Праблема падробленых тавараў, а таксама інтэлектуальнай уласнасці, вельмі сурʼёзная ў ЕЗ. Прыкладна траціна еўрапейцаў лічыць прымальным купляць падробку, калі цана арыгінальнага прадукту надта высокая. Гэты адсотак узрастае да 50% у выпадку маладых людзей – паведамляе Ведамства інтэлектуальнай уласнасці Еўрапейскага Звязу (EUIPO), аб чым чытаем у выданні Rzeczpospolita.
Грамадская свядомасць аб падробленай прадукцыі расце. 80% апытаных згодныя з тым, што такія тавары падтрымліваюць злачынныя арганізацыі і знішчаюць бізнес ды працоўныя месцы. Дзве трэція лічаць, што падробкі ўяўляюць пагрозу здароўю і бяспецы людзей ды навакольнага асяроддзя. Тым не менш, звыш 10% еўрапейцаў прызнаюцца, што набываюць падробленыя тавары, гэтая зʼява асабліва распаўсюджаная сярод маладых. Кожны трэці маладзён ва ўзросце 15–24 гадоў не плаціць за інтэлектуальную ўласнасць, асабліва гэта датычыць прагляду спартыўных спаборніцтваў з выкарыстаннем нелегальных праграм для трансляцыі.
У траўні Еўрапейская камісія вызначыла больш за дзясятак краін, якія выконваюць законы аб аўтарскім праве дрэнна ці ўвогуле не выконваюць. Польшча не ўваходзіць у гэты рэйтынг, які абнаўляецца кожныя два гады. Гэтая зʼява найбольш распаўсюджаная ў Кітаі, Індыі, Расіі, Нігерыі і Украіне.
Злачынная практыка – гэта не толькі копіі фірменных тавараў або нелегальнае спампоўванне фільмаў. Праблема шырэйшая і тычыцца патэнтаў, вынаходніцтва, інавацый і віртуальнай рэальнасці. Эксперты падкрэсліваюць, што падробка і крадзеж інтэлектуальнай уласнасці зʼяўляюцца сурʼёзным выклікам у многіх галінах прамысловасці і могуць істотна знізіць прыбыткі кампаній і прытармазіць развіццё эканомікі.
Кошт падробленых тавараў, якія знаходзяцца ў звароце па ўсім свеце, у 2022 годзе склаў каля 3 трыльёнаў долараў – паведаміла Арганізацыя эканамічнай супрацы і развіцця. Гэта ў тры разы больш у параўнанні з 2013 годам.
нг