Дзеці займаюцца на базе польскай навучальнай праграмы, аднак «Я дома» не мае афіцыйнага статусу школы, таму вучні на канец навучальнага году здаюць кваліфікацыйныя экзамены ў польскай сістэме адукацыі, каб атрымаць пасведчанне аб сканчэнні класа. У будучыні фонд, які займаецца вядзеннем школы, плануе атрымаць статус школы ў рамках польскай сістэмы адукацыі.
Гэта полілінгвальная школа, якая ставіць мэту, каб дзеці засвоілі мінімум тры мовы (беларускую, польскую і англійскую) на свабодным узроўні, расказвае сузаснавальнік школы «Я дома» Зміцер:
-Мы пераклалі польскую навучальную праграму на беларускую мову, прадметы выкладаюцца на беларускай мове. Даем польскую тэрміналогію, некаторыя прадметы выкладаюць па-польску, цяпер гэта маляванне. Дзеці на канцы здаюць экзамен на польскай мове, таму важна, каб яны ведалі тэрміналогію. 1-3 класы здаюць агульны экзамен і экзамен па англійскай мове. Мы адвучыліся першы год і здалі гэтыя экзамены, я лічу, вельмі добра. Таму схема, якую мы распрацавалі працуе.
Адукацыя ў садку, у пачатковых ды старэйшых класах адбываецца па метаду Мантэсоры:
-Гэта індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці з улікам яго магчымасцяў і талентаў. Сэнс у тым, што для кожнага вучня выбіраецца метад навучання так, каб ён зразумеў прадмет. Напрыклад, каб дзіця не проста вывучыла табліцу множання і не разумела для чаго яна, але каб яно асэнсавана вывучала матэматыку. У гэтай сістэме навучэнцы спрабуюць палюбіць навучанне. То бок навучанне як стыль жыцця, – расказвае Зміцер.
У базавай школе ў бягучым навучальным годзе займаліся 15 вучняў. Яны былі падзеленыя на два класы: 4 і 5 класы займаліся разам, 6,7,8 – таксама разам. У садок ходзіць 10 дзяцей, 1-3 класы (займаюцца разам) – 8 дзяцей, расказвае Зміцер.
-Дасягненні дзяцей добрыя, адзнакі добрыя. Адзнакі нават лепшыя, чым я чакаў. У нашых вучняў вельмі шмат шасцёрак, а гэта максімальная адзнака ў польскай сістэме. Улічваючы, што некаторыя вучацца першы год, польскую мову не ведалі, а некаторыя прыйшлі нават не з пачатку году. Адна з нашых мэтаў – захаваць у нашых вучняў упэўненасць у сабе і дапамагчы стаць ім упэўненымі ў сабе дарослымі, каб дзейнічаць і рэалізоўваць сябе ў жыцці на пераможных пазіцыях.
У наступным годзе ў другой палове дня мы б хацелі зрабіць навучанне па кірунках, напрыклад, мастацтва, праграмаванне, тэхнічны, гуманітарны напрамкі. У наступным навучальным годзе ў планах адкрыццё ліцейных класаў. Для педагогаў плануецца адкрыццё курсу па навучанні ў сістэме Мантэсоры.
У чэрвені дзеці праходзяць курс па фінансавай граматнасці і прафарыентацыі, што дазваляе ім быць лепш падрыхтаванымі да жыцця ў грамадстве і выбары далейшага напрамку адукацыі, мяркуе Зміцер:
-Мы наведваем бізнесоўцаў, якія прыехалі з Беларусі і адкрылі нейкую сваю справу, каб вучні маглі ў практыцы паглядзець, як выглядае праца. Мы гэта праводзім сумесна з Беларускай супольнасцю бізнесоўцаў, якія адгукаюцца і дазваляюць нам пазнаёміцца з іх дзейнасцю. Навучэнцам гэта дапаможа больш асэнсавана выбіраць сабе прафесію. Плюс фінансавая граматнасць, падчас якой яны гуляюць у фінансавыя гульні, засвойваюць, што такое фінансы, што такое бюджэт, для чаго ён і гэтак далей. Рэчы, якія важныя ў дарослым жыцці.
Навучанне ў школе платнае. Дзеці з класаў базавай школы вучацца ў цэнтры Варшавы, садок і пачатковыя класы – у мікрараёне Вавэр.
Летам запланаваныя тэматычныя летнікі для ўсіх жадаючых дзяцей і падлетак – падрабязнасці на старонцы школы.
слухайце аўдыё
ав