Беларуская Служба

Горад будучыні: ён павінен служыць перш за ўсё жыхарам, а не групам інтарэсаў

06.06.2023 15:46
«Я мару аб тым, каб гарады пачалі праектаваць, а не забудоўваць іх дзіка, хаатычна».
Аўдыё
 .
Варшава сёння.фота: Pixabay.com

Як будзе выглядаць жыццё чалавека ў будучыні – праз 20, 30, 50 гадоў? У адным можна быць упэўненым – бліжэйшыя гады і дзесяцігоддзі прынясуць вялікія змены ў стылі жыцця і працы чалавека, асабліва ў развітых краінах. Адпаведна, будуць мяняцца і нашыя гарады. Пытанне гарадоў будучыні абмяркоўвалі надоечы ў Варшаве.  

Людзей заўсёды цікавіла іх будучыня, навукоўцы, аналітыкі, пісьменнікі-футуролагі ды астролагі стараюцца прадбачыць, у якім кірунку пойдзе развіццё. Здараецца, што розныя прагнозы радыкальна адрозніваюцца адзін ад аднаго. Напрыклад, існуе прагноз, паводле якога ўжо ў сярэдзіне гэтага стагоддзя праца стане каштоўным таварам, працаваць будзе толькі каля 20% усіх жыхароў планеты, а іншых заменяць робаты. Паводле іншага сцэнара, наадварот, людзі будуць працаваць усё больш. Цяжка сказаць, які акажацца бліжэй да праўды.

А як будуць развівацца гарады будучага? Раней людзі пераязджалі ў горад перш за ўсё дзеля таго, каб быць бліжэй да рынку працы і розных цікавых магчымасцяў правядзення часу, якія прапануе горад. Аднак пандэмія паказала, што зусім не абавязкова жыць у горадзе, каб працаваць у наймальніка, які зарэгістраваны ў гэтым горадзе. Агулам паняцце «горад» паступова мяняецца, мы пачынаем інакш глядзець на яго, чым яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў таму, – адзначае дырэктар Нацыянальнага музею ў Кракаве Анджэй Шчэрскі, які ўдзельнічаў у дэбатах на тэму гарадоў будучыні падчас Кангрэсу «Польшча Вялікі Праект».

- Горад падлягае пэўнаму называнню нанава. Мы сёння ўяўляем сабе горад як нешта на многа больш разнароднае ці нават вытанчанае, чым яшчэ некалькі гадоў таму, і асабліва ў 90-ыя гады. Тады назіралася бурнае развіццё гарадоў, нават амаль непадкантрольнае. А сёння мы імкнемся, каб горад служыў перш за ўсё чалавеку.

Хутчэй за ўсё, ніхто не будзе аспрэчваць тэзіс, што горад павінен служыць перш за ўсё чалавеку, а гэта значыць, сваім жыхарам. Аднак, што гэта значыць? У людзей, якія жывуць у дадзеным месце, могуць быць зусім розныя патрэбнасці. Скажам, адны паслугі неабходныя сям’і з дзецьмі, у якой бацькі працуюць, іншыя – адзінокаму маладому чалавеку, а яшчэ іншыя – пажылой пары. І таму найлепш, калі гарадскую прастору праектуюць каманды спецыялістаў з розных галін, – кажа прафесар Уршуля Форчэк-Братанец з Кракаўскай палітэхнікі.

- Я мару аб тым, каб гарады пачалі праектаваць. Каб іх не забудоўвалі хаатычна, дзікім спосабам, а каб іх праектавалі, беручы пад увагу ўсю прастору. І каб такі праект стваралі спецыялісты з розных галінаў з захаваннем урбаністычных стандартаў. Сапраўднае планаванне гарадоў, не толькі ў нас у краіне, але таксама ва ўсім свеце, саступіла планаванню ў праграме exel.

Якія выклікі стаяць перад гарадамі будучыні? Падобныя, як перад усім чалавецтвам – перш за ўсё кліматычныя змены і развіццё новых тэхналогій, якія паступова пачнуць замяняць працу чалавека. Ацяпленне клімату ў большай ступені негатыўна ўплывае на жыхароў гарадоў, чым вёсак. Калі не ўдасца зменшыць маштаб ацяплення, жыццё ў горадзе можа стаць цяжкім, асабліва ў летні перыяд, і людзі пачнуць актыўна з’язджаць у вёску. Але можа здарыцца, што наймальнікі будуць у большай ступені, чым цяпер, патрабаваць прысутнасці сваіх працаўнікоў на месцы, і тады гэтая тэндэнцыя спыніцца.

Ва ўсе часы магутныя групы інтарэсаў, якія мелі ў сваіх руках капітал, уплывалі на напрамкі развіцця гарадоў. Цяпер, на думку экспертаў, ёсць магчымасць гэтаму супрацьставіцца і праектаваць гарады перш за ўсё для жыхароў, – адзначае прафесар Баляслаў Стэльмах.

- Праекты мясцовых планаў ствараюць уладальнікі зямельных участкаў, якія намерваюцца іх забудаваць. Горад як такі ў гэтым не прымае ўдзелу. Такім чынам, у нас дэ факта, на жаль, працэсам кіруюць кампаніі, якія будуюць дамы. Дзяржава практычна адмовілася ад удзелу ў будаванні гарадской структуры. Звярніце, калі ласка, увагу, што дэвэлаперы не збудавалі б сёння такога камфортнага для жыцця раёну Варшавы, як Жалібож (Żoliborz). Там 20% прасторы прызначана пад грамадскую інфраструктуру – вуліцы, тратуары, скверы. Цяпер гэта было б немагчыма.

З выказванняў экспертаў–тэарэтыкаў вынікае, што польскім сучасным гарадам далёка яшчэ да гораду–мары. Аднак трэба адзначыць, што паралельна з «дзікім» неўтаймаваным развіццём, аб якім казалі ўдзельнікі кангрэсу «Польшча Вялікі Праект» назіраецца пашырэнне пазітыўнай свядомасці кірунку, у якім павінна ісці ўрбаністычная думка. І паступова жорсткі капіталізм пачынае саступаць больш прыязнаму стаўленню да забудоўвання гарадской прасторы. На жаль, гэты працэс займае многія гады, а тыя негатыўныя змены, якія ўжо адбыліся ў гарадах, цяжка перанакіраваць у больш пазітыўны бок.

IAR/нг