Выданне Rzeczpospolita друкуе гутарку з дэпутаткай апазіцыйнай Грамадзянскай платформы Монікай Веліхоўскай (Monika Wielichowska) пра аборты. У сераду ў Польшчы прайшлі пратэсты пасля смерці пацыенткі шпіталя ў Новым таргу - 33-гадовай Дароты. У яе на 20-м тыдні цяжарнасці адышлі каляплодныя воды, але лекары вырашылі пачакаць гібелі плоду. Жанчына памерла ад сепсісу.
Старшыня кіроўнай партыі Яраслаў Качыньскі адзначыў пасля гэтага, што ў пастанове Канстытуцыйнага суда няма «ні слова» аб забароне абортаў у выпадку пагрозы жыццю і здароўю, а ўся акцыя — «прапагандысцкая лаянка».
Веліхоўска кажа, што ўсё пачалося са слоў Качыньскага, які яшчэ ў 2016 годзе заявіў, што жанчыны павінны нараджаць і выношваць цяжарнасць, нават паталагічную. Толькі пахаваць дзіця, пахрысціць, даць імя. Такім чынам ён адкрыў шлях для дзеяння ультракансерватыўным актывістам, - адзначыла дэпутатка. І дадала, што жанчыны сёння баяцца нараджаць дзяцей, баяцца зацяжарыць, іх правы былі парушаныя, іх пазбавілі выбару.
- Мы вернем бясплатныя прэнатальныя аналізы, загарантуем лёгкі доступ да кантрацэпцыі, адновім сексуальнае выхаванне, але перш за ўсё мы ўкаранім новы сацыяльны кантракт - бясплатны, бяспечны і перш за ўсё легальны аборт да 12 тыдня цяжарнасці. Жанчыны ў Польшчы павінны адчуваць сябе ў бяспецы, - заявіла дэпутатка пра планы сваёй партыі пасля выбараў.
«Улада партыі «Права і справядлівасць» прывяла да таго, што цяжарнасць у Польшчы вядзе палітык ПіС, пракурор і святар, а не доктар і жанчына. Лекары баяцца прымаць часта складаныя рашэнні", - сказала Веліхоўска.
нг