Беларуская Служба

Лёс штучнага інтэлекту ў Еўропе вісіць на валаску. Папраўка да Закона аб AI адкрые дзверы для масавага сачэння

13.06.2023 15:30
Эксперты папярэджваюць, што ў выпадку прыняцця Папраўкі да Закона аб штучным інтэлекце гэта стане сур'ёзным умяшальніцтвам у грамадзянскія правы.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Pixabay.com

Лёс штучнага інтэлекту ў Еўропе вісіць на валаску. Хоць у траўні дэпутаты Еўрапарламента дамовіліся аб забароне выкарыстання яго для адсочвання грамадзян у рэжыме рэальнага часу, напярэдадні заўтрашняга галасавання члены Еўрапейскай народнай партыі ўнеслі папраўкі, якія падарвалі кампраміс.

У сераду Еўрапарламент будзе галасаваць па рэгламенце аб штучным інтэлекце. Так званы AI Act – гэта прапанова Еўракамісіі. Яна мусіць гарантаваць, што выкарыстанне гэтай тэхналогіі зʼяўляецца бяспечным, празрыстым, этычным, бесстароннім і кантраляваным чалавекам. У залежнасці ад ствараемай рызыкі прыкладанні штучнага інтэлекту падзяляюцца ў дакуменце на чатыры катэгорыі: непрымальныя (будуць забароненыя), з высокай рызыкай (прымальныя пры строгім кантролі), з абмежаванай рызыкай (будуць распаўсюджвацца толькі абавязацельствы па інфармацыі) і мінімальная рызыка (не будуць рэгулявацца).

Еўрапарламент працуе над гэтай пастановай ужо некалькі месяцаў. У траўні акт быў прыняты сумеснымі камітэтамі: унутранага рынку і грамадзянскіх свабодаў. Найважнейшым змяненнем, якое прынялі еўрадэпутаты на гэтым этапе, стала ўвядзенне поўнай забароны на выкарыстанне біяметрычнай ідэнтыфікацыі ў грамадскіх месцах у рэжыме рэальнага часу. Гэта магутная тэхналогія – яна выкарыстоўвае вялізныя базы дадзеных з канфідэнцыйнай інфармацыяй аб грамадзянах і пастаянна аналізуе паводзіны, эмоцыі і знешні выгляд. Як напісалі самі чыноўнікі Еўракамісіі: «Гэта можа паўплываць на прыватнае жыццё значнай часткі грамадства, выклікаць адчуванне пастаяннага сачэння і ўскосна перашкаджаць ажыццяўленню свабоды сходаў і іншых фундаментальных правоў».

Камітэты дазволілі выкарыстоўваць штучны інтэлект толькі для папярэдняга аналізу запісаў – са згоды суда і толькі тады, калі гэта неабходна для судовага пераследу ўжо здзейсненых цяжкіх злачынстваў транспамежнага характару (такіх як тэрарызм, гандаль людзьмі, наркотыкі або незаконны абарот зброі). Пасля працы ў камітэтах здавалася, што вакол рэгламенту ёсць кансенсус і ў такім выглядзе ён будзе прыняты на пленарным пасяджэнні Еўрапарламенту. Тым часам еўрадэпутаты ад Еўрапейскай народнай партыі (ЕНП) у апошні момант унеслі папраўкі, якія прадугледжваюць, што спрэчную тэхналогію ўсё ж такі дазволяць выкарыстоўваць. Рашэнне наконт яго прымянення будзе за судом або дзяржаўнымі органамі.

«На практыцы гэта можа дазволіць уладам выкарыстоўваць біяметрычнае распазнаванне не толькі пад падставай рызыкі тэрарыстычнага нападу, але і для пошуку падазраваных у шматлікіх іншых злачынствах, – кажа Філіп Канопчынскі з фонду Panoptykon. – Можна ўявіць сабе сітуацыю, калі падчас антыўрадавага пратэсту ці шэсця службы інфармуюць уладу аб магчымасці такога мерапрыемства. Паліцыя або спецслужбы змогуць выкарыстоўваць біяметрычныя сістэмы распазнання ўсіх, хто апынецца ў месцы, якое падлягае назіранню». Канопчынскі дадае, што тэхналогіі такога тыпу дазваляюць вызначыць, напрыклад, хто ўдзельнічаў у мерапрыемстве, дзе адкуль, што рабіў падчас мерапрыемства, з кім сустракаўся.

«Асабліва ў цяперашняй міжнароднай сітуацыі лёгка ўявіць, што было б шмат магчымасцяў скарыстацца такім правам. Калі такое ці падобнае палажэнне будзе ўключана ў змест Закона аб AI, гэта дасць магчымасць глыбока ўмяшацца ў нашы грамадзянскія правы», – сцвярджае Канапчынскі. Каб даць членам ведаць, на што здольная біяметрычная ідэнтыфікацыя, італьянская грамадская арганізацыя Hermes запусціла сайт Dontspyonus.eu. На яго старонках вы можаце знайсці профілі ўсіх членаў ЕНП, падрыхтаваныя з дапамогай сродкаў дыстанцыйнай ідэнтыфікацыі. Машына па афіцыйных фота вызначыла настрой дэпутатаў, іх верагодны ўзрост і прывязала іх да акаўнтаў у Twitter. І гэта толькі малая частка тых магчымасцяў, якімі валодае гэтая тэхналогія.

Папраўкі, якія дазваляюць выкарыстоўваць біяметрычную ідэнтыфікацыю ў рэальным часе, былі ўнесены нідэрландскім дэпутатам Еўрапарламента Ерунам Ленаерсам. Як пераконвае прадстаўнік Еўрапарламента, які займаецца гэтай справай, гэта вынік ціску з боку Францыі. Краіна хоча выкарыстоўваць сістэмы масавага назірання падчас Алімпіяды-2024.

Галасаванне ў Еўрапейскім парламенце пракладзе шлях да вызначэння канчатковай формы рэгламенту. Яно будзе ўзгадняцца ў рамках працэдуры трыялогу, гэта значыць дыскусій паміж Еўрапарламентам, Еўракамісіяй і Саветам Еўрасаюза.

Матэрыял цалкам чытайце ў выданні Dziennik Gazeta Prawna.

вх