Беларуская Служба

Гарэлка становіцца ў Польшчы менш папулярнай, усё часцей палякі выбіраюць слабейшы алкаголь

23.05.2023 15:31
Пры гэтым даволі часта назіраецца небяспечны стыль спажывання алкаголю – у празмернай колькасці. 
Аўдыё
Здымак мае ілюстрацыйны характарjarmoluk/pixabay.com/CC0 Public Domain

Палякі лічаць, што іх нацыянальны напой – гэта гарэлка. І сапраўды, моцны алкаголь папулярны ў Польшчы, але густ жыхароў Польшчы паступова мяняецца, усё часцей яны выбіраюць піва. Дарэчы, гэтыя два віды алкаголю рэдка прысутнічаюць на адной вечарыне. Як правіла піва п’юць дома, пасля працы, а гарэлку – у коле сяброў, і менавіта ёй часцей напіваюцца да непрытомнасці.

Сярэднестатыстычны спажывец пры ўжыванні гарэлкі спажывае за адзін раз амаль у два разы больш чыстага спірту, чым пры ўжыванні піва, і амаль у тры разы больш, чым пры ўжыванні віна. Нядаўна Цэнтр даследавання грамадскай думкі (CBOS) правёў апытанне сярод палякаў, якое паказала, што піва – самы папулярны алкагольны напой у Польшчы. Трое з чатырох дарослых палякаў (73%) прызнаюцца, што п'юць піва прынамсі раз у месяц. Амаль кожны другі (48%) апытаны некалькі разоў у месяц пʼе гарэлку, амаль столькі ж (46%) – віно. Мужчыны часцей спажываюць алкаголь, чым жанчыны. Часцей за ўсё гарэлку выбіраюць для святкавання розных урачыстасцяў, віно часцей за ўсё зʼяўляецца на стале падчас сямейных абедаў і вячэраў (49,4%), а піва аднолькава часта пʼюць як з сябрамі, так і ў адзіноце (па 39%).

У сярэднім паляк выпівае 11 малых чарак гарэлкі падчас аднаго застолля, што адпавядае спажыванню прыкладна 11 стандартных алкагольных адзінак*. Такім чынам, ён спажывае амаль удвая больш чыстага алкаголю, чым пры звычайным ужыванні піва (у сярэднім 6 адзінак алкаголю) і амаль у тры разы больш, чым пры звычайным ужыванні віна (у сярэднім 4 адзінкі алкаголю). Вынікі даследавання паказваюць, што мяжу паміж ужываннем алкаголю і п’янствам найчасцей перасякаюць людзі, якія п’юць гарэлку. За півам можна правесці ўвесь вечар, не апʼянеўшы. Гарэлка ўяўляе большую рызыку перасячэння мяжы ўмеранага спажывання.

Алкаголь заўсёды нясе рызыку як адмоўнага ўплыў на здароўе, так і паступовага працэсу залежнасці. Асабліва небяспечна спалучаць алкаголь з паленнем цыгарэтаў. Праўда, падыход да тытуню мяняецца. Ён усё менш папулярны, у кампаніі можна свабодна адмовіцца ад цыгарэтаў, але цяжэй адмовіцца ад выпіўкі, – адзначае прафесар Марта Маньчук (Marta Mańczuk) з Нацыянальнага цэнтра анкалогіі.

- Поўная адмова ад алкаголю атаясамліваецца з тым, што хтосьці залежны ад алкаголю. І таму ён зусім не п’е. Мы, лекары, стараемся змяніць гэтае стаўленне да алкаголю, увесці моду на цвярозасць, каб людзі думалі, што не піць алкаголь – гэта добра, гэта не з’яўляецца нейкай праблемай. І што зусім не абавязкова пры кожнай нагодзе, падчас сустрэчаў з сябрамі, піць алкаголь. І каб людзі адмаўляліся ад піцця алкаголю, па розных прычынах.

У польскім грамадстве існуе небяспечны стыль ужывання спіртных напояў: жыхары Польшчы п’юць цяпер радзей, чым калісьці, у Польскай Народнай Рэспубліцы, але часцей моцна напіваюцца. Яны п’юць у выхадныя, на імянінах, днях народзінаў ці вяселлях, але калі ўжо п’юць, то амаль да смерці. Тым часам, вельмі важна спажываць менш алкаголю, які аказвае вельмі адмоўны ўплыў на здароўе, асабліва ў вялікай колькасці і часта. На шчасце, рынак мяняецца, і таксама мяняецца падыход людзей, асабліва маладых, да алкаголю. Сёння можна піць піва, але пры гэтым не спажываць алкаголю. Гаворка ідзе пра безалкагольнага піва, якое мае падобны смак і адначасова менш каларыйнае і не шкодзіць здароўю, – кажа доктар.

- На рынку ёсць вялікі выбар лёгкага алкаголю, а нават безалкагольных напояў, асабліва піва. Варта зацікавіцца менавіта гэтым півам, калі мы прывыклі піць алкаголь падчас сустрэч з сябрамі, са знаёмымі або на нейкай імпрэзе. Зразумела, ідзе лета, добрае надвор’е, людзі сустракаюцца, каб добра правесці час, і для ахалоджання ў гарачыню. Тады лепш выбраць безалкагольнае піва. У яго вельмі падобны смак, але пры гэтым такое піва менш каларыйнае, і пры яго спажыванні арганізм не атрымлівае тых атрутных рэчываў, якія ўтрымлівае звычайнае піва.

Пра шкоду ад алкаголю ведаюць усе. Аднак часцей за ўсё ён атаясамліваецца з залежнасцю, радзей нам на думку прыходзіць цыроз печані або запаленне падстраўнікавай залозы, якая моцна пакутуе ад спажывання алкаголю. Але радзей гаворыцца аб тым, што рэгулярнае спажыванне спіртных напояў, асабліва ў вялікай колькасці, значна павялічвае таксама рызыку развіцця анкалогіі.

 

*Паводле СААЗ, стандартная алкагольная адзінка (SJA) змяшчае 10 г чыстага спірту і адпавядае 30 мл гарэлкі крэпасцю 40%, 250 мл піва крэпасцю 5% і 100 мл віна крэпасцю 12%.

Czwórka Polskie Radio/нг