Першы пазоў аб кампенсацыі за push-back – адцісканне мігрантаў з Польшчы ў Беларусь – разглядае суд у Беластоку. Трое афганцаў патрабуюць ад Польшчы спагнаць агулам 240 тысяч злотых ($60 тыс.) за незаконнае прымушэнне вяртацца на бок Беларусі пасля таго, як яны прайшлі мяжу і былі ўжо на тэрыторыі Польшчы.
– Такіх пазоваў можа быць шмат – прагназуе ў інтэрв'ю Wprost Малгажата Язьвіньска, адвакат Асацыяцыі Legal Intervention, якая прадстаўляе інтарэсы замежнікаў.
У сакавіку мінулага года раённы суд у Гайнаўцы ўпершыню пасля пачатку міграцыйнага крызісу на польска-беларускай мяжы пацвердзіў, што дзеянні супрацоўнікаў Памежнай службы, якія затрымалі і вывезлі ў лес трое мужчын з Афганістана, былі «незаконныя, неабгрунтаваныя і некарэктныя».
Адцісканне адбылося ў жніўні 2021 года на падставе пастановы Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі. Толькі ў кастрычніку 2021 года прэзідэнт Анджэй Дуда падпісаў закон, які пры пэўных умовах дазваляе вяртаць мігрантаў і адмаўляць ім у прашэннях аб прытулку.
Цяпер Гамідула, Ахмад і Накібула, якія выйгралі суд у Гайнаўцы, падалі яшчэ адзін пазоў супраць польскай дзяржавы – аб кампенсацыі за незаконную высылку за мяжу з Беларуссю.
Push-back трох афганцаў
У 2021 годзе памежнікі ноччу адвезлі нелегалаў у строгі запаведнік Белавежскай пушчы і там пакінулі – нягледзячы на тое, што яны прасілі абароны ў Польшчы. У пушчы тэмпература апусцілася ніжэй за 10 градусаў, ішоў дождж, і ім прыйшлося ўцякаць ад дзікіх жывёл.
«Іх пакінулі ў месцы, якое пагражала жыццю і здароўю людзей», – кажа Малгажата Язвіньска, якая прадстаўляе афганцаў.
яс