Гэта настолькі адкрытая хлусня, што мы вырашылі правесці фактчэк. І тут з дапамогай нам прыйшоў рэестр PESEL, электронная сістэма ўліку насельніцтва, у якую ўносяцца як грамадзяне, так і іншаземцы. Гэта важна, паколькі частка беларусаў паспела атрымаць польскае грамадзянства. Цікавым для нас быў пералік імёнаў у рэестры і колькасці запісаў для кожнага імя. На падставе гэтых дадзеных мы паспрабавалі разлічыць колькасць беларусаў у Польшчы, паколькі беларускія імёны, запісаныя лацінкай, немагчыма паблытаць. Нашая метадалогія не пазбаўленая недахопаў. Ёсць шэраг імёнаў, якія запісваюцца таксама як польскія імёны, напрыклад, Адам, Артур, Галіна, Ганна. Такія імёны мы не ўлічвалі.

Беларусы, якія пасля атрымання грамадзянства, памянялі напісанне імёнаў на польскі манер, таксама немагчымая для ўліку.

Паводле абранай метадалогіі, аналітыкі палічылі колькасць жанчын і мужчын.

-Менавіта з жаночымі імёнамі было больш складана, бо супадзенняў было больш, а Ганна – гэта найбольш папулярнае імя з мільёнам носьбітаў у Польшчы. Таму мы найперш палічылі колькасць мужчын, а потым жанчын, сыходзячы з прапорцый: 42% і 52%. Паводле Упраўлення па справах іншаземцаў, менавіта мужчыны часцей пераязджаюць у Польшчу. У выніку атрымалася колькасць 249 тысяч беларусаў у Польшчы, – расказвае Мікалай Кашчэеў.

У мінулым годзе «Пікодзі» рабіў падобны аналіз. За год колькасць беларусаў у Польшчы павялічылася на 103 тысячы чалавек. Мікалай Кашчэеў кажа, што 100 тысяч за год – гэта велізарная лічба. Тут таксама нельга забываць, што гэта дадзеныя толькі па адной краіне – Польшчы.

ав

слухайце аўдыё