21 чэрвеня ў Кракаве пачнуцца Трэція Еўрапейскія гульні. Правы на трансляцыю спаборніцтваў выкупілі ўжо тэлеканалы з 50 краін свету – паведамляе Niezalezna.pl.
За тэлетрансляцыю з Еўрапейскіх гульняў адказвае Еўрапейскі вяшчальны саюз (EBU). Пагадненне аб гэтым з Асацыяцыяй Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК) было заключана мінулым летам. «Гэта важная падзея для Еўрапейскіх гульняў, якая выведзе мерапрыемства на новы ўзровень. Супраца з EBU на працягу наступных двух гульняў дасць аматарам спорту магчымасць сачыць за зоркамі еўрапейскага спорту, многія з якіх будуць змагацца за месца на Алімпійскіх гульнях», – заявіў старшыня Асацыяцыі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Спірас Капралас (Spyros Capralos).
Цікавасць да правоў на трансляцыю Еўрапейскіх гульняў у розных краінах высокая і выходзіць за межы Еўропы. На дадзены момант права на трансляцыю гульняў у Кракаве набылі тэлеканалы, якія працуюць у 50 краінах свету. Мерапрыемства ўбачаць не толькі еўрапейскія краіны, але і Паўднёвая Амерыка. У Польшчы правы на трансляцыю Еўрапейскіх гульняў набыла тэлекампанія TVP. Спіс станцый можа быць пашыраны, бо перамовы з зацікаўленымі вяшчальнікамі яшчэ працягваюцца.
Трэція Еўрапейскія гульні пройдуць з 21 чэрвеня па 2 ліпеня 2023 года. Спаборніцтвы запланаваныя ў 29 дысцыплінах, многія спартсмены будуць змагацца за кваліфікацыю на Алімпійскія гульні ў Парыжы ў 2024 годзе.
У гарадах паўднёвай Польшчы будуць змагацца больш за 7000 спартоўцаў. Галоўным цэнтрам гульняў стане Кракаў, але спаборніцтвы таксама пройдуць у Хожаве, Мысьленіцах, Новым Таргу, Асвенцыме, Жэшаве, Тарнаве, Уроцлаве, Закапанэ ды іншых гарадах.
нг