Беларуская Служба

Беларуская акторка пра падзеі 2020: «Я перажыла тады тое, чаго ні ў жыцці, ні ў творчасці не сустракала…»

10.06.2023 06:11
З беларускай акторкай пра 2020 год у Мінску, пра польскі тэатр, наагул мастацтва і вяртанне дадому.
Аўдыё
  • Беларуская акторка пра падзеі 2020: «Я перажыла тады тое, чаго ні ў жыцці, ні ў творчасці не сустракала…»
         , 15  2020 .
Пікет салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі ў Старым горадзе Варшавы, 15 ліпеня 2020 г.А. Вялічка/radyjo.net

Час сапраўднай салідарнасці

Вераніка – акторка. У Беларусі працавала ў тэатры, здымалася ў кіно. На падзеі 2020 году адрэагавала імгненна. Як сама згадвае, у памяці адразу паўсталі вобразы падзей 30-х гадоў мінулага стагоддзя, пра што шмат чытала і ведала.

-Што магла – падпісвала, дзе магла – казала, вельмі актыўна збірала подпісы ў сваім мікрараёне…

Паводле Веранікі, тады з калегамі яны сабралі больш 1300 подпісаў на сваім участку, якія сведчылі аб тым, што людзі аддалі свой голас за Ціханоўскую. З вынікамі падліку галасоў выбарчай камісіі гэтыя лічбы разыходзіліся амаль у пяць разоў. Выбаршчыкі вельмі востра адрэагавалі на фальсікацыю.

-Людзі самі шукалі дзе падпісацца, абрывалі тэлефон, каб паставіць свой подпіс. Ніхто не баяўся пакінуць свае дадзеныя. І тады я зразумела, што нельга гэты момант прапусціць, сядзець і нічога не рабіць.

Подпісы накіравалі ва ўсе магчымыя праваахоўныя органы, але, як пазней стане зразумела, безвынікова. Тым не менш, барацьба не спынялася: Вераніка бярэ ўдзел у маршах, дваравых канцэртах, іншых акцыях. Згадвае, што ў той перыяд толькі ў іх мікрараёне правялі больш 60-ці мерапрыемстваў.

Назаўсёды ў памяці застаюцца тыя эмоцыі, якія перажывала ў той час. Асабліва моцна ўражвала пачуццё еднасці з іншымі людзьмі. Тая атмасфера салідарнасці, якая панавала ў яе горадзе.

-Наколькі шмат можна зрабіць, якая гэта моцная сіла, калі людзі аб’ядноўваюцца.Там у чат пішаш: патрэбна гэта альбо іншае. Адразу адказ: у мяне ёсць, прынясу. І вось з нуля, калі ў цябе няма нічога, што патрэбна, каб правесці канцэрт, раптам з’яўляецца ўсё і адразу.

Акторка заўважае, што раней ні ў жыцці, ні ў творчасці ніколі не перажывала такога стану ў якім знаходзілася ў тыя незабыўныя дні.

Маўчанне мужчын

Нягледзячы на тое, што Вераніку двойчы затрымлівалі, яна была на сутках, прайшла праз прыніжэнні і здзекі, сціпла імкнецца казаць, што ў параўнанні з іншымі ёй яшчэ пашанцавала.
Хаця прызнаецца, што таксама было страшна, калі заклалі рукі за спіну, сціснулі нейкай лентай і кінулі ў бусік. І невядома чаго было чакаць ад АМАПаўца са звярыным выглядам, які проста мог зламаць табе руку альбо нешта іншае.

-У бусіку на падлозе ляжаў чалавек, прычым, даволі вялікага памеру – ён ляжаў тварам да падлогі і займаў увесь праход. Ён стагнаў, задыхаўся і прасіў дазволу падняцца. А там ужо няма месца, а амапавец мяне запіхвае і кажа ідзі туды. Я адказала, што не пайду па чалавеку і ўвогуле з вамі нікуды не паеду пакуль вы яго не падымеце. На што ён ударыў мяне, ударыў яшчэ адну дзяўчыну, якая за нешта там зачапілася…

Вераніка згадвае, што спрабавала яшчэ нешта казаць, але яе сілай запіхнулі…, потым не было чым дыхаць… А потым сталі грузіць у аўтазак. І самым страшным для яе тады падалося маўчанне мужчын.

-Чалавек 30 мужчын сядзяць на падлозе, апусціўшы галовы, і не выдаюць ніводнага гуку. Вось гэта было вельмі страшным для мяне.

Далей усё па стандартнай схеме: адседзела некалькі сутак, асудзілі і выпусцілі. А ў двары сустрэлі, падтрымалі і далей працягваліся рознага кшталту акцыі. Але з тэатру ўжо звольнілі ад супрацы на тэлебачанні адмовіліся, выселілі з арэнднага жылля...

-Насамрэч, нават перажываць тое, што тады здарылася не было нават калі. Усе назапашаныя перажыванні, я змагла пераасэнсаваць толькі тут у Польшчы, калі больш менш усё ўлеглася.

Паўстала пытанне – як жыць далей? Напісала культурніцкі праект і атрымала стыпендыю ад аднаго з польскіх фондаў і такім чынам пераехала ў Польшчу. Калі тэрмін праграмы скончыўся трэба было вяртацца назад. Аднак сябры папярэдзілі, што яна знаходзіцца ў базах сілавікоў і вяртанне хутчэй за ўсё прывядзе да арышту.

Вераніка згадвае, што гэта быў вельмі складаны для яе час і рашэнне аб тым, каб застацца далося няпроста – цягнула дадому. Тым не менш, рашэнне прыняла і дзякуючы таму, што падчас працы над праектам удзельнічала ў шмат іншых мерапрыемствах, ёй удалося знайсці працу ў сваёй прафесіі.

-Мы паставілі свой спектакль, перарабілі яго для польскага гледача і зараз ён ідзе ў польскім тэатры. І ў нас такая міжнародная каманда актораў – беларусы, украінцы, палякі.

Беларускай культуры б такую падтрымку

Першае, што ўразіла беларускую акторку, акунуўшыся ў культурніцкі свет Польшчы – падтрымка дзяржавы. Акрамя таго, паводле суразмоўніцы, што дзяржава дае немалыя сродкі, яна яшчэ і не ўмешваецца ў працу творчых людзей.

Паводле Веранікі, польскія культурныя дзеячы часам наракаюць, што матэрыяльных сродкаў магло б быць больш. Але гэта ніяк нельга параўнаць з тым, што існуе ў Беларусі, дзе, з яе слоў, ходзіш, абіваеш парогі, а табе нічога не даюць і яшчэ перашкаджаюць, бо, маўляў, тое не так, гэта не адпавядае…

-А тут, акрамя таго, што магчымасці большыя, але яшчэ ўсё мае працяг. Тут ты робіш і не ўсё, як кветку топчуць, а даюць гэтаму вырасці. І ты разумееш, што гэта мае жыццё і тое, што ты ўкладаеш, яно можа развівацца. У гэтым я бачу вялікую розніцу.

Размаўляючы пра сучасную культуру ў Польшчы Вераніка, дзелячыся сваімі назіраннямі заўважае, што тут у культурным сэнсе мае права быць усё. Але асабліва яе ўразіў тэатральны фестываль «Мальта».

-Проста гэта нейкае свята. Колькасць мерапрыемстваў уражвае, калі ўвесь горад проста гудзіць. Можаш пабачыць любога кшталту спектаклі, хочаш – наведай гукавую выставу, хочаш – лекцыі, а хочаш – дыскусіі, хочаш – спектакль на дзядзінцу… У Мінску нават у лепшыя часы такога ніколі не было…

І тут жа акторка параўноўвае сваю працу ў тэатры, дзе, паводле яе, мастацтва мёртвае, застылае, не ідзе ў кантакт з жыццём.

А тут у Польшчы ёй вельмі спадабаліся спектаклі на злобу дня, на нейкую падзею, калі людзі могуць выказаць сваё стаўленне і нават праз месяц пра гэта забыцца.

-Але гэта такая імгненная рэакцыя на тое, што адбываецца. У гэтым ёсць жыццё, людзі гэтага патрабуюць, яны хочуць пра гэта казаць і бачыць адлюстраванне.

Яшчэ, што вельмі здзівіла акторку ў польскім тэатры – спектаклі для немаўлят – ад нуля да трох. Здавалася, што можна паказваць немаўляці, але, паводле Веранікі, яна плакала пасля ўбачанага. У Беларусі, паводле яе, нічога падобнага не існуе.

-Яны заснаваны на тым, што пераносяць увагу дзіцяці з аднаго на другое, падтрымліваюць цікавасць да свету, паказваюць, як працуе форма, цела, прадмет, колер, якім можа быць гук. Гэта можа быць вельмі мінімальны сюжэт, але там ужо выхоўваецца ў дзіцяці густ.

Мы прывязём у Беларусь новае дыханне

Жыццё і звычкі людзей у Польшчы, з назіранняў маёй суразмоўніцы, адрозніваюцца ад беларускіх. Ёй дагэтуль цяжка зразумець, што ў выходны дзень чалавек можа не адказаць нават на смс. Доўга прызвычайвалася да таго, што ў нядзелю нічога не працуе. Але з часам і для яе гэта стала нормай.

Праўда, вось ідэя вярнуцца дамоў не пакідае. І калі напачатку глядзела на гэта даволі аптымістычна, то апошнім часам усё больш песімістычных думак. Хаця, раней ці пазней наступіць такая магчымасць.

Вераніка настроена абавязкова вярнуцца. Прычым, ужо зараз працуе над тым, каб прывесці ў сваю краіну новы досвед, новыя веды.

-І калі мы ўсе вернемся, то гэта стане новым дыханнем для Беларусі, бо мы ўсе прынясём у Беларусь і гэта можа даць вялікі штуршок і ў эканоміцы, і ў культуры, і наагул у жыцці нашай краіны. Проста хочацца, каб гэта адбылося як мага хутчэй.

слухайце аўдыё