Беларуская Служба

Палякі дэманструюць сваю прывязанасць да традыцыйных каштоўнасцяў

21.06.2023 08:34
У краіне адбыліся мерапрыемствы, падчас якіх згадвалася важнасць сям'і і бацькоўства.
Аўдыё
  • Сацыяльна-грамадская рубрыка.
      .
Марш для сям'і і жыцця ў Гданьску.фота: PAP/Andrzej Jackowski

На працягу апошніх некалькіх дзясяткаў гадоў у Польшчы назіраецца несупынны працэс падзення нараджальнасці. Каэфіцыент нараджальнасці складае толькі каля 1,3. Дзеля таго, каб народ не выміраў, патрэбны каэфіцыент нараджальнасці на ўзроўні 2,1. Гэта значыць, што на 100 жанчын у краіне прыпадае толькі каля 130 дзяцей, гэта значна менш, чым неабходна, каб захаваць колькасць насельніцтва, не кажучы ўжо пра яго рост.

Адмоўныя дэмаграфічныя працэсы пагоршыла пандэмія, паколькі ў 2020, 2021 гадах многія маладыя жанчыны вырашылі адкласці рашэнне пра цяжарнасць, баючыся наступстваў хваробы для сябе і дзіцяці. Не палепшыла сітуацыі і вайна ва Украіне, якая агулам павысіла няўпэўненасць у заўтрашнім дні, што, зразумела, таксама не спрыяе нараджэнню і гадаванню малога чалавека.

Польскія ўлады разумеюць, што сітуацыя драматычная, яны стараюцца змяніць яе праз праграмы дапамогі сем’ям з дзецьмі, але яны не надта ўплываюць на рашэнні маладых палякаў. Трэндам стала мець адно дзіця або агулам бяздзетнае жыццё. Тым не менш, ёсць выключэнні – сем’і, якія сваім прыкладам паказваюць, што вялікая сям’я прыносіць не толькі клопаты і шмат працы, але таксама можа даваць вялізнае задавальненне.

У мінулыя выходныя пад Варшавай прайшоў З’езд вялікіх сем’яў – традыцыйнае мерапрыемства, на якое прыехалі каля 200 сем’яў з трыма і больш дзецьмі з розных куткоў Польшчы. 200 сем’яў – гэта больш за 1500 чалавек. З’езд прайшоў пад лозунгам «Сям'я стварае добрую атмасферу». Па словах дырэктара Аб’яднання шматдзетных сем’яў «Тры Плюс» Караля Грабца (Karol Grabiec), гэта ўнікальная магчымасць сустрэцца з сем’ямі з усёй Польшчы.

- (Сустрэча) служыць таму, каб святкаваць жыццё ў сям’і, каб святкаваць з тае нагоды, што ў нас шмат дзяцей. На маю думку, многія ўдзельнікі з прыемнасцю даведваюцца, як жывуць іншыя шматдзетныя сем’і ў Польшчы. Вялікая сям’я – гэта спецыяльная адзінка, найлепшыя генералы, найлепшыя менеджары, якім прыходзіцца спраўляцца з арганізацыяй жыцця пяці-шасці дзяцей. Гэта лагістыка, але таксама кіраваннем фінансамі і планаванне кар’еры гэтых дзяцей.

У рамках сустрэчы былі зладжаныя мерапрыемствы для дарослых і дзяцей, між іншым, панэльная дыскусія пад назвай «Сям’я – гэта магчымасць добрага клімату – гутарка пра экалогію з удзелам экспертаў». Паводле словаў Караля Грабца, шматдзетная сям’я – гэта найлепшая сістэма арганізацыі грамадства, таксама ў сэнсе экалогіі.

- Для сем’яў мы падрыхтавалі звыш 80 майстар-класаў, для дзяцей, для моладзі, таксама ёсць прапанова для бацькоў з малымі дзецьмі. З’езд праходзіць пад дэвізам «Сям’я стварае добры клімат». Гэта наша спроба зірнуць на глабальныя праблемы праз прызму сям’і. Гэта значыць, якое месца шматдзетнай сям’і ў кантэксце клопату пра навакольнае асяроддзе. Аказваецца, што вялікая сям’я – гэта найлепшая сістэма, як эканамічная, так і экалагічная.

Адна з дэбатаў была прысвечаная эканамічным пытанням. У шматдзетнай сям’і як правіла часцей узнікаюць праблемы з забеспячэннем усіх патрэбаў, чым у сям’і з адным дзіцём, таму дзяржава стараецца ўводзіць як найбольш льготаў для такіх бацькоў, але, на думку Караля Грабца, можна зрабіць больш. Гаворка ідзе пра так званыя сямейныя пенсіі, ваўчары на дзяцей, падатковыя льготы ці жыллёвыя пытанні.

- Гэта пытанне падатковай справядлівасці, мы яе прапануем у выглядзе падатковага каэфіцыенту. Ёсць таксама, канешне, пытанне жыллёвага будаўніцтва, мы закранаем праблему ўжо шмат гадоў, прапануючы канкрэтныя рашэнні. Мы таксама вывучаем магчымасць нейкіх рашэнняў якія б бралі пад увагу той факт, што ў бацькоў ёсць шмат дзяцей, якія будуць утрымліваць падатковую сістэму.

З’езд шматдзетных сем’яў – не адзінае мерапрыемства, прысвечанае дэмаграфічнай сітуацыі польскай дзяржавы – актуальнай і будучай. «Дзеці – будучыня Польшчы». Пад такім лозунгам у Варшаве прайшоў Нацыянальны марш жыцця і сям’і. Праўда, надвор’е крыху сапсавала падзею, паколькі ішоў дождж, але, тым не меней, на шэсце прыйшлі цэлыя сем’і. Гаворыць Марцін Пэрлоўскі (Marcin Perłowski) з управы Цэнтру жыцця і сям’і.

- Шмат цікавых заняткаў для дзяцей, таксама сюрпрызы. Зразумела, акрамя таго, што наша шэсце з’яўляецца свайго роду святкаваннем, паказаннем радасці ад сям’і, мы не можам не закрануць таксама праблем, якія датычаць абароны жыцця і абароны сям’і. У нас назіраюцца дэмаграфічныя праблемы. Мы звяртаемся да людзей, якія не хочуць заводзіць дзяцей, звяртаемся таксама да ўладаў, каб яны змянілі дэмаграфічную палітыку. Калі нічога не зменіцца, польскі народ будзе выміраць.

Падобныя шэсці прайшлі таксама ў Кракаве, Уроцлаве, Познані, Гданьску ды іншых гарадах.

IAR/нг