Беларуская Служба

Даніэль Штыбер – паляк, які загінуў за Украіну

08.06.2023 11:38
Ад расійскага наступу, варварства і зла абараняюць Украіну найперш самі ўкраінцы, але ў шэрагах вайскоўцаў таксама і прадстаўнікі іншых нацый: беларусы, чачэнцы, палякі і нават расіяне.
Аўдыё
  • Даніэль Штыбер- паляк, які загінуў за Украіну
 .
Даніель Штибер. Герой Польщі та Українифото: Яна Стемпнєвич

Мы распавядзем пра польскага абаронцу, які ахвяраваў сваім жыццём за свабоду Украіны – гэта Даніэль Штыбэр. Ён загінуў 25 лістапада 2022 года на 36 годзе жыцця. А чаму мы яго згадваем сёння? – Таму што надоечы прайшла ўкраінска-польская вечарына ў памяць Даніэля.

«Даніэль – паляк, які насамрэч, аддаў жыццё за нас усіх. Сёння Даніэль стаў сімвалам усіх, хто паехаў абараняць не толькі Украіну, але ўсю Еўропу», – адзначыла арганізатарка вечарыны Вікторыя Батрын з фонду Uniters.

- Мы хацелі паказаць, як моцна мы ўдзячныя тым, хто цяпер абараняе Украіну, хто пайшоў ваяваць, або дапамагае Украіне іншым чынам. Ён па нацыянальнасці паляк, які, як падкрэслівае яго бацька, з цікавасцю вывучаў гісторыю, ён разумеў усе паслядоўнасці і казаў, што не можа проста бяздзейна сядзець. Таму сабраў свае рэчы і паехаў ва Украіну. Спачатку ён дапамагаў як валанцёр, а потым уступіў у шэрагі УСУ. Ён закрыў свайго таварыша сабою.

Бацька Даніэля Штыбэра Міраслаў назваў стан, які доўжыцца ад 25 лістапада мінулага году, нерэальным жыццём.

- Нерэальнае жыццё, гэта такое жыццё, калі чалавеку здаецца, што тое, што адбылося – несапраўднае – і ён хоча ў гэта верыць, аднак калі ён расплюшчвае вочы, разумее, што тое, што адбылося, – гэта праўда. Даніэля няма. Даніэль быў вельмі разумным хлопцам, чуллівым, ураўнаважаным і спакойным. Ён быў важнай адзінкай у нашай сям'і, быў яе апорай. І мы страцілі гэтае апірышча. Мой і маёй жонкі свет разбурыўся. Даніэль меў свае погляды і ўмеў іх патлумачыць. Ён мог размежаваць дабро і зло, быў чалавекам, якога паважалі ў колах варшаўскіх паўстанцаў, ён належаў да ўправы фонду Арміі Краёвай.

На бронекамізэльцы Даніэля падчас яго службы ва Украіне быў вышыты знак Варшаўскага паўстання – Якар, чаму - тлумачыць бацька Даніэля.

- Так. Гэтым ён вылучаўся. Шмат хто пра гэта пытаў, чаму ў яго на бронекамізэльцы быў сімвал Варшаўскага паўстання 1944 г. і маладых людзей, якія тады паўсталі ў барацьбе. Даніэль быў членам фонду, які дапамагаў удзельнікамі Варшаўскага паўстання. Паўстанцы лічаць, што мой сын нёс у свет сімвал барацьбы за свабоду. Ён змагаўся за нашу і вашу свабоду. Жоўта-блакітная стужка Украіны цяпер сцякае кроўю, але бʼецца. Трэба разумець, што гэты бой ідзе за свабоду, за дэмакратычныя каштоўнасці, за Еўропу, за вольны свет. Даніэль мне казаў, што ён не можа глядзець на тое, што людзі гэтага не ўсведамляюць. Ён калі яшчэ быў валанцёрам і вывозіў дзяцей з лініі фронту, выслаў мне фатаграфіі знішчаных будынкаў са слядамі пасля бомб. Даніэль пачынаў з гуманіатрнай дапамогі, а потым вырашыў выкарыстаць свой вопыт на фронце. Мой сын быў інструктарам баявой стральбы, ён займаўся таксама спартыўным дайвінгам, умеў скакаць з парашутам, быў аператарам дронаў, быў медычным ратавальнікам, ён праводзіў навучанне для салдатаў ужо ва Украіне. Але Даніэль прыняў свядомае рашэнне далучыцца да міжнароднага легіёну УСУ з калегамі з Канады, ЗША, з Аўстраліі. І так гэта сталася, што ён пачаў рабіць яшчэ больш.

Украінская мастачка Марына Палякова намалявала партрэт Даніэля і ўручыла яго бацьку Даніэля.

- Я хацела выказаць удзячнасць за тое, што ён выхаваў такога сына, які хацеў аддаць сваё жыццё на абарону нашай краіны.

На вечарыне памяці Даніэля Штыбэра гучалі словы «Героі не паміраюць – яны жывуць вечна». Але, як кажа Міраслаў Штыбэр, гэтыя словы пакуль цяжка асэнсаваць.

- Я думаю, што гэта мне дапаможа, але сёння гэта толькі словы. І пакуль я не пераадолеў боль, не прыняў праўду, добра гэта чуць, аднак, пакуль гэта толькі ўцёкі ў містыцызм. Я маю глыбокую надзею, што калісьці змагу спакойна гаварыць пра сына, але пакуль мне вельмі цяжка. Мой добры знаёмы – варшаўскі паўстанец, сказаў мне: «Абраннікі багоў ідуць наўпрост на неба, а Даніэль і ёсць абраннік». Я на гэта адказаў, што я не ведаю, ці хачу, каб мой сын быў тым абраннікам. Я ведаю, што хацеў бы, каб ён быў тут са мной. Да канца кантракту Даніэлю заставалася 12 дзён. Ён меўся прыехаць на Раство. І раптам мы атрымалі гэтую жудасную навіну. Адно, што я не магу сабе выбачаць – перад смерцю ён мне выслаў верш Герберта, вельмі сумны быў гэты верш, у якім гаварылася пра сумневы, што пасля яго смерці ніхто не падзякуе, а будуць з яго смяяцца. Я з трывогаю напісаў: «Сыну, табе апошняму сумнявацца, вы – воіны дабра, акрамя вас нікога больш няма. Вы павінны спыніць гэтую армію цемры і вы гэта зробіце». А ён мне адказаў падабайкай і напісаў «Тата, нарэшце!» І я гэта не магу сабе дараваць. Гэта быццам я даў яму дазвол. А я ж мог напісаць «Сыну, будзь асцярожны, не рызыкуй».

Сюжэт пра паляка Даніэля Штыбэра, які загінуў на вайне за Украіну, падрыхтавала Яна Стэмпневіч з Украінскай службы Польскага радыё.

яс